Першы ўрад Лукашэнкі: «Некалькі добрых хлопцаў...»
21 ліпеня 1994 года ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі адбылася важная падзея: Вярхоўны Савет 12 склікання зацвердзіў шэраг ключавых фігур ва ўрадзе першага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, які днём раней прыняў афіцыйную прысягу.
Згодна пункту 4 артыкула 100 Канстытуцыі ад 15 сакавіка 1994 года, прэм’ер-міністр і ягоныя намеснікі, міністры ўнутраных спраў, абароны, замежных спраў, фінансаў, старшыня КДБ прызначаліся і вызваляліся ад пасады прэзідэнтам выключна са згоды парламента. Акрамя таго, Лукашэнка прапанаваў кандыдатуру старшыні Канстытуцыйнага Суда.
Што гэта былі за людзі і які быў іх далейшы лёс?
Апакаліпсіс з плюсам
Прэтэндэнты ўжо былі вызначаны. Перад тым, як назваць канкрэтныя прозвішчы, кіраўнік дзяржавы выступіў у Вярхоўным Савеце з прамовай. Спачатку прэзідэнт агучыў сумныя лічбы. Знешняя пазыка склала 2 млрд. 300 млн. долараў (гэта 220 долараў на жыхара рэспублікі і, па словах Лукашэнкі, «на младенца тоже»). Пры гэтым каля 1 млн. чалавек жылі за рысай беднасці, «направляя все свои скудные доходы на питание». Прэзідэнт канстатаваў сацыяльнае расслаенне грамадства: «На наших улицах много бедняков с натруженными руками и юнцов на “вольво” и “мерседесах”».
Лукашэнка заявіў, што «нет ясности, какое общество мы строим, и будет ли в будущем работа тем, кто её имеет и тем, кто впервые вступает в трудовую жизнь».
Аднак прэзідэнцкі спіч заканчваўся даволі аптымістычна. Кіраўнік дзяржавы абвясціў 21 ліпеня 1994 года «новой страницей в истории Беларуси» і паабяцаў, што ні ён, ні ягоны ўрад не зробяць ні аднаго дрэннага крока ў адносінах да народа. Лукашэнка заклікаў да рашучых захадаў супраць «нечистоплотных дельцов» і заявіў, што «государственная мудрость должна заключаться в том, чтобы гармонично сочетать централизованную власть с самостоятельностью местных органов по тем вопросам, которые являются их исключительной компетенцией».
Наўздагон прэзідэнт сказаў наступнае: «Я не выдвигаю своих друзей. Вы, депутаты, можете загнать в угол любого профессионала. Я сформировал команду профессионалов, которым предстоит управлять нашим белорусским государством».
Большасць дэпутатаў пагадзілася з тым, каб членаў урада зацвярджаць электронным галасаваннем, а старшыню Канстытуцыйнага Суда — шляхам падачы імянных бюлетэняў.
Прэм’ер-міністр без правоў чалавека
Пытанне аб кіраўніку ўрада паўстала адразу пасля 10 ліпеня, калі адбыўся пераможны для Лукашэнкі другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Аднак новаабраны беларускі лідар упарта не жадаў называць імя другога кіраўніка выканаўчай улады, сцвярджаючы, што перамовы з магчымымі кандыдатамі актыўная вядуцца. Апазіцыйная газета «Свабода» нават прывяла вядомы выраз Лукашэнкі, наконт таго, што прызначэнне кіраўніка ўрада, маўляў, гэта не даярку на ферме знайсці.
Да здзіўлення грамадскасці і экспертаў на пасаду прэм’ер-міністра Лукашэнка прапанаваў кіраўніка «Белааграпромбанка» Міхаіла Чыгіра, які не толькі не належаў да каманды новага прэзідэнта, але і ўвогуле не «засвяціўся» ў вялікай палітыцы.
Праз шмат гадоў Міхаіл Чыгір паведаў сапраўдную прычыну свайго прызначэння. У Лукашэнкі аднойчы адбыўся канфлікт з кіраўніком Шклоўскага адзялення «Белаграпромбанка». Канфлікт дайшоў да таго, што, як сцвярджаў Чыгір, Лукашэнка жадаў перавесці свой саўгас «Гарадзец» на абслугоўванне іншага банка. Патрабавалася асабістае ўмяшальніцтва Чыгіра, каб канфлікт быў вырашаны. Нейкімі важкімі крыніцамі падцвердзіць словы Чыгіра немагчыма, але маецца ўскосны доказ: выступ Лукашэнкі ў Вярхоўным Савеце 12 склікання 25 студзеня 1993 года: «Управляющий банком (вшивым, простите, районным) в моём округе получил доплат за год 120 тыс. рублей. Я за год получил зарплату 42 тыс. рублей. Что будем делать». Калі канфлікт меў месцы, то, хутчэй за ўсё, у гэты час.
Вось як ахарактэразаваў Чыгіра Лукашэнка: «Профессиональный финансист-экономист, взрослый человек, опытный, работающий в тяжелейшей сфере (агропромышленный банк, там особенно не накрутишь, не настрижёшь купонов)».
Чыгір павінен быў адказаць на пытанні дэпутатаў. Так, на заўвагу Алега Трусава наконт нафты і газа Чыгір заявіў, што няма альтэрнатывы Расіі. На пытанне Сяргея Бабачонка, як разлічыцца з запазычанасцю за энерганосьбіты ў 16 трлн. руб., Чыгір адказаў, што маюцца два шляхі: максімальная эканомія і нарошчванне экспартнага патэнцыялу ў тую ж Расію.
На пытанне Сяргея Навумчыка наконт СМІ («урад Кебіча адрозніваўся дыктатурай у адносінах да прэсы»), Чыгір даў гарантыю свабодзе слова, аднак папярэдзіў аб адказнасці за інфармацыю.
Дэпутат ад апазіцыі БНФ Сяргей Антончык патрабаваў ад прэзідэнта на працягу двух-трох гадзін падрыхтаваць даведку: колькі крэдытаў выдаў банк Чыгіра ў 1991-1993 гадах. Лукашэнка рашуча адмовіўся.
Апошняе пытанне тычылася правоў чалавека. Яго задаў дэпутат Яўген Новікаў, які ўзначальваў на той час Беларускую лігу правоў чалавека. Аднак Чыгір шчыра адказаў, што, ён, «банкир», не валодае гэтым пытаннем. Цікава, што ўжо ўвосень 1994 года быў арыштаваны адзін з кіраўнікоў «Прыорбанка» Сяргей Шышоў, а самому Міхаілу Нікалевічу, які ў лістападзе 1996 года падаў у адстаўку супраць ганебнага рэферэндуму, і ягонай сям’і на праз некалькі гадоў на ўласнай скуры давялося пераканацца, што правы чалавека — не пусты гук.
З 280 дэпутатаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні, Чыгіра падтрымалі 266. Супраць былі трое.
Чацвёрка адважных
У намеснікі Чыгіру Лукашэнка адкамандзіраваў ажно чатырох: Міхаіла Мясніковіча, Сяргей Лінга, Уладзіміра Гаркуна і Віктара Ганчара. Першыя два працавалі ва ўрадзе Вячаслава Кебіча першым намеснікам прэм’ер-міністра і віцэ-прэм’ерам адпаведна. Лукашэнка ведаў іх добра. Напрыклад, 21 лютага 1991 года пры абмеркаванні кандыдатуры Лінга на пасаду намесніка старшыні Савета Міністраў Лукашэнка заявіў, што Лінг — «один из немногих, выжил в политической мясорубке, куда попадают кадры». Па словах Лукашэнкі, калі Лінг павінен быў адказваць за агульнаэканамічныя пытанні, то Мясніковіч — за «вопросы общих и внешних отношений инфраструктуры».
Лінг не выступаў увогуле, а Мясніковіч абмежаваўся кароткім выступам, заўважыўшы тое, што «мы не наделали бед с реформами, но должны были их активизировать».
Кандыдатуры Мясніковіча і Лінга былі раскрытыкаваны Сяргеем Антончыкам, які заявіў, што не разумее логікі Лукашэнкі, бо Лінг і Мясніковіч у якасці членаў урада Кебіча нясуць адказнаць за эканамічную сітуацыю. Пра Лінга Лукашэнка не сказаў нічога, а пра Мясніковіча вось што: «Он профессионал, он не прокоммунистически настроенный человек, а человек, который ближе вам по идее».
Супраць Мясніковіча выступіў і Яўген Новікаў. Апошні лічыў, што Мясніковіч нарабіў шмат памылак і парушэнняў пры рэфармаванні рэспубліканскай сістэмы дзяржаўнага страхавання.
Мэтай вылучэння Лінга і Мясніковіча Лукашэнка назваў сваё жаданне стварыць баланс і ўраўнаважыць рынкавыя памкненні старшыні праўлення Нацыянальнага банка Станіслава Багданкевіча. Аднак, хутчэй за ўсё, Лукашэнка баяўся кадравых недахопаў і зрабіў стаўку на вопытных адміністратараў (хай і кансерватараў). Калі за Лінга прагаласвалі 244 дэпутатаў з 251, то за Мясніковіча — 213 з 260.
Уладзімір Гаркун (былы галоўны камуніст Дзяржынска) займаў пасаду старшыні пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання па аграрных пытаннях, прадуктах харчавання і сацыяльным развіцці сяла. Ён быў абраны старшынёй камісіі 9 чэрвеня 1990 года і перамог у галасаванні Лукашэнку. З таго часу адносіны Гаркуна і будучага першага беларускага прэзідэнта былі складанымі. Так, пры абмеркаванні праекта Кодэкса Беларускай ССР аб зямлі Лукашэнка 11 снежня 1990 года, звяртаючыся да Гаркуна, сказаў наступнае: «Вы, Владимир Гилярович, готовы ссылаться хоть на Господа Бога, да простят меня священнослужители. А если не выгодно, готовы растоптать все подряд». Тым не менш, 21 ліпеня 1994 г. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў кандыдатуру Гаркуна на пасаду віцэ-прэм’ера: «Трезвый прагматик, нам он подходит». Гаркун, па словах Лукашэнкі, павінен быў курыраваць сельскую гаспадарку.
Уладзімір Гаркун
Алег Трусаў заклікаў Гаркуна зрабіць усё, каб малако не каштавала як «Хершы-Кола» (папулярны на тыя часы напой; на паседжанні нечарговай чатырнаццатай сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання 27 красавіка 1994 года Лукашэнка прапанаваў змяніць назву вядомага соўса «Анкл-Бэнск» на «Анкл-Кебіч») і патрабаваў разабрацца з пытаннем наконт зямельных участкаў для грамадзян.
Гаркун адказаў, што трэба цалкам перагледжваць палітыку закупачных цэнаў і зрабіць больш жорсткай адказнасць за набытыя зямельныя ўчасткі: «У многих они просто позаростали».
Гаркуна падтрымалі 273 дэпутаты з 285, якія бралі ўдзел у галасаванні.
У Мясніковіча, Лінга і Гаркуна склаліся спрыяльныя лёсы. Калі першыя два працавалі прэм’ер-міністрамі, то апошні — паслом у Літве і нават абараніў кандыдацкую дысертацыю аб рэфармаванні сельскай гаспадаркі Беларусі.
Чаго нельга сказаць пра Віктара Ганчара. Ягонае таямнічае знікненне ў верасні 1999 года — адна з самых ганебных падзей у гісторыі незалежнай Беларусі. А ў тым далёкім 1994 годзе Віктар быў упэўнены, што на пасадзе віцэ-прэм’ера па сацыяльных пытаннях зробіць шмат. Вось што казаў пра Ганчара Лукашэнка: «Талантливый, умный, дай Бог ему стойкости, у человека завершилось формирование жёсткого стержня. Минчанин, очень хороший человек» (у слове «минчанин» у Лукашэнкі праявілася непрыязнасць да сталіцы; вось што казаў дэпутат Лукашэнка 28 кастрычніка 1992 года: «Может быть, кому-то не нравятся мои выступления, от них попахивает провинциальностью. Но провинция о себе вскоре заявит. Она не будет терпеть, кормить и одевать заумных политиков, даже если они из столицы»).
Сяргей Антончык патрабаваў пералічыць пасады, на якія раней прэтэндаваў Ганчар. Аднак Віктар заклікаў да таго, каб ягоную працу ацэньвалі па Маладзечне (у 1991 годзе Ганчар стаў намеснікам мэра «горада Сонца» — Генадзя Карпенкі).
Ганчара падтрымаў дэпутат Іван Трусаў: «Он идёт не на почётную должность, а рискует своей биографией, репутацией, здоровьем и семьёй».
У выніку Ганчара атрымаў на сваю карысць 258 галасоў з 272. Аднак у снежні 1994 года Віктар сышоў добрахвотна. Ягоныя шляхі з Лукашэнкам разыйшліся назаўсёды.
Справы ўнутраныя
На пасаду кіраўніка МУС быў прапанаваны генерал Захаранка. Пра трагічны лёс Юрыя Мікалаевіча «Новы час» ужо распавядаў.
Яўген Новікаў заклікаў Захаранку звярнуць увагу на катаванні ў турмах.
Маці Юрыя Ульяна так і не дачакалася….
Справы знешнія
На пасаду кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Лукашэнка прапанаваў кадравага дыпламата, выпускніка легендарнага «МГИМО», пасла Беларусі ў Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірландыі Уладзіміра Сянько, які адзіны з кандыдатаў у міністры выступіў на беларускай мове і выклікаў захапленне дэпутацкага корпуса і асабіста старшыні Вярхоўнага Савета Мечыслава Грыба.
У Сянько быў найлепшы вынік: з 269 дэпутатаў, што ўзялі ўдзел у галасаванні, дыпламата падтрымалі ўсе, ніхто не выказаўся супраць, ніхто не ўстрымаўся. Сянько пратрымаўся на пасадзе да студзеня 1997 года. Далей Сянько не выказваў аніякіх палітычных абміцый, задаволіўшыся рознымі пасадамі, у тым ліку і ў Нацыянальны сходзе.
Аднак аўтар гэтых строк упэўнены: Уладзмір Лявонавіч быў бы сапраўдным прэзідэнтам Беларусі.
З міністрам абароны не ўсё ў парадку
Пад такім загалоўкам у верасні 1994 года ў адным з нумароў «Свабоды» выйшаў матэрыял пра новага міністра абароны Анатоля Кастэнку. Журналісты звярталі ўвагу на «белы» ваенны білет міністра і на тое, што ён так і не прыняў беларускую прысягу.
Пратэжэ Лукашэнкі 21 ліпеня 1994 года казаў дэпутатам: «Меня влечёт стремление быть максимально полезным для общества и привнести свой достойный вклад в становление и строительство молодой армии нашей республики».
Супраць Кастэнкі рашуча выступіў Антончык. Дэпутат паведаміў, што пры Кастэнку — камандуючым Беларускай вайсковай акругай меў месца актыўны продаж тэхнікі і маёмасці. Па звестках Антончыка, з верасня 1991 года былі прададзены 69 электрастанцый, «сотни бензовозов», пяць вялікіх артылерыйскіх цягачоў і «50 километров кабеля».
Акрамя таго, сцвярждаў Антончык, Кастэнка спрыяў стварэнню шматлікіх камерцыйных структураў пры арміі: напрыклад, малое прадпрыемства «Надзея» пры 140-м бранетанкавым рамонтным заводзе ў Барысаве. Лукашэнка, які ўзяў слова, абвінаваціў Антончыка ў русафобіі: маўляў, раз Кастэнка рускі, на яго можна спусціць усіх сабак. Аднак Антончык ні аднаго слова не казаў пра нацыянальнасць Кастэнкі. Аб недапушчальнасці такіх пасажаў Лукашэнку папярэдзіў дэпутат ад апазіцыі БНФ Валянцін Голубеў.Намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Уладзімір Русакевіч задаў пытанне Кастэнку: якім ён бачыць лёс былога міністра абароны Паўла Казлоўскага, які ўступіў у канфлікт з кандыдатам у прэзідэнты Лукашэнкам. Кастэнка адказаў, што лёс Казлоўскага павінны вырашаць прэзідэнт і ўрад.
Сам Кастэнка, за якога прагаласавалі 239 дэпутатаў з 254, пратрымаўся на пасадзе да 6 чэрвеня 1995 года. Апальны міністр абароны тлумачыў сваю адстаўку загадзя спланавай акцыяй спецслужбаў.
Аднак у Лукашэнкі было сваё меркаванне. 4 мая 1996 года ў выступе перад дэпутатамі Вярхоўнага Савета 13 склікання Лукашэнка заявіў наступнае: «Костенко способный военачальник, но допустил ряд отступлений от норм, которые должны соблюдаться; были у него промахи и в кадрах».
Галоўнае — на засвечвацца
Адно з інтрыгоўных пытаннях тычылася новага старшыні КДБ. З 1990 па 1994 годы грозным ведамствам кіраваў Эдуард Шыркоўскі. Аднак ў студзені 1994 года Шыркоўскі быў пазбаўлены пасады: раз’юшаныя дэпутаты Вярхоўнага Савета пакаралі яго за тое, што беларускія чэкісты дазволілі фактычнае выкраданне з тэрыторыі Беларусі літоўскімі спецслужбамі двух былых кіраўнікоў кампартыі Літвы: Юозаса Ермалавічуса і Міколаса Буракявічуса.
На месца Шыркоўскага ў лютым 1994 года прыйшоў Генадзь Лавіцкі (дарэчы, адзін з нешматлікіх чэкістаў, якія сталі дэпутатамі Вярхоўнага Савета).
Аднак Лукашэнка зрабіў стаўку на былога міністра ўнутраных спраў Уладзміра Ягорава (ён разам сышоў з Шыркоўскім па справе літоўцаў). Відаць, Лукашэнку ўразіла тое, як годна тады вёў сябе Ягораў.
На сілавіка Ягорава, прыхільніка Уладзіміра Караткевіча моцна ўплывала ягоная жонка Ядвіга Грыгаровіч, рэктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.
Праўда, 21 ліпеня 1994 года Ягорава падтрымалі толькі 180 дэпутатаў з 207.
Пасля рэферэндуму 24 лістапада 1996 года Ягораў пайшоў у Палату прадстаўнікоў.
Фінансы пяюць рамансы
На пасадзе галоўнага казначэя Лукашэнка прапанаваў пакінуць кебічаўца Сцяпана Янчука: «Не умеет так пылко говорить, но не бросал деньги на ветер». Аднак Сцяпан адмовіўся па стане здароўя. Выкончаючым абаавязкі быў прызначаны першы намеснік міністра фінансаў ва ўрадзе Кебіча Мікалай Румас. 27 снежня 1994 г. міністрам фінансаў стаў Павел Дзік.
Багіня Феміда
Безумоўную інтрыгу ў паседжанне сесіі Вярхоўнага Савета 21 ліпеня 1994 года ўносіла пытанне аб старшыні Канстытуцыйнага Суда, які быў уведзены паводле Канстытуцыі 15 сакавіка 1994 года. Склад Канстытуцыйнага Суда быў абраны 27 красавіка 1994 года. На пасаду старшыні Лукашэнка прапанаваў свайго паплечніка Дзмітрыя Булахава, следчага з Магілёва, які адзін з першых у рэспубліцы «раскручваў» справы па рэкеце.
СМІ звярталі ўвагу на афіцыйнасць і нават сухасць Булахава, нягледзячы на малады ўзрост. Аднак амаль усе дэпутаты прызнавалі ягоную бліскучую юрыдычную кваліфікацыю. Так, 1 кастрычніка 1991 года дэпутат ад Беларускага таварыства сляпых Анатоль Нятылькін (той самы, што заклікаў Лукашэнку на ягонай інаугурацыі 20 ліпеня 1994 года «слушать всех, но делать по-своему») назваў Булахава «парламентским самородком».
Аднак кар’еру Булахава (яму нават прадказвалі пасаду прэзідэнта) перакарэсліла дарожна-транспартнае здарэнне ў студзені 1993 года. Тады Булахаў, нягледзячы на інструкцыі, сеў за стырно службовага аўто і насмерць збіў жанчыну. У спрэчцы з Булахавым 1 ліпеня 1993 года старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч назваў гэта забойствам.
Аб немагчымасці абрання Булахава на пасаду старшыні Канстытуцыйнага Суда ў сувязі з ДТЗ казаў Сяргей Антончык. Дэпутат ад апазіцыі БНФ патрабаваў разгледзіць факт палёту Булахава і ягонай жонкі ўвосень 1993 года ў Егіпет за кошт (5 тыс. 278 долараў) адной камерцыйнай кампаніі.
Супраць Булахава выступіў і Яўген Новікаў. Ён заявіў, што калі Булахаў будзе абраны, то прэзідэнт мусіць рэабілітаваць усіх, хто здзейсніў забойства па неаасцярожнасці.
У сваім выступе Булахаў заявіў, што Канстытуцыя не ідэальная, таму паміж прэзідэнтам і Вярхоўным Саветам будуць канфлікты, таму своеасаблівым буферам паміж выканаўчай і заканадаўчай уладай павінен стаць Канстытуцыйны Суд. Уласнае крэда Булахаў агучыў так: «Служить бы рад, прислуживаться тошно».
Вынікі галасавання былі наступныя. З 300 атрыманых дэпутатамі бюлетэняў у скрыні апынуліся 300, з іх 12 — несапраўдныя. За Булахава — 132, супраць — 156. Сяргей Навумчык сведчыць, што калі абвясцілі вынікі, Булахаў збялеў.
Праўда, Лукашэнка заявіў: «В том, что не утвердили кандидатуру Булахова, нет никакой трагедии. Этот молодой человек всегда найдёт место в жизни, достойную работу, в том числе и в аппарате президента».
Аднак пасады Булахаў не атрымаў, а стаў прадстаўніком Лукашэнкі ў Вярхоўным Савеце, потым сышоў у апазіцыю, у 1996 годзе неўдала балатаваўся ў суддзі Канстытуцыйнага Суда, потым зноў вярнуўся да Лукашэнкі, здымаўся ў прапагандысцкіх фільмах АНТ, стаў прадстаўніком Лукашэнкі ў Палаце прадстаўнікоў і не дажыў нават да 50-годдзя.
Кожнаму — па справах яго (Ад Матфея; 16-27).