Наталля Гардзіенка: Захацелася вярнуць імёны
Кандыдат гістарычных навук Наталля Гардзіенка ўжо паспела трапіць у гісторыю сама, калі стала першай кіраўніцай створанай нядаўна пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў секцыі нон-фікшн, то бок непрыдуманай літаратуры.
Наталля Гардзіенка
Але не толькі гэта з’яўляецца яе дасягненнем. Сёння Наталля Гардзіенка — адзін з найбольш дасведчаных знаўцаў беларускай эміграцыі.
Аляксандр Тамковіч
Дзяцінства
З 6 ліпеня 1977 года і да вяселля мяне называлі Наталляй Арловай. Нарадзілася я ў Мінску. Маці, Таццяна Георгіеўна, — медык, родам таксама з Мінску, але яе бацькі паходзілі са Случчыны, з-пад Лядна. Землякі Мікалая Статкевіча.
А бацька, Сяргей Віктаравіч, паходзіць з Круглага Магілёўскай вобласці. Доўгі час ён быў вайскоўцам, скончыў вайсковую вучэльню, якую ў Мінску называюць ВІЗРВ. Калі мая маці вучылася ў медінстытуце, яны і пазнаёміліся.
Пасля заканчэння вучылішча бацьку накіравалі служыць у войскі супрацьпаветранай абароны на Далёкі Усход, дакладней, на самую мяжу з Кітаем у Усурыйскі раён. На дзесяць гадоў.
Маленькая Наташа Арлова. 1982 г.
Калі мне споўнілася тры, мама павезла мяне да таты. Там пайшла я ў дзіцячы садок. На Далёкім Усходзе нарадзіўся мой брат Віктар, які зараз жыве ў ЗША, працуе праграмістам.
Калі надышоў час ісці ў школу, бацькі вырашылі, што мне лепш вярнуцца ў Мінск, дзе жылі бацькі маёй маці: мая бабуля Ганна Аляксандраўна, дзядуля Георгій Рыгоравіч і цётка Ала Георгіеўна. Так і зрабілі.
Наталля Гардзіенка з маці і братам Віктарам. Мінск, 1981 г.
У першы клас я пайшла ў школу № 150, што ў мікрараёне Масюкоўшчына. А тата з мамай разам з братам яшчэ два гады былі на Далёкім Усходзе.
У 1986 годзе бацьку накіравалі ў Еменскую Арабскую Рэспубліку, якую да аб’яднання называлі Паўночным Еменам. У трэцім класе я вучылася ў тамтэйшай сталіцы Сане, у школе пры савецкай амбасадзе. Гэта была цікавая, надзвычай інтэрнацыянальная школа.
З маці, бацькам і братам. Сана (Емен), 1987 г.
Бацькава вяртанне з Емена супала з развалам Савецкага Саюза, і ён вырашыў застацца ў Беларусі і працягваць службу ў Лідзе, дзе ў школе №15 я вучылася восьмы і дзявяты класы.
Бацька не імкнуўся да вялікіх зорачак на пагонах (напэўна, войскі супрацьпаветранай абароны — не самая лепшае месца для кар’ернага росту ўвогуле), таму зволіўся на пенсію ў сціплым чыне капітана. Гутарка, канечне, пра ваенную пенсію, бо ён і па наш дзень працуе інжынерам-электрыкам на хлебазаводзе ў Мінску.
Як бачна, сярэдніх школаў мне давялося змяніць даволі багата, што, як вядома, магло негатыўна адбіцца на ўзроўні адукацыі. На шчасце, гэтага не адбылося, пра што сведчыць паступленне ў знакаміты Ліцэй БДУ.
Ліцэй БДУ
Гэта быў 1992 год. Паступіць у ліцэй заўсёды цяжка. Тым больш для дзяўчынкі з беларускай правінцыі. Зразумела, чаму ніхто з блізкіх у мой поспех асабліва не верыў. У мяне ж была моцная матывацыя — я вельмі хацела вярнуцца з Ліды ў Мінск.
Паступіла я ў ліцэй (на маё глыбокае перакананне) перш за ўсё дзякуючы настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Наталлі Іванаўне Венсковіч, якая мяне для гэтага спецыяльна рыхтавала. І ішла я туды ў першую чаргу як будучы філолаг.
Іспыты ў профільны клас былі адпаведныя: беларуская мова і літаратура (вусна), руская мова (пераказ) і гісторыя Беларусі (вусна). Конкурс быў вялікі, каля 6 чалавек на месца, што мяне зусім не дзівіла.
А вось тыя, хто прымаў іспыты, былі крыху здзіўлены ўзроўнем ведаў «дзяўчынкі з правінцыі»… У выніку я паступіла і скончыла ліцэй з залатым медалём.
Клас у нас быў гісторыка-філалагічны. Нягледзячы на тое, што я паступала як філолаг, падчас вучобы настаўнікі мяне «пераарыентавалі» на гісторыю.
З братам Віктарам. Вёска Круглае, 2002 г.
Універсітэцкая гісторыя
З ліцэя адразу пайшла на гістфак БДУ. Вучылася на беларускамоўным аддзяленні. У мяне ніколі не было праблем з беларускай мовай, хаця статус дачкі вайскоўца дазваляў яе не вучыць. Калі тая з’явілася сярод прадметаў навучання, я якраз з’ехала ў Емен, а па вяртанні ў беларускую школу настаўніца мне сказала: «Табе ж нескладана будзе вучыць беларускую мову, а ў хуткім часе яна будзе паўсюль патрэбная? Можа ўсё ж будзеш яе вучыць?» Так я і зрабіла.
Як у шмат якіх гарадскіх дзяцей, у мяне былі родныя на вёсцы. Практычна кожнае лета праводзіла ў вёсках ці на Случчыне, ці на Магілёўшчыне, таму беларускую мову чула. Яна мне падабалася заўсёды (нават у адпаведных алімпіядах удзельнічала), і з ёй, паўтару, не было ніякіх праблем. Прафесійнае маё гістарычнае жыццё ад універсітэта было звязана з беларускай мовай. У пэўны момант перайшла на яе і ў сям’і, гэта адбылося ўжо пасля нараджэння сына Яраслава.
Шчыра кажучы, да вучобы ў ліцэі ніколі не думала, што стану гісторыкам. Гісторыя мне не вельмі падабалася, бо школьны настаўнік быў не самым лепшым…
Калі ж паступала на гістфак, меркавала, што буду спецыялізавацца на сусветнай гісторыі, аднак даволі хутка арыенцір зноў кардынальна змяніўся. Ужо на першым курсе я пайшла на кафедру гісторыі Беларусі Старажытнага часу і Сярэдніх вякоў.
Першыя гады ўніверсітэцкай вучобы былі даволі простымі, таму што мы, ліцэісты, мелі вельмі багаты «багаж», на якім можна было доўга трымацца. Але вялікую ролю адыгралі і выкладчыкі. Перш за ўсё, Павел Алегавіч Лойка і Уладзімір Пятровіч Емяльянчык, што і выкладалі старажытную гісторыю Беларусі. Яны настолькі «запалілі» студэнтаў беларускай гісторыяй, што значная частка курса хацела спецыялізавацца на іх кафедры. На жаль, абодва гэтыя выкладчыкі сышлі ў лепшы свет у маладым узросце.
Маім навуковым кіраўніком быў Уладзімір Пятровіч Емяльянчык. Ён быў добрым спецыялістам па беларускай гісторыі XVIII стагоддзя. Гэта і прадвызначыла маю цікавасць да таго перыяду. Ужо з трэцяга курсу я пісала па ім курсавыя работы, абараняла дыплом. А пазней і кандыдацкая дысертацыя называлася «Становішча жанчыны-шляхцянкі ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVIII стагоддзі». Тэму падказала таксама нашая ўніверсітэцкая выкладчыца Алена Мікалаеўна Філатава. Яна ж вельмі падтрымлівала мяне ў працы і пры абароне.
Ва ўніверсітэце сустрэла свайго будучага мужа Алега Гардзіенку, з якім на апошнім курсе мы пабраліся шлюбам. У 2006 годзе ў нас нарадзіўся сын Яраслаў.
З сынам Яраславам. 1 верасня 2012 г.
Прафесійныя зігзагі
Натуральна, пасля заканчэння ўніверсітэту я пайшла ў аспірантуру. Амаль адразу. Канечне, было патрабаванне спачатку ўладкавацца на працу і толькі потым паступаць.
Па размерванні мяне (як мінчанку) пакінулі ў Мінску, дзе і прапрацавала ў школе настаўніцай гісторыі роўна чатыры месяцы, да таго моманту, як паступіла ў вочную аспірантуру. Мне вельмі хацелася займацца менавіта даследчыцкай працай, бо настаўніцтва здавалася не зусім маім заняткам.
Тым не менш, яшчэ да заканчэння аспірантуры і абароны дысертацыі я ўладкавалася на працу ў Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі (МАІРА — сучасная назва), то бок у тую ўстанову, што працуе з настаўнікамі, займаецца павышэннем іх кваліфікацыі.
У МАІРА я прапрацавала да канца 2010 года. Спачатку звычайным выкладчыкам, потым дэканам факультэта, а апошні год была прарэктарам па вучэбнай працы. Можна сказаць, зрабіла кар’еру, якая, што праўда, мяне зусім не цікавіла.
Да канца 2010 года ў інстытуце ніхто асабліва не цікавіўся маімі палітычнымі поглядамі і прыярытэтамі, але менавіта яны адыгралі важную ролю, калі я сыходзіла. Дакладней, сталі адной з прычын.
Як ужо казала, мяне не вельмі цікавіў настаўніцкі шлях. Не вельмі падабаліся мне і кіраўнічыя пасады. Трывала ўсё пры ўмове, што мела магчымасць займацца найбольш для мяне цікавым — даследчай працай. Але паступова часу на даследаванні станавілася ўсё меней, таму пачала шукаць варыянты, каб сысці з інстытута. Урэшце сышла не па ўласным жаданні.
Нагадаю, пры канцы 2010 года былі прэзідэнцкія выбары, і ўсё, што з імі звязана. Муж працаваў і працуе ў «Нашай Ніве», і час пасля выбараў быў даволі нервовы, мы чакалі розных непрыемнасцей у выглядзе ператрусаў. Да таго ж мой бацька быў пасля выбараў на плошчы перад Домам ураду (я не была, бо сядзела з сынам)...
З сынам Прэзідэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка Альгердам. Парыж, 2012 г.
Словам, перад самым Новым годам кіраўніцтва інстытута вырашыла, што я ўяўляю для яго небяспеку. Справа ў тым, што я была адзіным прарэктарам, няўзгодненым непасрэдна з абласным кіраўніцтвам адукацыі. Так атрымалася ў выніку чарговай рэарганізацыі інстытута. Калі пайшлі размовы наконт апазіцыйнасці маёй сям’і, гэта стала выглядаць небяспечным для кіраўніцтва, і рэктар прапанавала мне звольніцца. Напэўна, калі б я вельмі хацела гэтай працы, то змагалася б. Але я ўжо нудзілася там, трымаў толькі вельмі добры калектыў…
У выніку 30 снежня 2010 года я сышла «ў нікуды». Нягледзячы на маральную падрыхтаванасць, самі абставіны зрабілі сыход даволі балючым.
Паўгода жыла, як кажуць зараз, дармаедкай, пакуль не ўладкавалася выкладаць у прыватную навучальную ўстанову — Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва. Так я зноў стала выкладчыцай, толькі ўжо не для настаўнікаў, а для студэнтаў. Праз тры гады выкладання мая афіцыйная прафесійная кар’ера зрабіла чарговы зігзаг — мяне запрасілі ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва для працы беларускімі замежнымі фондамі. За 1990-я і 2000-я гады тут назбіралася даволі шмат матэрыялаў, якія перадавалі беларусы замежжа, аднак не было спецыяліста, хто б мог з імі працаваць. Так я стала архівістам, і, здаецца, нарэшце знайшла тое месца, дзе сапраўды хочацца працаваць.
На прыёме ў амерыканскага амбасадара. Злева направа: Ягор Фядзюшын, Вольга Іпатава, Вітаўт Кіпель, Алег і Наталля Гардзіенкі. Мінск, 2005 г.
Гісторыя з эміграцыяй
Вельмі добра памятаю, што, калі на гістфаку мы здавалі іспыт па пасляваеннай гісторыі Беларусі, я надта не хацела, каб мне трапілі пытанні па беларускай дыяспары. З-за фрагментарнасці інфармацыі гэтая тэма была для мяне цёмным лесам. Тады я літаральна малілася, каб мне не дасталася тое, чым займаюся сёння.
У змене стаўлення зноў, як часта ў маім жыцці, адыграла ролю асоба. На пачатку 2000-х гадоў я пазнаёмілася з архівістам, бібліятэкарам, даследчыкам беларускай эміграцыі з Нью-Ёрка Лявонам Юрэвічам. Ад таго часу пачалося супрацоўніцтва і сяброўства. Калі скончыла сваю дысертацыю, XVІІІ стагоддзе стала мне не вельмі цікавым, прыйшла так званая «стомленасць ад матэрыялу». Нехта з калегаў слушна заўважыў: гісторыку трэба праз пэўны час змяняць або тэму, або перыяд даследаванняў, бо «прытупляецца» ўспрыманне матэрыялу. Для мяне XVІІІ стагоддзе змянілася на ХХ, на тэму эміграцыі.
З прафесарам Сіднейскага ўніверсітэта Вольгай Качан. Сідней, 2003 г.
На пачатку 2000-х гадоў мы рыхтавалі да друку «Хроніку беларускага жыцця на чужыне» Міколы Панькова. Гэта храналагічныя запісы (памесячныя і нават падзённыя) пра тое, што адбывалася ў асяродках беларускага замежжа на Захадзе, пачынаючы ад канца 1940-х гадоў і да пачатку 1980-х. Я дапамагала рабіць іменны паказнік. Вельмі ўразіла, што шмат хто з некалькіх тысяч узгаданых прозвішчаў былі цалкам невядомыя для нас, складана было нават расшыфроўваць ініцыялы. Стала крыўдна за гэтых людзей, захацелася вярнуць імёны.
Паколькі мая дысертацыя была прысвечаная жанчынам, то і тут я вырашыла аддаць прыярытэт менавіта жанчынам на эміграцыі. І калі пра беларускую эміграцыю наогул было даволі мала інфармацыі, то пра жанчын — амаль не было.
Дзякуючы Лявону Юрэвічу і Віктару Кавалеўскаму (беларусу з Аўстраліі) я пачала збіраць адрасы беларускіх жанчын, да якіх можна было б звярнуцца, каб запісаць іх успаміны.
З Алегам Шнэкам. Мельбурн, 2003 г.
Было напісана вельмі шмат лістоў у Канаду, ЗША, Аўстралію. Хтосьці адгукнуўся, як Раіса Жук-Грышкевіч з Канады, з якой у нас наладзілася ліставанне. Але найбольш актыўнымі аказаліся беларусы Аўстраліі, прычым, менавіта мужчыны. Яны вырашылі, што будзе лепш не адказваць на мае пытанні лістамі, а запрасіць мяне туды, каб я на месцы паразмаўляла з іх жанчынамі і запісала ўсё, што хачу. Папярэдне, канечне, яны высветлілі, хто я такая, зрабілі адпаведныя даведкі ў Згуртаванні беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Так нечакана праз месяц пасля абароны дысертацыі я з’ехала на чатыры тыдні да аўстралійскіх беларусаў. Было гэта ўвесну 2003 года.
Тыдзень я правяла ў Мельбурне, тыдзень — у Адэлаідзе, два тыдні — у Сіднеі. Жыла ў сем’ях беларускіх эмігрантаў. Яны арганізоўвалі сустрэчы з іншымі беларусамі. Я запісала тады дзясяткі інтэрв’ю. Дакладней — паспела запісаць. На жаль, шмат удзельнікаў тых размоў ужо адышлі ў іншы свет.
Аўстралійскія ўспаміны сталі асноўнай часткай маёй першай кнігі. Але ў працэсе працы над ёй стала зразумела, што пісаць выключна пра жанчын не выпадае — пра беларусаў Аўстраліі наогул амаль нічога не было вядома ў Беларусі. У выніку, кніга была прысвечаная і беларусам, і беларускам Аўстраліі. Яна пабачыла свет у 2004-м і стала першай маёй прыступкай у вывучэнні беларускай эміграцыі.
У працэсе працы над кнігай у мяне наладзіліся добрыя стасункі са Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына», і паступіла прапанова працягнуць працу над тэмай. Тады беларусы Брытаніі шукалі некага, каб папрацаваў з іх архівамі, і я паехала туды. Так з’явілася другая кніга ў 2010 годзе. Потым, якраз у перыяд вымушанага дармаедства, я змагла папрацаваць з архівамі канадскіх беларусаў, на падставе якіх плануецца яшчэ адна кніга. Таксама разам з Лявонам Юрэвічам за апошнія гады мы выдалі ўжо дзве кнігі пра Раду БНР на эміграцыі і рыхтуем трэцюю.
Цікавасць да эміграцыі адлюстравалася не толькі ў кнігах. Яшчэ калі ішла праца над кнігай пра беларусаў Аўстраліі, паступіла прапанова паўдзельнічаць у выданні альманаха «Запісы Беларускага інстытута навукі і мастацтва». Гэты альманах пачаў выдавацца яшчэ ў 1950-х у Нью-Ёрку, калі інстытут быў толькі заснаваны.
Пачынаючы з 2004 года да сёння я рэдагую «Запісы», а выдаюцца яны штогод.
Ад самага пачатку гэтай працы беларусы замежжа, найперш з БІНіМа, перадалі вельмі шмат каштоўных дакументаў. З часам нашая кватэра стала нагадваць музей, таму я ўсё перанакіравала ў больш адпаведнае месца — Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, той самы, дзе цяпер працую. Тут мы стварылі своеасаблівы Цэнтр камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа, які можа займацца збіраннем матэрыялаў больш эфектыўна. Дзякуючы нашай працы ў мінулым годзе ў Беларусь з ЗША сярод іншага былі вернутыя аўтографы Янкі Купалы і Уладзіміра Жылкі.
Цікавасць да беларускага замежжа ў мяне шматбаковая. І выставу неяк удалося арганізаваць, і інтэрв’ю запісваюцца, і архівы збіраюцца, і секцыю на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Коўна арганізоўваю. Даволі шмат даводзіцца займацца падрыхтоўкай да друку розных эміграцыйных ці эміграцыязнаўчых тэкстаў. Багата кніг было выдадзена ў серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны» Згуртавання беларусаў свету.
У 2010 годзе пачалося таксама супрацоўніцтва з выдавецтвам «Лімарыус». З’явілася ідэя стварыць серыю, дзе б выдаваліся ўспаміны беларускіх эмігрантаў. Аляксандр Фядута прапанаваў пашырыць ініцыятыву да выдання наогул беларускіх мемуараў. Так паўстала «Беларуская мемуарная бібліятэка». У 2011 годзе амаль адначасова выйшлі дзве кнігі: «Успаміны пасла» Аляксандра Стагановіча, падрыхтаваныя гісторыкам Аляксандрам Пашкевічам, і «Успаміны» Яўстафія Янушкевіча, што былі падрыхтаваныя Вольгай Гарбачовай. І серыя атрымала жыццё. Сёння ў ёй выйшла ўжо больш за дзясятак кніг, сярод якіх значная частка «эміграцыйных».
Тэма эміграцыі мне даволі шмат дала. Але, бадай, самае каштоўнае — вялікая колькасць цікавых знаёмстваў з беларусамі (і не толькі) з розных краінаў. Асабліва важнымі асобамі для мяне сталі айцец Аляксандр Надсан, які дапамагаў у працы над кнігай пра беларусаў Вялікабрытаніі і ў размовах з якім прайшло багата гадзінаў, Вітаўт Кіпель, што падтрымлівае, бадай, усе мае эміграцыйназнаўчыя ініцыятывы і чый прыклад актыўнай жыццёвай пазіцыі дае і мне сілы для працы, Янка Запруднік, што актыўна папаўняе нашыя архіўныя фонды, дапамагае матэрыяламі, Юры Туронак, чыя даследчая праца для мяне заўсёды будзе прыкладам дакладнасці і сумленнасці… Можна згадваць дзясяткі імёнаў беларусаў Аўстраліі, Брытаніі, ЗША, Канады, Польшчы ды іншых краінаў, з кім давялося спаткацца, якія пакінулі след у маім жыцці. Гэтыя сустрэчы не толькі ўзбагацілі мае веды пра эміграцыю, але і шмат далі ў разуменні каштоўнасці міжчалавечых адносінаў.
З айцом Аляксандрам Надсанам. Лондан, 2005 г.
Нягледзячы на тое, што ёсць яшчэ багата планаў і даследчых, і выдавецкіх, і іншых, сёння я задаволеная тым, што ўжо ўдалося зрабіць.
Пэўная ідэалізацыя эміграцыі, якая была ўласцівая 1990-м гадам, па сутнасці, знікла. Тады яна была цалкам абгрунтаванай, бо тэма эміграцыі толькі-толькі адкрывалася. Але сёння створаныя падставы для сапраўды сур’ёзных даследаванняў, і для разумення, што беларускае замежжа шмат у чым ёсць адлюстраваннем грамадства метраполіі, там дзейнічаюць тыя самыя механізмы, існуюць тыя самыя праблемы. Вельмі важна ўсведамляць, што і ў Беларусі, і ў замежжы жывуць тыя ж беларусы, яны — часткі адзінай нацыі, складнікі агульнай нацыянальнай гісторыі і культуры.
Гісторыя з літаратурай
Нягледзячы на тое, што ўжо больш за дзясятак гадоў я актыўна працую з рознымі тэкстамі, багата пішу, але доўгі час не думала пра сябе менавіта як пра пісьменніка. Штуршок прыйшоў звонку. Восенню пазамінулага года мне патэлефанавалі з Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП) і прапанавалі з’ездзіць у Швецыю, паглядзець, як пры тамтэйшым пісьменніцкім саюзе працуе секцыя нон-фікшн.
Зразумела, пасля такой прапановы я стала цікавіцца, у чым сутнасць літаратуры нон-фікшн, бо было гэта для мяне адносна новым паняццем. Вырашыла стаць сябрам СБП.
Пазней даведалася, што з гэтым былі праблемы, бо далёка не ўсе пісьменнікі лічаць нон-фікшн сапраўды літаратурай...
У Швецыі я паглядзела, як усё працуе там, пазнаёмілася з кіраўніцай секцыі нон-фікшн Анэт Розэнгрэн. У часе гэтай паездкі ўзнікла ідэя стварыць падобную секцыю і ў нас. Старшыня СБП Барыс Пятровіч ідэю шчыра падтрымаў. У выніку ўвесну мінулага года секцыя непрыдуманай літаратуры пры СБП была створана, і мяне абралі яе кіраўніцай.
Пакуль значнымі вынікамі працы пахваліцца не магу. Напэўна, найбольш важным стала заснаванне прэміі імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў у галіне непрыдуманай літаратуры, якую мы сёлета ўпершыню ўручылі. У гэтай прэміі спалучылася тое, што мяне на сёння найбольш цікавіць: тэма эміграцыі і літаратура нон-фікшн. Спадзяюся, у абедзвюх галінах яшчэ атрымаецца нешта карыснае зрабіць.
Аўтар удзячны культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!»