Тайваньскі крызіс: Пэлосі кажа пра падтрымку ЗША, Кітай уводзіць санкцыі

Падаецца, што Трэцяй сусветнай вайны з-за Тайваня не будзе. Пакуль што бакі абмяжоўваюцца вербальнымі інтэрвенцыямі ды эканамічным уздзеяннем.

pelossi_tajvan.jpg


Спікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Нэнсі Пэлосі падчас сустрэчы з прэзідэнтам Тайваня Цай Івэнь дэкларавала поўную падтрымку ўладам выспы. Паводле яе слоў, візіт мае на мэце пытанні бяспекі і эканамічнага супрацоўніцтва.

«Падчас нашых візітаў дэлегацый Кангрэса ў нас ёсць тры мэты. Адзін з іх — бяспека: бяспека для нашых людзей, глабальная бяспека. Другое — гэта эканоміка: распаўсюдзіць як мага больш росквіту. І трэцяе — кіраванне», — сказала яна.

Пэлосі адзначыла, што падчас перамоваў абмяркоўвалася ўзаемадзеянне ў паўправадніковай індустрыі. Паводле яе слоў, меры падтрымкі вытворцаў мікрасхем, зацверджаныя Кангрэсам, адкрываюць перспектывы і для Тайваня.

«Сёння наша дэлегацыя ... прыбыла на Тайвань, каб недвухсэнсоўна даць зразумець, што мы не адмовімся ад сваіх абавязацельстваў перад Тайванем, і мы ганарымся нашым трывалым сяброўствам», — адзначыла Пэлосі.

У сваю чаргу Цай Івэнь запэўніла амерыканскі бок у тым, што Тайвань прыхільны падтрымцы міру і стабільнасці, застаецца надзейным і годным даверу партнёрам ЗША.

«Тайвань з'яўляецца надзейным і годным даверу партнёрам Злучаных Штатаў па супрацоўніцтве. Мы працягнем працаваць з Кангрэсам ЗША, а таксама з адміністрацыяй для ўмацавання супрацоўніцтва ў такіх галінах, як бяспека ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне, эканамічнае развіццё, развіццё талентаў і ланцужкі паставак, каб яшчэ больш палепшыць адносіны паміж Тайванем і ЗША», — адзначыла яна.

Па яе словах, Тайвань таксама працягне ўмацоўваць сваю абараназдольнасць.

«Сутыкнуўшыся з наўмысна падвышанымі ваеннымі пагрозамі, Тайвань не адступіць. Мы будзем цвёрда адстойваць суверэнітэт нашай краіны і працягваць абараняць дэмакратыю. У той жа час мы хочам супрацоўнічаць і працаваць у адзінстве з усімі дэмакратыямі свету, каб сумесна абараняць дэмакратычныя каштоўнасці», — сказала яна.


На фоне візіту Нэнсі Пэлосі афіцыйны Пекін, які лічыць Тайвань сваёй тэрыторыяй, зрабіў шэраг рэзкіх заяў. У акваторыі вакол Тайваня Кітайскі флот пачаў інтэнсіўныя вучэнні. Таксама КНР увяла санкцыі ў дачыненні да Тайваня. У прыватнасці, міністэрства гандлю КНР прыняло рашэнне прыпыніць пастаўкі пяску Тайваню з 3 жніўня.

Галоўнае мытнае ўпраўленне КНР з 3 жніўня прыпыніла дазволы на імпарт цытрусавых і некаторых відаў рыбы з Тайваня ў мацерыковы Кітай. Афіцыйна рашэнне тлумачыцца неаднаразовымі выпадкамі выяўлення шкоднікаў і небяспечных рэчываў у садавіне, станоўчых тэстаў на наяўнасць каронавіруса ў рыбе.

Таксама ўпраўленне па справах Тайваня Дзяржсавета КНР увяло наўпроставыя санкцый у дачыненні да арганізацый «Тайваньскі фонд дэмакратыі» і «Фонд міжнароднага супрацоўніцтва і развіцця», а таксама іх даччыных структур, абвінаваціўшы іх у сепаратысцкай дзейнасці і падрыве міжнароднага аўтарытэту КНР. Ім забараняецца супрацоўнічаць з фізічнымі і юрыдычнымі асобамі мацерыковага Кітая. Таксама забаронена супрацоўнічаць з арганізацыямі і фізічнымі асобамі, якія зрабілі ахвяраванні на адрас фондаў.