«Звон плывёт над Россиею». СБУ завяла справу за ўхваленне «рускага свету» ў Кіева-Пячорскай лаўры (відэа)
Служба бяспекі Украіны завяла крымінальную справу за ўхваленне «рускага свету» ў Кіева-Пячорскай лаўры. У адной з цэркваў манастыра, які падпарадкоўваецца Маскоўскаму патрыярхату, днямі падчас малітвы спявалі «Звон плывёт-плывёт над Россиею, пробуждается матушка Русь».
![photo_2022_11_15_10_44_20.jpg photo_2022_11_15_10_44_20.jpg](/img/v1/images/photo_2022_11_15_10_44_20.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Як піша unian.net, расследаванне распачата ў рамках вытворчасці паводле ч.1 арт. 436-2 Крымінальнага кодэкса («Апраўданне, прызнанне правамернай, адмаўленне ўзброенай агрэсіі РФ супраць Украіны, услаўленне яе ўдзельнікаў»).
Нагадаем, 12 лістапада ў адным з храмаў Кіева-Пячорскай лаўры падчас набажэнства гучалі прапагандысцкія песні са словамі «Звон плывёт над Россиею».
Варта дадаць, што ў самой Расіі, як і на акупаваных ёй тэрыторыях, караюць за ўкраінскія песні.
Адметна, што і ў Беларусі, якая падтрымлівае РФ у вайне, спяваць па-ўкраінску небяспечна. Летам за песню гурта «Акіян Эльзы» на мінскай вуліцы Зыбіцкай была затрымана спявачка Мэрыем Герасіменка. З таго часу дзяўчына за кратамі. Яна прызнана палітзняволенай.
![На Мэрыем Герасіменка заведзена крыміналка? На спявачку Мэрыем Герасіменка, якую затрымалі за спевы па-украінску, завялі крымінальную справу](/img/v1/images/photo_2022_09_27_12_42_10.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)