Зяленскі: у асяроддзі Пуціна расце падтрымка ідэі міру з Украінай

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінскія «дальнабойныя санкцыі» і бензінавы крызіс павялічылі падтрымку ідэі міру з Украінай ў асяроддзі Пуціна. У той жа час расіяне, палохаючыся мабілізацыі, набываюць жытло ў іншых краінах. А ў ЗША амаль дамовіліся з Трампам пра «знішчальныя» санкцыі супраць РФ. Ідуць 1599-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

741620243_2262337644172318_3213841612549635652_n.jfif

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 261 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 11 ліпеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 38 штурмаў расіян у раёнах Тарэцкага, Навамікалаеўкі, Грышына, Васільеўкі, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Сафіеўкі і іншых.

На Славянскім кірунку расійцы штурмавалі 29 разоў у бок Крывой Лукі, Рай-Аляксандраўкі, Мікалаеўкі і ў раёнах Рэзнікоўкі і Закітнага.

На Ліманскім кірунку армія РФ 23 разы спрабавала уклініцца ў абарону УСУ, атакуючы ў раёнах Дробышава, Рэдкадубу і ў бок Чырвонага Ставу, Ліману, Азёрнага, Дзіброва.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 20 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Іллінаўкі, Іванаполля, Сцяпанаўкі, Русінага Яру.

На Гуляйпольскім кірунку расіяне здзейснілі 18 атак у бок Аленаканстанцінаўкі, Стараукраінкаі, Гуляйпіольскага, Святапятроўкі, Косаўцава, Уздвіжаўкі і іншых.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы правялі 12 атак у раёнах Старыцы, Ліману, Казачай Лапані і ў бок Белага Калодзежу, Ізбіцкага, Зарубінкі.

* * *

У Кіеве ўначы адбылася серыя магутных выбухаў яшчэ да таго, як была абвешчана паветраная трывога. Расійскія войскі нанеслі ўдар балістычнымі ракетамі па чатырох раёнах горада. Па меншай меры 8 чалавек атрымалі раненні, сярод іх — 11-гадовы хлопчык.

Вечарам 10 ліпеня расійская армія атакавала Сумскую вобласць паводле папярэдніх даных — рэактыўнымі БПЛА. Вядома пра 6 пацярпелых.

Раніцай 11 ліпеня ў Карабельным раёне Херсона расійскія акупанты атакавалі з дапамогай беспілотніка 76-гадовую жанчыну. Яна атрымала мінна-выбуховую траўму і аскепкавыя раненні абедзвюх ног.

Вечарам 10 ліпеня расійскія войскі атакавалі крылатымі ракетамі партовую інфраструктуру Адэскай вобласці: узніклі пажары, адзін чалавек загінуў.

* * *

742876726_1622408196114893_1247337878970840451_n.jfif

* * *

Сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм заявіў пра дасягненне дамоўленасці з Белым домам па законапраекце аб санкцыях супраць Расіі, які адміністрацыя Дональда Трампа гатовая падтрымаць.

Па словах Грэма, ён і сенатары Рычард Блюменталь і Джын Шагін працавалі разам з адміністрацыяй амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа, каб пераканацца, што гэты дакумент будзе «прымальны для адміністрацыі, што ён сфармуляваны так, каб яны маглі яго падтрымаць».

«Я рады паведаміць, што мы дасягнулі пагаднення з Белым домам адносна версіі законапраекта аб санкцыях супраць Расіі, якую яны падтрымаюць. Гэта азначае, што ён стане законам», — заявіў Грэм.

Грэм упэўнены, што гэта «дасць прэзідэнту Дональду Трампу інструменты для садзейнічання спыненню вайны».

Ён падкрэсліў, што таксама правядзе перамовы з Трампам і краінамі, якія купляюць танную расійскую нафту і абыходзяць санкцыі, каб пераканаць іх дапамагчы пакласці канец вайне.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім звароце ў пятніцу, 10 ліпеня, заявіў, што ў асяроддзі кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна з’яўляецца падтрымка ідэі міру з Украінай.

«Сёння ёсць новыя вынікі нашых Сіл абароны ў дальнабойных санкцыях супраць Расіі: бензінавы крызіс у Расіі паглыбляецца, цалкам справядліва ў адказ на нежаданне Пуціна сканчаць гэтую вайну. Мы далі прапановы, як наблізіць мір, маем падтрымку не толькі сярод партнёраў у свеце, але і сярод асяроддзя Пуціна — наконт міру. Там разумеюць, што адбываецца і што мір не мае альтэрнатывы», — сказаў ён.

Асобна ён адзначыў, што дальнабойныя ўдары з боку Украіны дасягнулі рэгіёнаў Расіі, а таксама аб’ектаў на часова акупаванай тэрыторыі. Зяленскі выказаў падзяку воінам за дакладнасць, анансаваўшы ўзмацненне гэтага кірунку.

* * *

Абяцанне прэзідэнта ЗША Дональда Трампадазволіць Украіне вырабляць амерыканскія ракеты-перахопнікі Patriot стала важным палітычным сігналам падтрымкі Кіева, аднак запуск вытворчасці наўрад ці адбудзецца раней, чым праз год, піша Reuters са спасылкай на ваенных экспертаў.

Па іх ацэнках, будаўніцтва вытворчых магутнасцей і наладжванне ланцужкоў паставак кампанентаў запатрабуе як мінімум 12 месяцаў. Таму дэфіцыт ракет для ўкраінскай супрацьпаветранай абароны ў найбліжэйшы час не знікне.

«У кароткатэрміновай перспектыве ўплыў будзе вельмі абмежаваным. Я быў бы вельмі здзіўлены, калі б гэта ўдалося рэалізаваць хутчэй за 12 месяцаў», — адзначыў эксперт Нарвежскага інстытута абаронных даследаванняў Фабіян Гофман.

Па словах суразмоўцаў агенцтва, першыя ракеты, хутчэй за ўсё, будуць вырабляцца ў Германіі ці іншай еўрапейскай краіне, дзе гэта бяспечней. Перанос вытворчасці ва Украіну разглядаюць ужо пасля завяршэння вайны.

Эксперты падкрэсліваюць, што нават пасля запуску ліцэнзійнай вытворчасці Украіна наўрад ці зможа поўнасцю пакрыць патрэбы ў ракетах Patriot. Па іх ацэнках, Расія штогод вырабляе 700–800 балістычных ракет «Іскандэр» і «Кінжал», тады як для гарантаванага перахопу кожнай з іх можа спатрэбіцца да трох ракет Patriot.

У той жа час Украіна працуе і над альтэрнатыўнымі рашэннямі. Украінская кампанія FirePoint сумесна з еўрапейскімі партнёрамі развівае праект сістэмы супрацьракетнай абароны Freya, якая можа стаць больш таннай альтэрнатывай Patriot. Па словах Зяленскага, Украіна таксама разлічвае атрымаць новыя сістэмы SAMP/T ад Францыі.

* * *

Расіяне рэзка павялічылі куплю замежнай нерухомасці пасля чутак пра мабілізацыю і эскалацыю вайны, піша расійскае выданне «Коммерсант».

У першай палове года попыт на замежнае жыллё вырас на 20% у параўнанні з другім паўгоддзем 2025 года. Калі ўлічыць запыты з-за мяжы (у тым ліку зварот праз VPN), рост склаў 25% у параўнанні з папярэднім паўгоддзем і 20% у гадавым вылічэнні.

«Напружаная геапалітычная сітуацыя прымушае частку пакупнікоў актыўней шукаць запасны аэрадром», — сказаў выданню адзін з аналітыкаў рынку нерухомасці РФ.

Надзеі грамадства на заключэнне міру з дапамогай Дональда Трампа не апраўдаліся, украінскія беспілотнікі атакуюць расійскія гарады, а акрамя таго ўсё часцей сталі з’яўляцца чуткі пра магчымую мабілізацыю. Па некаторых даных, Крэмль можа пайсці на мабілізацыю ў кастрычніку, пасля выбараў у Думу.

З-за гэтага расце колькасць здзелак з аб’ектамі за мяжой, якія грамадзяне РФ купляюць менавіта для ўласнага пражывання. Попыт на нерухомасць у Грузіі падвоіўся, а ў Грэцыі і Кіпры — вырас на 46% і 63% у гадавым вымярэнні. Лідарамі па колькасці запытаў у студзені-чэрвені сярод расіян былі Турцыя, ААЭ і Тайланд.