Зяленскі патлумачыў логіку ўдараў па Wildberries: там былі камплектуючя для дронаў
Украіна ўдарыла па буйных лагістычных цэнтрах Wildberries у Расіі не проста так, і, напэўна, будзе працягваць гэта рабіць далей. Яе партнёры абяцаюць ёй вялікую падтрымку, у той час, як у самой РФ плануюць новы набор «зэкаў» на вайну. Ідуць 1607-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 249 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 19 ліпеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 33 штурмы расіян у раёнах Дарожнага, Грышына, Удачнага, Маладзецкага, Ніканораўкі і ў бок Біліцкага, Сяргееўкі, Новападгароднага, Мірнага, Кучарава Яру.
На Славянскім кірунку расійцы штурмавалі 28 разоў у раёнах Закітнага, Крывой Лукі, Мінькоўкі, Рэзнікоўкі і ў бок Рай-Аляксандраўкі.
На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 25 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Іллінаўкі, Русінага Яру, Шахава і ў бок Кучарава Яру, Доўгай Балкі.
На Ліманскім кірунку армія РФ 14 разоў атакавала ў раёне Навасёлаўкі і ў бок Лімана, Дробышава і Азёрнага.
На Краматорскім кірунку расійцы здзейснілі 12 атак у бок Малінаўкі, Юркоўкі.
На Паўночна-Слабажанскім і Курскім кірунках адбылося 11 баявых сутыкненняў.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расіяне 10 разоў атакавалі ў бок Ізбіцкага, Хатняга і ў раёне Старыцы і Прыліпак.
* * *
Байцы палка «Скеля» правялі зачыстку ў Канстанцінаўцы і паднялі ўкраінскі сцяг, гаворыцца ў паведамленні ў тэлеграм-канале «Скелі». «Байцы палка "Скеля" правялі зачыстку ў Канстанцінаўцы і паднялі ўкраінскі сцяг. Горад пад кантролем УСУ», — гаворыцца ў паведамленні ў ТГ-канале «Скелі».
* * *
У ноч на 19 ліпеня расійскія войскі ў чарговы раз атакавалі Кіеў балістычнымі ракетамі. Менш чым за гадзіну сталіцу Украіны атакавалі больш за 40 ракет. Адзін чалавек загінуў, яшчэ 13 чалавек пацярпелі.
У выніку масіраванай варожай атакі ў Бучанскім раёне Кіеўскай вобласці пацярпелі два чалавекі.
У ноч на нядзелю расіяне атакавалі Запарожжа, у выніку пажар ахапіў будынак ВНУ.
Расіяне нанеслі ракетныя ўдары па жылым сектары і грамадзянскай інфраструктуры Адэскай вобласці. Пад удар трапіў парк забаў пад Адэсай. Загінуў падлетак, яшчэ 7 чалавек пацярпелі.
У суботу вечарам расійскі дрон трапіў у шматпавярховы дом у Херсоне, у выніку атакі пацярпелі 5 чалавек, двое дзяцей знаходзяцца ў цяжкім стане.
Нафтабаза ў Міхайлаўску Стаўрапольскага края РФ падверглася атацы ў трэці раз за апошнія некалькі тыдняў.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі патлумачыў логіку ўкраінскіх удараў па лагістычных цэнтрах і складах Wildberries у Расіі. Па яго словах, паразілі аб’екты выкарыстоўваліся расіянамі для паставак падсанкцыйных камплектуючых для вытворчасці дронаў і навігацыйнага абсталявання.
* * *
* * *
Урад Расіі рыхтуе чарговае пашырэнне спісу злачынцаў, якіх можна адпраўляць на вайну супраць Украіны. У Дзярждуму ўнеслі пакет законапраектаў, якія дазваляюць падпісваць кантракты з Мінабароны тым, хто ўчыніў цяжкія спецыфічныя злачынствы, піша The Moscow Times.
Папярэдні кантынгент зняволеных быў у значнай ступені вычарпаны яшчэ пад Бахмутам, адзначае выданне.
Спіс артыкулаў, якія прапануюць выключыць з абмежаванняў, значна пашырыўся. Цяпер кантракт змогуць падпісаць кантрабандысты наяўных грошай і стратэгічна важных тавараў; удзельнікі ўзброеных банд; асобы, якія ўмешваліся ў працу крытычных аб’ектаў (хакеры). На вайну клічуць тых, хто арганізоўваў незаконную міграцыю і страціў дакументы з дзяржаўнай таямніцай.
Асаблівы акцэнт робіцца на кантрабандзе наркотыкаў. Гэта значыць, што наркагандляры стануць часткай расійскіх акупацыйных войскаў. Прычым, артыкул «за наркотыкі» у РФ пры жаданні могуць «прышыць» любому. Дзякуючы «падставе» паліцыі ці следчага любы чалавек можа ператварыцца ў наркагандляра, пасля чаго з’яўляецца выбар: ісці на фронт ці сядзець.
* * *
Расія ўвосень плануе мабілізаваць больш за 500 тысяч чалавек для працягу вайны супраць Украіны, паведаміў кіраўнік Цэнтра супрацьдзеяння дэзінфармацыі (ЦПД) пры СНБА Андрэй Каваленка.
«Расія рыхтуе мабілізацыю ад 500 тыс. чалавек на восень. Некаторых плануюць кідаць у бой у першыя два тыдні для затыкання дзірак на Усходзе, іншых будуць рыхтаваць ад месяца для патэнцыйнага адкрыцця новага кірунку фронту», — напісаў ён у Тэлеграм.
Па словах Каваленкі, украінцаў чакае «вельмі насычаная восень і зіма».
«Трэба будзе вытрымаць вельмі няпростыя пяхотныя баі, у якіх сутыкнуцца людзі, дроны, КАБы і іншыя інструменты забойства», — адзначыў кіраўнік ЦПД.
Раней у расійскіх Тэлеграм-каналах распаўсюдзіліся заявы аб магчымай новай хвалі мабілізацыі, якую Крэмль можа пачаць восенню пасля выбараў у Дзярждуму. Гаворка ішла пра мабілізацыю 1,2 млн чалавек ужо ў кастрычніку.
* * *
Паўночнаатлантычны альянс бярэ на сябе маштабныя абавязацельствы па падтрымцы Кіева на фоне спынення амерыканскага фінансавання. НАТА плануе вылучыць Украіне 140 мільярдаў еўра на працягу 2026 і 2027 гадоў. Але ці рэальна Украіна атрымае ўсю гэтую суму, задаецца пытаннем Neue Zürcher Zeitung.
На саміце НАТА ў Анкары 32 дзяржавы Альянсу афіцыйна зафіксавалі лічбу дапамогі. У 2026 годзе Украіна павінна атрымаць 70 мільярдаў еўра, якія пойдуць на ваенную тэхніку, навучанне салдат і стратэгічную падтрымку. Наступны, 2027 год, не стане выключэннем. Краіны паабяцалі захаваць фінансаванне на эквівалентным узроўні.
Геаграфія дапамогі неаднародная. Па даных Кільскага інстытута сусветнай эканомікі, лідарамі дапамогі застаюцца Германія і Вялікабрытанія, Нарвегія закладзе ўражлівыя 7,6 млрд еўра (80% сумы — на зброю), Швецыя на пачатку года дадала яшчэ 1 мільярд еўра, Данія і Нідэрланды застаюцца надзейнымі партнёрамі.
Францыя, Італія і Іспанія значна адстаюць ад лідараў. Іх уклады не адпавядаюць статусу магутных эканомік, што выклікае напружанне ўнутры НАТА.
Эксперты заклікаюць да асцярожнасці: гучныя заявы не заўсёды становяцца рэальнымі. Па даных таго ж Кільскага інстытута, за чатыры з паловай гады вайны еўрапейскія інстытуцыі і краіны абяцалі 400 мільярдаў еўра. Аднак у Кіеў паступіла толькі 180 мільярдаў, што менш за палову заяўленага.