Дзядзька Рыгор. Дзённік выбраных сустрэч

"Разам з Някляевымі паехалі да Барадуліна. Дзядзька Рыгор быў першы, да каго ён сабраўся ў госці пасля вызвалення. У Барадуліна, казаў: "Вось у цябе старога пыталіся: “Ты, дзядзька, пражыў вялікае жыццё — скажы, што такое шчасце?” 



1_30_vierasnia_2013_h_aposhniaje_fota_z_zonkaj_valiancinaj_michajlaunaj_logo.jpg

Апошняе фота з жонкай Валянцінай Міхайлаўнай, 30 верасня 2013 г.

2010

13 лютага. Генадзь Бураўкін, даведаўшыся, што ў бліжэйшы час убачу дзядзьку Рыгора, прасіў перадаць яму свой «кнігазбораўскі» том з такім дарчым надпісам:

«Дарагому Рыгору Барадуліну, роднаму

                           па зямлі,

                           па душы,

                           па творчасці, —

абдымаючы

     Генадзь Бураўкін.

 

 

10.І.2010 г.

Мы з табой стаім амаль што побач — ты на Бар, а я на Бур. (Памятаеш подпіс на “мала­дзіку”?)».

15лютага. Удзень патэлефанаваў Міхась Скобла: учора ўвечары ў Барадуліна была тэмпература 40, ён у рэанімацыі з дыягназам «левабаковая пнеўманія з ацёкам лёгкага». Ужо ўвечары ўрачы казалі Валянціне Міхайлаўне, што становішча стабільнае, але цяжкое. Пазней Валянціна Міхайлаўна распавяла, якім менавіта чынам дзядзька Рыгор патрапіў цяпер у бальніцу: ледзь выпісаўся з 10-й бальніцы, ужо ўвечары ў яго паднялася тэмпература. Два дні потым яму было дрэнна, але пасля стала крыху лепш, ён нават прыняў душ, аднак на наступны дзень тэмпература ўвечары была 40,1. Валянціна Міхайлаўна выклікала «хуткую».

2011

8 студзеня. Быў у Барадуліна, прывёз яму «кнігазбораўскі» том Уладзіміра Някляева. Дзядзька Рыгор пытаўся, ці ёсць навіны пра Някляева? Але апошні раз адвакаты бачылі яго 29 снежня… Барадулін дужа ўважліва слухаў гісторыі, якія былі звязаныя з апошнімі так званымі прэзідэнцкімі выбарамі. Я запытаўся, ці будзе дзядзька Рыгор пісаць ліст Някляеву ў КДБ? Барадулін: «Збіраюся». Я прапанаваў, каб ён напісаў цяпер, а я дашлю. Дзядзька Рыгор падпісаў навагоднюю паштовачку:

«Дарагі Уладзімір!

З Новым годам!

Са сьвятымі калядамі!

Хай у новым годзе будзе вольна табе, мужнаму волату духу!

Усе цябе помняць.

Усе табой захапляюцца!

Трымайся!

      Твой Рыгор. 

    2010».

(Паштоўку я перадаў Някляеву, калі ён быў ужо на свабодзе, у КДБ ж даслаў ксеракопіі, бо быў перакананы, што Уладзімір Пракопавіч нічога не атрымае. Так яно і сталася — кадэбэшнае сіта пошту да Някляева і ад Някляева не прапускала.)

21 мая. Разам з Някляевымі паехалі да Барадуліна. Дзядзька Рыгор быў першы, да каго сабраўся ў госці Уладзімір Пракопавіч пасля вызвалення. Усю дарогу ён быў вясёлы, але крыху знерваваны. Оля распавяла, што сёння ён прачнуўся а пятай раніцы і пабудзіў яе. Ужо пазней, у Барадуліна, казаў: «Вось у цябе старога ўжо пыталіся: “Ты, дзядзька, пражыў даволі вялікае ўжо жыццё — скажы мне, што такое шчасце?” Вось у цябе пыталіся, і ў мяне таксама. Дык я сёння з раніцы зразумеў, што ж такое шчасце: гэта калі прачынаешся ў сваёй хаце, і ў ёй няма чужых, ты ў гэтай хаце гаспадар» (казаў так Някляеў таму, што апошнія паўгады пражыў пад хатнім арыштам, калі ўдзень і ўначы яго пільнавалі два кадэбісты).

Дзядзька Рыгор сустракаў на лесвічнай пляцоўцы.

Барадулін: Ой, ой, ой, ой-ё-ё-ё-ёй!

Някляеў: Давай абдымемся. Так ты нармалёва выглядаеш. А ўсе кажуць — састарэў, састарэў! Дзе ты састарэў?!. Рыгор Іванавіч, дазвольце нанесці вам першы афіцыйны візіт пасля афіцыйнай турмы.

Барадулін: Валодзенька, міленькі!..

Някляеў: Ой, Божа мой!

Барадулін: Нас ні вада не разгоніць, ні свіння не разарве.

Някляеў: Ну, пайшлі вып’ем. Даўно мы з табой не выпівалі…

Вядома, гэта была радасная сустрэча. Дзядзька Рыгор найперш указаў на кнігу паэм Някляева, што ляжала на пісьмовым стале. Уладзімір Пракопавіч у адказ: «Гэта ты наўмысна падклаў! Ведаю я цябе! Будзеш ты мае паэмы чытаць! А то сам пісаць не ўмееш, ага!.. Хітры ты, як быў хітры, так хітры і застаўся. Гэтыя вушацкія ўсе такія. Узяў кніжку падклаў, маўляў, ён паэмы Някляева чытае, ой Божа мой!.. Выказваю вам, вушацкаму хітруну, цалкам смаргонскі недавер…» І тады ж прачытаў верш, які напісаўся ў турме і які быў у дарчым надпісу на кнізе паэм:

Дзень і ноч мой дружа Грыша

Вершы піша, піша, піша.

Я нічога не пішу.

Я сяджу ў турэмнай цішы

І, сумуючы без Грышы,

Шлю яму сваю душу.

2012

5 кастрычніка. Глеб Лаба­дзенка ўсё ж пераканаў Барадуліна і Валянціну Міхайлаўну хоць увосень паехаць адпачыць у Вушачу, і вось цяпер мы разам з Глебам паехалі за імі, каб прывезці ў Мінск. Пражылі яны ў Вушачах паўтара месяца. Увесь гэты час дзядзька Рыгор практычна не выходзіў з дому, жыў на другім паверсе. Валянціна Міхайлаўна казала, што так напакутавалася за гэты час, як у Мінску не пакутавала, бо дзядзьку Рыгору пастаянна патрэбная дапамога. Вось і цяпер доўга і марудна сядаў у машыну. Галава ясная, а цела ледзь слухаецца…

Усю дарогу Барадулін практычна нічога не гаварыў, на аповеды ж Глеба рэагаваў неяк нязвыкла — ці смехам, ці кароткімі фразамі… Калі прыехалі ў Мінск, з велізарнай цяжкасцю нават не выйшаў — выкараскаўся з машыны і доўга пасля адпачываў на лавачцы. Потым мы ўдваіх з Глебам дапамаглі дайсці да ліфта і затым праводзілі да кабінета, дзе дзядзька Рыгор ледзь здолеў прысесці на сваю канапку…

Гэта быў апошні раз, калі ён наведаў родныя Вушачы.

3_25_verasnja_2013_s_glebam_labadzenka_logo.jpg

З Глебам Лабадзенка, 25 верасня 2013 г.

29 снежня. Патэлефанаваў Лабадзенка: паводле настойлівых просьбаў Алы Сакалоўскай дзядзька Рыгор, які нікуды даўно не выходзіў, учора паехаў у Чырвоны касцёл дзеля таго, каб падпісаць кнігі, і калі выходзіў, паслізнуўся, упаў і зламаў левае плячо, але пра пералом стала вядома толькі сёння, калі з’явілася вялікая гематома, і Валянціна Міхайлаўна выклікала «хуткую дапамогу».

31 снежня. Паехаў да Барадуліна ў 6-ю бальніцу. У палаце ўжо былі Уладзімір Някляеў і Алесь Квіткевіч, які спрычыніўся да выдання рамана «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без». (Пазней падышлі Валянціна Міхайлаўна і Язэп Янушкевіч; тады ж Валянціна Міхайлаўна распавяла, што спачатку Барадуліна паклалі ў палату, дзе разам з ім было яшчэ шэсць чалавек, але пасля перавялі ў асобную — вядома, за грошы (аплачвае касцёл — 40 тысяч штодзённа, гэта 5 даляраў). Уладзімір Пракопавіч сядзеў на ложку і падпісваў свой раман «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без». Дзядзька Рыгор быў бадзёры і вясёлы, і пакуль Някляеў падпісваў, гаварыў як завядзёны ў адрас Някляева: «Геній, геній, геній…»

Калі ўжо развітваліся, Барадулін, ажыўлена размахваючы здаровай правай рукой, нечакана запеў: «Сто год! Сто год!..», і гэтыя яго «Сто год» адразу падхапілі Някляеў з Янушкевічам і Квіткевічам… Шкада толькі, што не знайсці адпаведных слоў, каб перадаць тую цеплыню, з якой развітваліся Някляеў і Барадулін, калі, абняўшыся, доўга моўчкі стаялі…

          

2013

9 красавіка. Патэлефанаваў Барадуліну. Дзядзька Рыгор: «Я толькі збіраўся вам званіць». — «А што здарылася?» — «Дый я проста так».

Прабыў у Барадуліна каля трох гадзін. Найперш ён даў блакноцік з вершамі, каб я падрыхтаваў нізку вершаў для «Літаратурнай Беларусі», дадатку да «Новага часу». Пасля ўспомніў, што недзе ў яго былі вершы з цыкла «Цыганскі лёс». Доўга іх шукаў, але не знайшоў, таму вырашылі дачакацца Наталлю Давыдзенку, якая неўзабаве павінна была прыйсці (разам з ёй Барадулін апошнім часам разбірае свой архіў і многія матэрыялы перадае ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва). Чакаючы Наталлю Аляксееўну, папрасіў напісаць колькі слоў падтрымкі Зміцеру Дашкевічу, лідару «Маладога фронту», які дасюль сядзіць у турме, — Барадулін напісаў на велікоднай паштоўцы:

«Нязломны Зьміцер!

Трымайцеся!

Беларусь таксама любіць Вас!

І ганарыцца!

дзядзька Рыгор

9 красавіка 2013».

Калі прыйшла Наталля Давыдзенка, гаварылі пераважна пра «Вушацкі словазбор», які яна падрыхтавала і пра які з захапленнем цяпер распавядала. Слухаючы яе, Барадулін часам смяяўся, часам з цікаўнасцю глядзеў на мяне, чакаючы маёй рэакцыі на тыя ці іншыя прыклады з кнігі, пра якія апавядала Наталля Аляксееўна. (Поўнае выданне «Вушацкага словазбору» было даўняй марай Барадуліна і адной з задач, як ён сам не раз казаў, яго жыцця. Але давесці гэтую справу да лагічнага фіналу (гэта значыць, сістэматызаваць, апрацаваць і перадрукаваць запісы, якія рабіў на працягу ледзь не ўсяго свайго жыцця) дзядзька Рыгор фізічна ўжо не мог, і добра, што гэтую неймаверна складаную і велізарную працу зрабіла цяпер Наталля Аляксееўна.)

2014

24лютага. Разам з Някляевым ездзілі віншаваць Барадуліна з 79-годдзем. Дзядзька Рыгор пачуваўся не лепшым чынам — і выглядаў не надта добра, і гаварыў гэтаксама (нават практычна не гаварыў, а, здавалася, быў засяроджаны ў сваіх думках), дый настрой быў адпаведны, нягледзячы нават на тое, што ў гасцях быў Някляеў. Зрэшты, і Уладзімір Пракопавіч не паводзіў сябе так, як звычайна. Мусіць, на яго настрой паўплываў выгляд сябра — некалькі дзён таму ён пагаліўся і пастрыгся «пад нуль» і таму адразу неяк састарэў, у дадатак глядзеў на нас, падавалася, адсутным позіркам. Ён нібыта знаходзіўся на мяжы гэтага і ўжо таго свету… Настрой Някляева яшчэ больш пагоршаў, калі ён у адказ на просьбу Барадуліна дапамог яму падзвінуцца ў крэсле да стала, пасля ад стала… Калі потым выйшлі на вуліцу, я запытаўся: «Відаць, цяжка было бачыць Барадуліна ў такім становішчы? Вы ж з маладосці яго ведаеце…» Някляеў у адказ: «Невыносна. Не дай Бог дажыць да такога стану. Лепей у палёце над Майданам».

2_24_ljutaga_2014_z_njakljaevim_logo.jpg

З Уладзімірам Някляевым, 24 лютага 2014 г.

…Ужо калі сабраліся сыхо­дзіць, папрасіў дзядзьку Рыгора казаць колькі слоў тым, хто яго павіншаваў. Барадулін, сказаўшы «магу», гаварыў: «Я хачу сказаць шчыры дзякуй усім тым, хто ўзгадаў, што ў мяне дзень нараджэння, хто пажадаў мне добрага настрою. І ў сваю чаргу я ім жадаю і настрою, і поспехаў. Хай будзе больш людзей, якія паспачуваюць, якія не злыя, а ласкавыя. Хай будзе ўсё добра».

Гэта былі, мусіць, апошнія яго словы, сказаныя для друку.

Фота Сяргея Шапрана

Пачатак: Частка 1 — ТУТЧастка 2 — ТУТ . Частка 3 — ТУТ