«Амерыканскія горкі» аднаго «праваабаронцы»

Перад Яўгенам паўстаў выбар: што рабіць? Ён бачыў, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі мацнеў год за годам, у тым ліку дзякуючы суседняй Расіі, а Захад фактычна нічога не рабіў. Новікаў вырашыў...

__itynh16_08_91_01_11.jpg


Гэты персанаж найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі лічыўся праваабаронцам, але з ягонай дзейнасці атрымаўся вялікі пшык, а сам ён, як іншыя служкі сённяшняй улады, аказаўся на задворках.


Мысліць па-новаму!

У пачатку 1990-х побач з лідарам БНФ і парламенцкай апазіцыі ў Вярхоўным Савеце Беларусі 12-га склікання Зянонам Пазьняком часта можна было назіраць высокага маладога чалавека з акуратна падстрыжанымі вусікамі і бародкай. Дзе б ён ні быў — у Авальнай залі альбо на вулічных мітынгах — апранаўся заўсёды стылёва і выглядаў як важны чыноўнік ці дырэктар. Неўзабаве чытачы і пастаянныя гледачы і слухачы паседжанняў сесій парламента сталі пазнаваць Яўгена Віктаравіча Новікава, народнага дэпутата, які ва ўсіх сваіх выступах адносіў сябе да апазіцыі БНФ.


__itynh16_08_91_02_11.jpg


Яўген Новікаў нарадзіўся ў 1956 годзе ў Крычаве. Адукацыю атрымаў у Мінску, скончыўшы медыцынскі інстытут і юрыдычны факультэт БДУ. Паводле афіцыйнай біяграфіі, Новікаў з 1980 года стала працаваў доктарам у 4-й сталічнай клінічнай бальніцы.

Калі ў сакавіку 1990 года надыйшлі выбары ў Вярхоўны Савет БССР 12-га склікання, Яўген без ваганняў вылучыў сваю кандыдатуру па сталічнай Лермантаўскай выбарчай акрузе №13. У перадвыбарчай праграме Новікава было запісана, што ён «в политическую борьбу вступает впервые». Далей у праграме ішлі даволі папулярныя на той час тэзісы пра дэмакратызацыю грамадства, пашырэнне правоў чалавека, пераадоленне наступстваў Чарнобыльскай катастрофы і г.д.

Акрамя Новікава па гэтай акрузе вылучаліся яшчэ дзесяць чалавек. Сярод іх, напрыклад, — Генадзь Данілаў, тагачасны загадчык дзяржаўна-прававога аддзела Мінскага абкама КПБ (у недалёкай будучыні — правая рука кіраўніка ўрада Вячаслава Кебіча), Міхаіл Ткачоў, доктар гістарычных навук, загадчык рэдакцыі выдавецтва Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.


Агітацыйны плаката Яўгена Новікава падчас выбараў у Вярхоўны Савет БССР 12
га склікання, 1990 год. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь

Агітацыйны плаката Яўгена Новікава падчас выбараў у Вярхоўны Савет БССР 12 га склікання, 1990 год. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь


Новікаў выйшаў у другі тур разам з Ткачовым з амаль аднолькавым вынікам. З 16656 выбаршчыкаў, што ўзялі ўдзел у галасаванні, Жэню падтрымалі 3356. Ткачоў атрымаў трохі больш галасоў — 3375.

У другім туры Новікаву ўдалося пераламіць сітуацыю на сваю карысць. За яго прагаласавалі 6582 чалавекі з 13115. За Ткачова — 5406.

У Вярхоўным Савеце

Атрымаўшы запаветны дэпутацкі мандат, Новікаў імкнўся актыўна ўдзельнічаць у працы парламента і пазіцыянаваў сябе як прыхільнік нацыянальна-дзяржаўных каштоўнасцяў. Так, 19 мая 1990 года, ужо на чацвёрты дзень працы першай сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання Новікаў у катэгарычнай форме патрабаваў ад старшыні Мікалая Дземянцея, каб парламенцкія пасяджэнні вяліся выключна на беларускай мове.

Адначасова Новікаў прадстаў як гарачы прыхільнік Беларускага Народнага Фронта. 28 ліпеня 1990 года Новікаў разам з Галінай Сямдзянавай патрабаваў афіцыйнай рэгістрацыі БНФ сесіяй Вярхоўнага Савета. 10 жніўня 1990 года выданне «Літаратура і мастацтва» надрукавала артыкул Новікава пад назвай «Закон і толькі закон. Да пытання рэгістрацыі БНФ», дзе аўтар даволі пераканаўча даказаў неабходнасць рэгістрацыі новага руху з юрыдычнага і палітычнага пунктаў погляду.


У кулуарах
Вярхоўнага Савета Беларусі 12 га склікання, 1991 год. Яўген
Новікаў — на пярэднім плане побач з Зянонам Пазьняком. Крыніца: https://vytoki.net

У кулуарах Вярхоўнага Савета Беларусі 12 га склікання, 1991 год. Яўген Новікаў — на пярэднім плане побач з Зянонам Пазьняком. Крыніца: https://vytoki.net


Яўген Віктаравіч падпісваў амаль усе рэзанансныя заявы парламенцкай апазіцыі БНФ, якія тычыліся самых розных бакоў жыцця: кодэкс Беларускай ССР аб зямлі (снежань 1990 года), «паўлаўская» грашовая рэформа (студзень 1991 года), незаконнае прызначэнне даты рэферэндуму аб захаванні СССР (студзень 1991 года), скліканне нечарговай сесіі падчас масавых хваляванняў насельніцтва (красавік 1991 года). Яўген Новікаў быў сярод тых дэпутатаў, якія 15 лістапада 1991 года падпісалі папраўкі да праекта пастановы Вярхоўнага Савета «Аб беларускай мове ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі Рэспублікі Беларусь».
Адна з паправак, у прыватнасці, прапаноўвала Дзяржаўнаму камітэту па эканоміцы і планаванню Рэспублікі Беларусь «прадугледзець першачарговае і поўнае забеспячэнне паперай дзяржаўных перыядычных выданняў на беларускай мове, а таксама літаратурна-мастацкіх выданняў на беларускай мове, заснавальнікамі якіх з’яўляюцца грамадскія арганізацыі». Праект гэтай пастановы абмяркоўваўся 10 снежня 1991 года і не быў зацверджаны дэпутатамі. Супраць п. 1 выступіў дэпутат Аляксандр Лукашэнка: «Знаете, в партийных документах было: ускорить, повысить, снять, рекомендовать. Это из той оперы. Зачем Верховному Совету принимать такое позорное постановление? Извините меня, что я так сказал».
Падчас драматычных жнівенскіх падзеяў 1991 года Яўген рашуча стаў на бок нацыянальна-дэмакратычнага руху, а ў газеце «Свабода» надрукаваў артыкул з гучнай назвай «Дзейнасць КПБ незаконная».

У Вярхоўным Савеце Яўген Новікаў прымаў удзел у распрацоўцы і абмеркаванні самых розных законапраектаў: аб прыватнай уласнасці на зямлю, аб цэнаўтварэнні, аб прыватызацыі жыллёвага фонду, аб барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю. 24 красавіка 1994 года паплечнік па парламенцкай апазіцыі БНФ Лявон Зданевіч заявіў, што Новікаў заўсёды адрозніваўся эканамічнай кампетэнтнасцю і працаваў вельмі сур’ёзна. Праз шмат год у сваім аўтабіяграфічным выданні «Мой шыбалет» член парламенцкай апазіцыі БНФ Пётр Садоўскі напіша, што «прыгожыя» прамовы Новікава хутчэй раздражнялі, чым натхнялі.

Яўген Новікаў быў не проста дэпутатам Вярхоўнага Савета, а займаў пасаду сакратара пастаяннай камісіі па заканадаўстве. Камісію ўзначальваў дэпутат Дзмітрый Булахаў, які, нягледзячы на маладосць, лічыўся даволі аўтарытарным чалавекам. Хутчэй за ўсё, у іх не склаліся адносіны. 24 красавіка 1992 года пастановай Вярхоўнага Савета Новікаў быў вызвалены ад абавязкаў сакратара камісіі, хаця знаходзіўся ў службовай камандзіроўцы ў Празе. Больш таго, паводле пастановы, ён выключаўся ўвогуле са складу камісіі.

Дэпутат Уладзімір Заблоцкі заявіў, што можна вызваліць ад абавязкаў сакратара, але нельга выключыць са складу камісіі, таму што няма адпаведнай заявы дэпутата. Старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч згадзіўся на тое, каб паставіць на галасаванне наступнае пытанне: вызваліць Яўгена Новікава ад пасады сакратара камісіі па заканадаўстве, але пакінуць яго ў складзе камісіі. Гэтую прапанову падтрымалі 198 дэпутатаў пры кворуме ў 173.


Цудоўная Ліга

Адхілены ад камісіі, Новікаў хутка знайшоў сабе новы занятак — правы чалавека. Час быў спрыяльны. У Беларусі, якая яшчэ па інэрцыі дыхала савецкім жыццём, такое пытанне было даволі актуальным. 10 лістапада 1992 года Міністэрства юстыцыі зарэгістравала Беларускую Лігу правоў чалавека на чале з Новікавым, а ў маі 1993 года выйшаў першы нумар выдання Лігі — «Права чалавека» накладам 10 тысяч асобнікаў. Галоўным рэдактарам, канешне, стаў Новікаў.

Галоўнай мэтай Лігі аб’яўлялася «пропаганда общечеловеческих ценностей и защиты прав человека независимо от его национальной, партийной, религиозной, социальной принадлежности».

Новікаву ўдалося заручыцца падтрымкай вядомых і аўтарытэтных людзей: Святланы Алексіевіч, Валянціна Тараса і інш., якія сталі членамі выканкама Лігі.


«Евангелле» ад Яўгена, 1994 год.
Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Беларусі

«Евангелле» ад Яўгена, 1994 год. Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Беларусі


На старонках «Прав человека» Новікаў распачаў шырокамаштабную крытыку тагачасных беларускіх уладаў на чале з Шушкевічам-Кебічам: ён абвінаваў іх у бяздзейнасці, патаканні «правовому беспределу», рашуча стаў на абарону Алексіевіч у верасні 1993 года, калі над пісьменніцай пачаўся суд праз яе нашумелую кнігу «Цынкавыя хлопчыкі», рэзка асудзіў выкраданне з тэрыторыі Беларусі ў студзені 1994 года былых літоўскіх партфункцыянераў Міцкявічуса і Ермалавічуса.

Новікаў шмат увагі надаваў тэме «карнай медыцыны» — выкарыстанне псіхіятрыі ў СССР адносна палітычных вязняў і шырокага кола іншых зняволеных. Ён супрацоўнічаў з часовай камісіяй Вярхоўнага Савета па расследаванні фактаў выкарыстання псіхіятрыі ў палітычных і рэпрэсіўных мэтах, якая была створана 29 чэрвеня 1990 года на чале з Уладзімірам Заблоцкім. У той жа дзень была прынята пастанова Вярхоўнага Савета аб асноўных задачах і дзейнасці камісіі. У прыватнасці, камісія атрымала права запатрабаваць адпаведныя дакументы з МУС, КДБ і міністэрства аховы здароўя.

У студзені 1991 года Заблоцкі заявіў, што ў камісію звярнулася 100 чалавек. Па словах старшыні, дзякуючы намаганням камісіі ўдалося зняць дыягназ «псіхічна хворы» з шэрагу грамадзян.

Захады камісіі былі негатыўна сустрэты афіцыйнымі медыкамі-псіхіятрамі. У спецыяльнай заяве медыкі назвалі дзейнасць камісіі «оскорбительной» і заклікалі Ул. Заблоцкага «прислушаться к мнению врачей и руководителей психиатрических лечебных учреждений».

Беларуская ліга правоў чалавека неўзабаве пасля прыходу Аляксандра Лукашэнкі да прэзідэнцкай улады звярнулася да яго з прапановай аднавіць дзейнасць камісіі Заблоцкага. У звароце сцвярджалася, што 150 спраў камісіі былі скрадзеныя.

Адна з характэрных рысаў Новікава — пастаянная апеляцыя да міжнароднай супольнасці і структураў. Так, летам 1993 года Яўген «передал в госдепартамент США» свой каментар да законапраекта аб КДБ у Рэспубліцы Беларусь. У каментары безапеляцыйна сцвярджалася, што «КГБ не занимается строительством молодого белорусского государства, а по-прежнему преуспевает в области политического сыска». Пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, Яўген па інэрцыі яшчэ застаўся верны сваім прынцыпам. Напрыклад, 21 ліпеня 1994 года Новікаў выказаўся супраць кандыдатуры Міхаіла Мясніковіча на пасаду віцэ-прэм’ера: ён звязаў імя Мясніковіча з махінацыямі пры рэарганізацыі Беларускай дзяржаўнай страхавой кампані ў жніўні 1992 года.

Новікаў публічна раскрытыкаваў забарону беларускімі ўладамі публікацыі ў шэрагу дзяржаўных выданнях знакамітага «антыкарупцыйнага» даклада дэпутата ад парламенцкай апазіцыі БНФ Сяргея Антончыка і патрабаваў персанальнай аховы для Антончыка і ягонай сям’і.


А ў студзеньскім нумары «Прав человека» за 1995 год Яўген напісаў сапраўдную крамолу: «Разве можно сегодня утверждать, что первого президента Беларуси выбрал народ? Ведь сначала этот народ за 75 лет многократно оскопили, надругавшись над самим смыслом человеческого бытия, уничтожив тех, кто хоть что-то понимал, тех, кто ещё мог что-то возразить. И после этого всех нас, так называемый белорусский народ, а фактически голодную, мечущуюся в поисках выхода толпу, поставили перед выборами первого Президента. Результаты неудивительны. Каждый народ достоин своего правителя».
1995 год стаў даволі драматычным для Новікава. Па-першае, ён так і не быў абраны ў Вярхоўны Савет 13-га склікання: выбары не адбыліся па прычыне нізкай яўкі выбаршчыкаў; па-другое, у яго перарваліся адносіны з Алексіевіч і Тарасам: яны абвінавацілі Новікава ў палітыканстве і пакінулі Лігу.
Амаль увесь 1996 год Яўген прысвяціў замежным паездкам: Брусэль, Страсбург, Лондан. Знаёміўся, па уласных словах, «с работой тех правительственных структур, которые занимаются проблемами прав человека, а кіраўнік грамадскай прыёмнай Лігі Ларыса Перцава сцвярждае, што ў Лігу няспынна ідуць лісты (1995 год — 735; 1996 — 514). Прычым гэтыя лісты — па самых розных пытаннях, аднак большасць з іх прысвечана жыллёваму пытанню (сам Новікаў доўгі час не меў сталага жылля, а ў верасні 1995 года звяртаўся па гэтым пытанні да старшыні Вярхоўнага Савета Мечыслава Грыба) і судовым прыгаворам.
Нягледзячы на відавочную перамогу Лукашэнкі (рэферэндум 24 лістапада 1996 года), Новікаў усё ж знайшоў у сябе сілы супярэчыць. Так, у красавіку 1997 года «Права человека» апублікавалі зварот Новікава («бывшего студента юрфака») да рэктара БДУ Казуліна ў сувязі з удзелам студэнтаў у акцыях пратэсту супраць інтэграцыі з Расіяй.

Яўген Новікаў і яго «Права человека»

Яўген Новікаў і яго «Права человека»


Яўген эмацыйна пісаў: так, студэнты бяруць удзел у несанкцыянааных акцыях. Але хто санкцыянаваў тую галеч, у якой жывуць студэнты і іхнія сем’і, «кто санкционировал упоминание о Гитлере как об объединителе нации?; что, кроме Гитлера в истории больше нет примеров??? (Новікаў меў на ўвазе скандальнае інтэрв’ю Лукашэнкі ў лістападзе 1995 года нямецкаму выданню «Handelsblatt», у якім беларускі кіраўнік фактычна аддаў хвалу германскай дзяржаўнай мадэлі 1930-40-х гадоў — Аўт.). І працягваў: «В соответствии с известными историческими правовыми документами каждый народ имеет право на восстание. Надо поклониться в пояс многострадальному белорусскому народу за то, что даже при такой жизни он находит силу сдерживать себя и не доводить дело до вооружённой борьбы за свои человеческие права, предпочитает последовательно и спокойно усиливать свои нормальные человеческие требования».
Падобныя развагі хутка надакучылі ўладам і Лігу Новікава фактычна разграмілі. А 30 верасня 1998 года была зарэгістравана больш лаяльная рэжыму Беларуская ліга правоў чалавека. Галоўным рэдактарам «Прав человека» стаў Валерый Дунаеў.

Трыццаць срэбранікаў

Перад Яўгенам паўстаў выбар: што рабіць? Ён бачыў, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі мацнеў год за годам, у тым ліку дзякуючы суседняй Расіі, а Захад фактычна нічога не рабіў. Новікаў вырашыў пайсці служыць новаму гаспадару.
І Лукашэнка прыняў свайго былога калегу па Вярхоўным Савеце. Гэтаму спрыяла аб’ектыўная сітуацыя. У 2001 годзе павінны былі адбыцца наступныя прэзідэнцкія выбары і беларускі кіраўнік вырашыў выкарыстаць Новікава толькі ўжо ў іншай якасці.

wx1080_20.jpg


У выніку зімой 2001 года з’явілася праграма «Правы чалавека: погляд у свет». Ужо у першым выпуску праграмы Новікаў абрынуўся на беларускую палітычную апазіцыю, мясцовых дэмакратаў і г.д. Рыторыка Новікава была настолькі агрэсіўнай, што ў гэтым ён мог супернічаць з самім Зімоўскім.
Далей — больш. Пацукі, якіх ядуць у ЗША дзеці, нейкі гарвардскі план па знішчэнні СССР, жывёльная нянавісць да Украіны. Спіс можна не працягваць. Гэта — дэградацыя журналістыкі як стыля мыслення і прафесіі, пераўтварэнне яе ў дзяржаўную прапаганду самага таннага кшталту.

x720_sjd.jpg


На жаль, такія фігуры як Яўген Віктаравіч Новікаў будуць з’яўляцца неаднойчы. Яны будуць адмыслова і цынічна ставіць пад пагрозу адно з асноўных правоў чалавека — права на свабоду слова. «Крыжовыя паходы» супраць недзяржаўных выданняў і апазіцыі, шматлікія сцэнары інфармацыйнай вайны — усё гэта сведчанне глыбокай прорвы паміж аўтарытарызмам і жыццёвымі інтарэсамі беларускага грамадства.