Супрацьстаянне Кітая і Тайваня — канфлікт, што доўжыцца 70 гадоў

Кітайская Народная Рэспубліка лічыць Тайвань правінцыяй, якая адкалолася, але рана ці позна павінна вярнуцца ў склад Кітая. Тайвань жа не хоча быць часткай Кітая.

2756684.jpg

Візіт спікера Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэласі на Тайвань ускалыхнуў увесь свет з-за пагроз Кітая.

Адносіны Кітая і Тайваня ўяўляюць сабой канфлікт, які пачаўся больш 70 гадоў таму, пра гэта нагадвае ўкраінскае выданне korrespondent.net.

Наступствы Другой сусветнай вайны

У 1895 годзе, пасля першай кітайска-японскай вайны, ураду Цын давялося саступіць Тайвань Японіі. Па выніках Другой сусветнай вайны Японія адмовілася ад кантролю над тэрыторыяй, забранай у Кітая. Кітайская Рэспубліка — адна з пераможцаў у вайне — пачала кіраваць Тайванем са згоды сваіх саюзнікаў, ЗША і Вялікабрытаніі.

Але затым у Кітаі ўспыхнула грамадзянская вайна паміж нацыянальным урадам партыі Гаміньдан, якую ўзначальваў Чан Кайшы, і войскамі Камуністычнай партыі Кітая пад кіраўніцтвам Маа Цзэдуна. Гаміньдан пацярпеў паразу.

У 1949 годзе Чан Кайшы са сваімі прыхільнікамі — усяго іх было каля паўтара мільёна чалавек — уцёк на Тайвань. Ён заснаваў там урад у выгнанні, назваў падуладную яму тэрыторыю Кітайскай Рэспублікай і кіраваў ёй наступныя 25 гадоў.

Мацерыковыя кітайцы, што былі ўцекачамі разам з Чан Кайшы, шмат гадоў дамінавалі ў палітыцы Тайваня, хоць і складалі ўсяго 14% насельніцтва.

Пасля Чан Кайшы да ўлады на Тайвані прыйшоў яго сын Цзян Цзінго, таксама вядомы пад імем Мікалай Уладзіміравіч Елізараў. У юнацтве яго адправілі вучыцца ў Маскву, ён жыў у сястры Леніна, удзельнічаў у калектывізацыі і нават некаторы час працаваў у механічным цэху на заводзе Уралмаш, а ў 1937 годзе быў арыштаваны.

У тым жа 1937-м Цзян Цзінго вярнуўся на радзіму з савецкай жонкай (на Тайвані яна атрымала імя Цзян Фанлян).

Цзян Цзінго вызначаўся адкрытасцю і дэмакратычным паводзінамі. Ён быў міністрам унутраных спраў ва ўрадзе свайго бацькі на Тайвані — і здушыў некалькі спробаў камуністычных мяцяжоў.

Пасля смерці бацькі ён спачатку ўзначаліў Гаміньдан, а затым у 1978 годзе стаў прэзідэнтам Тайваня і абіраўся на два тэрміны запар аж да сваёй смерці ў 1988 годзе. Пры ім на Тайвані прайшлі дэмакратычныя рэформы, хоць урад заставалася ў цэлым аўтарытарным.

Пераемнікам Цзян Цзінго стаў яго былы віцэ-прэзідэнт Лі Дэнхуэй. Яго называюць «бацькам тайваньскай дэмакратыі». Ён правёў канстытуцыйную рэформу, і ў 2000 годзе ў краіне ўпершыню быў абраны прэзідэнт, які не з'яўляўся чальцом партыі Гаміньдан — Чэнь Шуйбянь. 

Хто за Тайвань?

У Тайваня ёсць уласная Канстытуцыя, дэмакратычна выбраныя лідары і армія колькасцю каля 300 000 чалавек.

Чан Кайшы, які некалі стварыў там урад у выгнанні, сцвярджаў, што ён прадстаўляе ўвесь Кітай, і збіраўся заваяваць краіну назад. Тайвань нават займаў месца Кітая ў Савеце Бяспекі ААН, паколькі многія краіны Захаду лічылі менавіта яго сапраўдным кітайскім урадам.

Аднак у 70-х гадах мінулага стагоддзя некаторыя чальцы Рады Бяспекі пачалі казаць пра тое, што Тайвань больш не можа прадстаўляць сотні мільёнаў чалавек, якія жывуць у мацерыковым Кітаі.

У 1971 годзе ААН вярнуў месца Пекіну, а Тайвань выключылі. У 1978 годзе Кітай пачаў адкрываць сваю эканоміку. ЗША, усвядоміўшы магчымасці для гандлю і неабходнасць развіцця адносін, у 1979 годзе афіцыйна ўсталявалі з Пекінам дыпламатычныя адносіны.

З тых часоў колькасць краін, якія афіцыйна прызнаюць Тайвань, рэзка скарацілася — іх каля 15.

Цяпер, нягледзячы на наяўнасць усіх характарыстык незалежнай дзяржавы і адрознай ад Кітая палітычнай сістэмы, прававы статус Тайваня застаецца незразумелым.

 

Адна краіна, дзве сістэмы

У 1980 годзе адносіны паміж Кітаем і Тайванем пачалі наладжвацца: Тайвань спачатку змякчыў правілы наведвання і інвестыцый у Кітай, а ў 1991 годзе абвясціў, што вайна з Кітайскай Народнай Рэспублікай скончаная.

Кітай прапанаваў так званы варыянт «адна краіна, дзве сістэмы», у якой, як запэўніваў Пекін, Тайвань захавае аўтаномію, калі пагодзіцца на ўз'яднанне. Пад такія ж абяцанні Пекін у 1997 годзе вярнуў сабе Ганконг — і да нядаўняга часу трымаў слова, але затым сілай навязаў дэмакратычнаму Ганконгу свае парадкі. Тайвань жа адхіліў прапанову.

Прэзідэнт Тайваня Чэнь Шуйбян, які прыйшоў да ўлады ў 2000 годзе, стаў галаўным болем для Кітая, бо ён і яго Дэмакратычная прагрэсіўная партыя адкрыта выступілі за абвяшчэнне асобнай дзяржавы.

У 2004 годзе Шуйбяня абралі на другі тэрмін, і праз год Кітай прыняў так званы закон супраць аддзялення, які дазваляе Кітаю выкарыстоўваць «нямірныя сродкі» супраць Тайваня, калі ён паспрабуе аддзяліцца.

Калі ў прынцыповым палітычным пытанні Пекін і Тайбэй дамовіцца не могуць, то ў эканоміцы іх адносіны ў апошнія дзесяцігоддзі шырыліся і мацнелі. Паводле афіцыйных даных Тайваня, з 1991 года па канец траўня 2021 года тайваньскія інвестыцыі ў Кітай склалі 193,5 мільярда долараў.

Некаторых жыхароў Тайваня турбуе, што іх эканоміка цяпер залежная ад Кітая. Іншыя лічаць, што больш цесныя эканамічныя сувязі памяншаюць верагоднасць нападу КНР.


У траўні гэтага года прэзідэнта Байдэна спыталі, ці гатовыя ЗША абараняць Тайвань, і ён адказаў, што так.

Пра гэта, як пісаў НЧ Байдэн заявіў на прэс-канферэнцыі ў Токіа, куды ён прыбыў у канцы траўня ў рамках сваёй паездкі па краінах Азіі. «Гэта абавязацельства, якое мы ўзялі на сябе», — сказаў Байдэн. Associated Press перадае словы Байдэна, што любыя спробы Кітая ўжыць сілу супраць Тайваня будуць «проста недарэчнымі» і «выведуць з раўнавагі ўвесь рэгіён, падобна да таго, што адбылося ва Украіне». Па словах прэзідэнта ЗША, неабходнасць абароны Тайваня стала «яшчэ мацнейшай» пасля расійскага ўварвання ва Украіну. Ён дадаў, што стрымліванне Кітая ад нападу на Тайвань — адна з прычын, чаму важна, каб прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін «заплаціў дарагую цану за сваё варварства ва Украіне», каб Кітай і іншыя краіны зразумелі, што такія дзеянні непрымальныя.

Белы дом пасля гэтага тэрмінова растлумачыў, што пазіцыя ЗША ў дачыненні да Тайваня не змянілася, і пацвердзіў сваю прыхільнасць палітыцы «аднаго Кітая». Прыкладна тое ж было і з папярэднімі заявамі Байдэна наконт ваеннай падтрымкі Тайваня.

Пры гэтым Пекін асуджае любую меркаваную падтрымку Тайбэя з боку Вашынгтона і ў адказ на заявы Байдэна актывізаваў уварванні ваенных самалётаў у зону супрацьпаветранай абароны Тайваня.