100 гадоў Антону Шукелойцю!

Антон Шукелойць нарадзіўся 19 ліпеня 1915 года ў вёсцы Якелеўшчына, што непадалёк Жупранаў на гістарычнай Ашмяншчыне.



dsc00738.jpg

Вучыўся ў Жупранскай пачатковай школе, пасля ў Ашмянскай польскай гімназіі. У 1939-м скончыў аддзяленне славянскай філалогіі і этнаграфіі гуманітарнага факультэту ўніверсітэту Стэфана Баторыя ў Вільні.

У старадаўняй беларускай сталіцы далучыўся да гуртка моладзі, якая выдавала часопіс “Золак”, уваходзіў у розныя беларускія студэнцкія арганізацыі. Спяваў у хоры пад кіраваннем Рыгора Шырмы. З 1939-га Антон Шукелойць працаваў настаўнікам на Ашмяншчыне, арганізаваў на тэрыторыі павету каля 90 беларускіх школ. У 1940-м стаў дэпутатам Ашмянскага гарадскога савету і загадчыкам мясцовага аддзелу народнай асветы, курыраваў школы. У чэрвені 1941-га арыштаваны НКВД, вызваліўся з турмы ў выніку налёту нямецкай авіяцыі.

У час фашыстоўскай акупацыі працаваў у аддзеле асветы і культуры Менскай гарадской управы, адраджаў беларускія музеі. Быў школьным інспектарам пры аддзеле БЦР. У 1944-м выехаў у Нямеччыну і больш на Беларусь ніколі не трапіў. У пачатку 1950-х пераехаў у ЗША, актыўна працаваў на ніве беларушчыны, шмат гадоў — старшыня Беларуска-Амерыканскага задзіночання, сябра рэдакцыі газеты “Беларус”, Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

Падрабязна пра лёс і дзейнасць выбітнага дзеяча беларускай эміграцыі можна прачытаць у кніжцы Зянона Пазьняка, якая выйшла ў 2003 годзе, — “Гутаркі з Антонам Шукелойцем”.

Беларускае Радыё Рацыя