Чан Кайшы — бацька тайванскай дзяржавы

Увага ўсяго свету прыцягнутая да чарговага канфлікту паміж Тайванем і камуністычным Кітаем, які здаўна лічыць востраў сваёй тэрыторыяй. Гэты канфлікт бярэ свой пачатак у 1949 годзе, калі пасля паразы партыі Гаміньдан у Грамадзянскай вайне супраць Камуністычнай партыі Кітая, кіраўніцтва Гаміньдану эвакуявалася на Тайвань, дзе ім была заснавана «Кітайская Рэспубліка». На чале яе стаў вялікі кітайскі палітык і вайсковы дзеяч Чан Кайшы.

scale_1200_63.webp

На пачатку шляху

Ён нарадзіўся ў прыбярэжнай правінцыі Чжэцзян 31 кастрычніка 1887 года ў сям’і гандляра соллю. Пачынаючы з 6 гадоў будучы тайваньскі лідар атрымаў шматбаковую пачатковую адукацыю. Ва ўзросце 17 гадоў паступіў у школу горада Фэнхуа, дзе навучанне вялося па еўрапейскім узоры, а не па звыклых для Кітая стандартах. Юны Чан жыва цікавіўся гісторыяй сваёй радзімы і даволі хутка пачаў шчыра ненавідзіць правячую тады ў Кітаі маньчжурскую дынастыю Цін.

Абраўшы для сябе кар'еру вайскоўца, ён, здаўшы экзамен на веданне японскай мовы, адправіўся ў 1908 годзе атрымліваць вайсковую адукацыю ў Японію. Менавіта тут ён сутыкнуўся з групамі кітайскіх рэвалюцыянераў, уключаючы знакамітага Сунь Ятсена, якія імкнуліся зрынуць маньчжураў і дынастыю Цін. Чан Кайшы далучыўся да створанай Сунь Ятсенам рэвалюцыйнай арганізацыі Тунмэнхой, якая стане падмуркам будучага Гаміньдану.

Чан Кайшы і Сунь Ятсен, 1924 год. Крыніца: wikimedia.org

Чан Кайшы і Сунь Ятсен, 1924 год. Крыніца: wikimedia.org

У 1911 годзе Чан атрымаў тэлеграму, у якой паведамлялася, што ў Кітаі пачалася рэвалюцыя. Ён вырашыў вяртацца на радзіму, каб удзельнічаць у звяржэнні ненавіснай яму маньчжурскай манархіі. Пасля падзення імператарскай дынастыі 12 лютага 1912 года, яго першай задачай стала барацьба з генералам Юань Шыкаем, тагачасным прэзідэнтам краіны і галоўнакамандуючым сухапутнай арміяй, які здрадзіў рэспубліканскім ідэям і марыў аднавіць манархію. У выніку так званай Другой рэвалюцыі бэянская армія Шыкая разграміла верныя Гаміньдану войскі. Сунь Ятсен быў вымушаны пакінуць краіну, а Юань Шыкай абвясціў сябе імператарам. Але ў 1916 годзе неўзабаве Юань памёр, і Кітаем пачалі кіраваць некалькі канкуруючых фракцый ваеначальнікаў-мілітарыстаў.

Юань Шыкай. Крыніца: wikipedia.org

Юань Шыкай. Крыніца: wikipedia.org

У гэты перыяд Сунь Ятсен вёў перамовы з Масквой, абяцаючы стварыць хаўрус з кітайскімі камуністамі ў абмен на дапамогу ад СССР. Чан Кайшы было даручана паехаць у Маскву для далейшых перамоваў. Што ён і зрабіў у 1923 годзе. Менавіта тут у яго пачаў развівацца недавер да камунізму, паколькі Масква адмовілася фінансаваць прапанаваную Гаміньданам вайсковую экспедыцыю на поўнач Кітая, накіраваную на знішчэнне палявых камандзіраў і аб'яднанне краіны. Тым не менш, у 1924 годзе з савецкай дапамогай у Гуанчжоў была створана Вайсковая акадэмія Вампу для падрыхтоўкі афіцэраў кітайскай арміі. Сунь Ятсен прызначыў Чан Кайшы яе камендантам.


На чале Гаміньдану

Праз год, у 1925 годзе, Сунь Ятсен памёр. Чан Кайшы меў тады ўжо вельмі моцныя пазіцыі сярод сваіх аднапартыйцаў, каб узяць на сябе кіраўніцтва Гаміньданам. Ён спадзяваўся рэалізаваць мару свайго настаўніка аб поўным аб'яднанні Кітая ў адзіную дзяржаву. Дзеля гэтага кіраўніцтвы Гаміньдану і КПК вырашылі здзейсніць наступ на пазіцыі правінцыяльных мілітарыстаў, які ўвайшоў у гісторыю пад назвай «Паўночнага паходу». 9 ліпеня 1926 года аб’яднаныя сілы Гаміньдана і Камуністычнай партыі Кітая пачалі рух на поўнач. Да канца 1926 года большая частка краіны была занятая аб’яднанай арміяй.

Чан Кайшы падчас Паўночнага паходу. Крыніца: wikipedia.org

Чан Кайшы падчас Паўночнага паходу. Крыніца: wikipedia.org

У красавіку 1927 года нацыяналісты дасягнулі Шанхая, найбуйнейшага горада Кітая. Чан Кайшы да таго моманта вырашыў, што яму больш не патрэбныя саюзнікі ў выглядзе камуністаў. Вынікам такога рашэння стала жорсткая разня прыхільнікаў КПК у горадзе. Гэта паклала канец Першаму аб'яднанаму фронту паміж нацыяналістамі і камуністамі.

Таксама ў Шанхаі Чан пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Сун Мэйлін, дачкой банкаўскага магната Чарлі Суна. Мэйлін вучылася за мяжой у Злучаных Штатах і выдатна гаварыла па-англійску. Чан развёўся са сваёй першай жонкай, каб ажаніцца з Мэйлін і нават перайшоў у яе рэлігію — хрысціянства.

Чан Кайшы і Сун Мэйлін. Крыніца: wikimedia.org

Чан Кайшы і Сун Мэйлін. Крыніца: wikimedia.org

Паўночны паход тым часам працягваўся. Нягледзячы на ўсе перашкоды, Чан Кайшы паступова змог дабіцца сваёй мэты. У 1928 годзе Чан зрабіў Нанкін нацыянальнай сталіцай і аб'явіў аб поўным аб'яднанні Кітая.

Атрымаўшы ўладу, Чан Кайшы імкнуўся правесці праграму рэформ, у ліку якіх былі фінансавыя і адукацыйныя рэформы, паляпшэнне агульнага стану кітайскай эканомікі і нават падтрымка канфуцыянства. Аднак многія сельскія раёны заставаліся ў абсалютна жабрацкім стане, сяляне вялі сваю гаспадарку сярэднявечнымі спосабамі. Заможныя памешчыкі на вёсцы часта заставаліся амаль без кантролю, паколькі часам менавіта яны былі галоўнымі прыхільнікамі і донарамі Гаміньдану. Гэта выклікала моцную незадаволенасць сярод беднай часткі сялян і іх усё больш і больш прываблівала эгалітарысцкая прапаганда камуністаў.

У Кітайска-японскай і Грамадзянскай войнах

18 верасня 1931 года адбыўся так званы Мукдэнскі інцыдэнт. Японцы разбамбілі ўласную чыгуначную лінію ў Маньчжурыі і абвінавацілі ў гэтым кітайцаў, выкарыстаўшы зручны момант у якасці падставы для ўварвання. Чан звярнуўся ў Лігу Нацый за дапамогай, але тая толькі выказала занепакоенасць агрэсіўнай палітыкай японскіх мілітарыстаў, адмовіўшы Кітаю ў вайсковай дапамозе. Не маючы сілаў, каб супрацьстаяць агрэсіі, ён вырашыў не ваяваць з японцамі, дазволіўшы тым захапіць Маньчжурыю. Замест гэтага ён упарта працягваў засяроджвацца на знішчэнні свайго ўнутранага ворага — Камуністычнай партыі.

Японскія войскі ўваходзяць у Шэньян. 1931 год. Крыніца: wikipedia.org

Японскія войскі ўваходзяць у Шэньян. 1931 год. Крыніца: wikipedia.org

Але Маньчжурыя была роднай правінцыяй маршала Чжан Сюэляна, які ў свой час падтрымаў Чан Кайшы, далучыўшыся да Гаміньдану пасля таго, як японцы забілі яго бацьку. Тым не менш, Чжана ўсё больш расчароўвала пазіцыя Чан Кайшы адносна японскай агрэсіі. 12 снежня 1936 года ён разам з генералам Ян Хучэнам наўпрост арыштоўвае кіраўніка дзяржавы падчас так званага Сіаньскага інцыдэнту, патрабуючы ад таго спыніць грамадзянскую вайну супраць КПК і ў другі раз аб’яднацца ў адзіны фронт з камуністамі.

Чжан Сюэлян. Крыніца: wikipedia.org

Чжан Сюэлян. Крыніца: wikipedia.org

Японія паўнавартасна ўварвалася ў Кітай у наступным годзе, справакаваўшы працяглую і кровапралітную кітайска-японскую вайну. Рашэннем нацыянальнага ўрада Чан Кайшы быў прызначаны генералісімусам Кітайскай рэспублікі. Кітай ваяваў з Японіяй у адзіночку больш за чатыры гады, пакуль саюзнікі не абвясцілі вайну Японіі ў 1941 годзе. Дзякуючы гераічнаму супраціву кітайскага народа і арміі міжнародная рэпутацыя Чан Кайшы ўзляцела да нябёсаў. У 1943 годзе яго жонка Сун Мэйлін стала першай кітаянкай і толькі другой жанчынай у гісторыі, якая выступіла на сумесным пасяджэнні Кангрэса ЗША, калі яна папрасіла Злучаныя Штаты павялічыць дапамогу Кітаю ў вайне супраць японцаў.

Але падчас вайны Чан Кайшы нарабіў нямала памылак, якія балюча адгукнуліся яму пазней. Самым супярэчлівым дзеяннем Чан Кайшы стаў яго загад зламаць дамбы на Жоўтай рацэ, каб спыніць наступ японцаў на Ухань у 1938 годзе. Гэта прывяло да катастрафічных страт сотняў тысяч нявінных кітайцаў. З гэтага моманту Чан паступова пачаў губляць сэрцы і розумы кітайцаў.

Вайна з Японіяй скончылася ў верасні 1945 года. Перамога, дасягнутая цаной вялізных ахвяр, не прывяла да канчатковага міру ў Кітаі. Страціўшы агульнага ворага, Гаміньдан і Камуністычная партыя аднавілі супрацьстаянне, аднак на гэты раз перавага была на баку камуністаў. Узброеныя сілы Чан Кайшы, распыленыя па ўсім ціхаакіянскім тэатры ваенных дзеянняў, не маглі супрацьстаяць значна ўзмацніўшыміся за час Другой сусветнай часткам Народна-вызвольнай арміі, за якімі стаяў СССР. Нягледзячы на дапамогу заходніх дзяржаў, паражэнне Чан Кайшы было справай часу: простае насельніцтва не падтрымлівала генералісімуса, іх сімпатыі апынуліся на баку Маа Цзэдуна і яго прыхільнікаў. Гэтаму спрыялі як больш зразумелыя для простага народу лозунгі камуністаў, так і цяжкае эканамічнае становішча ўнутры краіны пасля вайны, якое пагаршалася моцнай карупцыяй у гаміньданаўскай адміністрацыі.

Мао Цзэдун. Крыніца: wikipedia.org

Мао Цзэдун. Крыніца: wikipedia.org

Грамадзянская вайна паміж войскамі Гаміньдану і КПК цягнулася чатыры гады і скончылася ў 1949 годзе поўнай перамогай камуністаў. Чан Кайшы разам з рэшткамі сваёй арміі і вернымі прыхільнікамі эвакуяваўся на Тайвань, дзе абвясціў аб стварэнні Кітайскай Рэспублікі. Агульная колькасць уцекачоў з кантынентальнага Кітая на Тайвань склала каля 2 млн чалавек.


Кітайская рэспубліка Тайваня

Пасля таго, як Маа Цзэдун абвясціў заснаванне Кітайскай Народнай Рэспублікі, Чан Кайшы абвясціў ваеннае становішча, каб задушыць любую патэнцыйную дзейнасць камуністаў ці іх прыхільнікаў на востраве. Быў уведзены строгі кантроль за свабодай слова і дзейнасцю палітычных партый. Да таго ж кіраўнікі Гаміньдану не гублялі надзеі вярнуць сваю ўладу на мацерыку. Маа адказаў узаемнасцю, заявіўшы, што Кітай ніколі не будзе па-сапраўднаму аб'яднаны, пакуль Тайвань не будзе ўзяты, і не пачаў распрацоўваць уласныя планы ўварвання.

Паміж 1954-1955 гадамі камуністычны Кітай і нацыяналістычны Тайвань уступілі ў канфлікт з-за права валодання групай выспаў у Тайваньскім праліве, падзея, якая стала вядома як «Першы крызіс Тайваньскага праліва». Злучаныя Штаты, што знаходзіліся ў саюзніцкіх адносінах з Тайванем, прыгразілі прымяніць ядзерную зброю супраць Кітая, і канфлікт паступова заціх. У сваю чаргу Маа выкарыстаў гэты драматычны паварот падзей як магчымасць распачаць свае даследаванні ў галіне ядзернай зброі.

Нягледзячы на абмежаванні ваеннага становішча, якія дзейнічалі на працягу амаль усяго кіравання Чан Кайшы, гэта быў перыяд эканамічнага росквіту, дзякуючы якому Тайвань здолеў паўнавартасна канкураваць з іншымі моцнымі азіяцкімі эканамічнымі цэнтрамі, такімі як Ганконг, Паўднёвая Карэя і Сінгапур. Тайвань змог дасягнуць усіх сваіх поспехаў амаль без гвалту і кровапраліцця, як мінімум калі параўноўваць з тымі, што былі справакаваны камуністамі на мацерыку.

У 1975 годзе, праз 26 гадоў пасля прыбыцця на Тайвань, Чан Кайшы памёр ва ўзросце 87 гадоў. Пасля сябе ён пакінуў адну з найбольш развітых краін Азіі. З дапамогай жорсткай цэнтралізацыі і развітай інфраструктуры ён змог правесці ў краіне мадэрнізацыю, якая стала апорай для ператварэння Тайваня ў аднаго з «азіяцкіх тыграў», чыё імклівае эканамічнае развіццё стала абсалютным сюрпрызам для астатняга свету.

Чан Кайшы

Чан Кайшы

Палову свайго жыцця ён змагаўся супраць Камуністычнай партыі. Яго стаўленне да камунізму добра адлюстроўвае фраза, сказаная ім аднойчы: «Камуністычная партыя Кітая — не прыродная кітайская з'ява. Яна — стварэнне Савецкага Саюза. Будучы па сваёй прыродзе несумяшчальным з годным для чалавека ладам жыцця і, у прыватнасці, з кітайскім укладам, камунізм у Кітаі як дзіця савецкага камунізму быў змушаны ў ранняй стадыі свайго развіцця паразітаваць на целе Гаміньдана для таго, каб пракрасціся ў кітайскае грамадства, праводзіць падрыўную дзейнасць, выклікаць канфлікты, а пасля пад сцягам Гаміньдана арганізаваць працоўных, сялян і іншыя масы насельніцтва для развязвання класавай вайны».