Пайшоў з жыцця Фёдар Клімчук
Фёдар Клімчук — вядомы беларускі мовазнаўца, дыялектолаг пайшоў з жыцця 22 кастрычніка.
Нарадзіўся 27 лютага 1935 года ў вёсцы Сіманавічы Драгічынскага раёна. Ён быў унікальным знаўцам фальклору гэтага палескага рэгіёна. Ведаў і спяваў амаль тысячу песень, «старовынных» і «новішчіх». Запісаў некаторыя з іх у 1995-м годзе.
З дыску "Мужчынская традыцыя спеву"
Пра смерць Фёдара Клімчука напісаў на сваёй старонцы ў фейсбуку Мікалай Малашчонак:
«Сумная навіна — памёр Фёдар Клімчук, вядомы гісторык і мовазнавец, перакладчык Новага Запавету на палескі дыялект.
Як раз бліжэйшымі днямі я збіраўся прысвяціць пост #Бібліяпобач ягонаму ўнікальнаму перакладу Новага Запавету, а тут такая жахлівая навіна. Спадар Фёдар моцна хварэў апошні год, ён прысвяціў усё сваё жыццё гістарычным даследваньням развіцця беларускай мовы і яе дыялектаў, правёў сотні экспедыцый па Беларусі і склаў Атлас беларускіх гаворак.
У 2010 г. ён выдаў свой унікальны пераклад Новага Запавету на палескі дыялект, над якім працаваў каля 15 год. Некаторыя лічаць ягоны пераклад марным, але сам ён тлумачыў свае матывы любоў'ю да родных мясцін, бо "калі на якую-небудзь мову перакладзена Біблія, гэта азначае, што мова гэта не знікне, не забудзецца". На жаль, пераклад рабіўся не з арыгінальных моваў, але, тым ня менш — былі выкарыстаны царкоўнаславянскі, беларускі, украінскі, рускі і польскі пераклады. Хоць, канешне, пераклад гэты і не будзе мець шырокага ўжытку, але гэта дастаткова знакавая праца, бо наяўнасьць дыялектаў і іх развіцьцё толькі ўмацоўвае статус і пазыцыі беларускай мовы. Па апошніх падліках на сённяшні дзень існуе 18 перакладаў Новага Запавету на беларускую мову і гэта сьведчыць як пра вялікую цікаўнасьць і запатрабаванасьць Бібліі ў нашым народзе, так і пра глыбіню і шматграннасьць беларускай мовы».
Развітанне з Фёдарам Клімчуком адбудзецца 24 кастрычніка а 14-й гадзіне на Альшэўскага.