Слонімская ссылка Адама Станкевіча

Да 125-годдзя беларускага рэлігійнага, палітычнага і культурна-асветніцкага дзеяча, аднаго з заснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, рэдактара часопіса «Хрысціянская думка» Адама Станкевіча (1892-1949).

adam_stankevicz1_442x400.jpg


6 студзеня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння Адама Станкевіча.


Да пачатку Другой сусветнай вайны ён пэўны час жыў у Слоніме і вёў богаслужэнне ў касцёле бернардзінак, які знаходзіцца ў самым цэнтры горада. А выслалі яго сюды з Вільні за тое, што быў беларускім святаром і вёў службу на беларускай мове: «Варожа ставіцца да польскай дзяржаўнасці і апошнім часам на тэрыторыі Вільні і Віленшчыны разгарнуў барацьбу беларусаў за аўтаномію, імкнучыся да дасягнення поўнай незалежнасці Беларусі. Над дзейнасцю кс. Станкевіча ўстанавіць патаемнае назіранне» (з ліста следчага аддзела ў Вільні ў Навагрудак у справе высялення кс. Адама Станкевіча ў Слонім 14 студзеня 1939 года).

Так, 27 снежня 1938 года выехалі з Вільні выселеныя з прыгранічнай паласы на пяць гадоў рашэннем віленскага ваяводы кс. Адам Станкевіч, кс. Уладзіслаў Талочка і інжынер Адольф Клімовіч. Уладзіслаў Талочка пасяліўся ў Беластоку, Адольф Клімовіч — у Варшаве, а Адам Станкевіч — у Слоніме. Праўда, ён яшчэ паспеў перад высяленнем выдаць у Вільні кніжку «Беларускі хрысціянскі рух».

Новы 1939 год ксёндз Адам Станкевіч сустрэў у Слоніме. Акрамя службы ў касцёле бернардзінак (служыў па-польску, па-беларуску польскія ўлады не дазволілі), шмат пісаў на роднай мове, перапісваўся з беларусамі з Вільні, Беластока, Варшавы, Прагі, Менска, Санкт-Пецярбурга і іншых гарадоў. Тут, у Слоніме, ён нават пісаў свае «Каляндарныя нататкі», якія ажно ў 2004 годзе (№ 9) упершыню апублікаваў часопіс «Куфэрак Віленшчыны».

 

 

Так выглядаў касцёл у Слоніме(злева), дзе служыў Адам Станкевіч

Так выглядаў касцёл у Слоніме(злева), дзе служыў Адам Станкевіч


 

У Слоніме Адам Станкевіч напісаў і вялікую працу «З літуанізмаў у беларускай мове» і надрукаваў яе ў алфавітным парадку ў некалькіх нумарах квартальніка «Калосьсе». Праца гэтая выклікала вялікі рэзананс. Многім яна не падабалася. Так, напрыклад, у газеце «Беларускі фронт»(15.5.39 г., № 10) з’яўляецца вялікі артыкул «Аб «літуанізмах» Адама Станкевіча» нейкага Ш-ць. Ён моцна крытыкуе аўтара, абражае яго, наводзіць паніку і г.д.

Прачытаўшы гэта, спадар Станкевіч дасылае са Слоніма ў «Калосьсе» тактоўнае пісьмо-адказ: «Паважаны грам. рэдактар, не адмоўце памясьціць у «Калосьсі» гэтых некалькі слоў: «Я дужа ўдзячны гр. Ш-ць (“Бел. Фронт” № 10, 15.6.39) за крытычныя і фаховыя ўвагі да маёй працы «З літуанізмаў у беларускай мове»; падчырківаю — за крытычныя й фаховыя, характару языкаведнага, бо-ж, апрача гэтага, чаго там толькі няма!? Але transeat! Мне йдзець аб дасьледжаньне літуанізмаў у беларускай мове й з слушных (а ня ўсе так гэткія!) заўвагаў у гэтай праблеме я ахвотна скарыстаю, калі праца мая будзе выходзіць асобнай адбіткай. Тады выкажу так-жа свой пагляд і што да тых заўвагаў гр.Ш-ць, з якімі я не згаджаюся.

Прыміце, Гр. Рэдактар, словы маёй да Вас пашаны. Ад. Станкевіч. Слонім, 17.5.39 г.».  

Жывучы ў Слоніме, Адам Станкевіч пільна сочыць за выхадам новых беларускіх кніг. 27 красавіка 1939 года ён піша грунтоўную рэцэнзію на кніжку беларускага паэта і даследчыка Хведара Ільяшэвіча «Друкарня дома Мамонічаў у Вільні (1575-1622)» і друкуе яе ў часопісе «Калосьсе» (1939, № 2).

Крытык спыняецца на кожным з пяці раздзелаў працы Хведара Ільяшэвіча, указвае на іх каштоўнасць і значэнне. «Кніжка Хведара Ільяшэвіча, — адзначае Адам Станкевіч, — гэта значны ўклад у маладую беларускую навуку. Агульнай, аднак, нястачай кніжкі зьяўляецца нявыразны яе воблік беларускі. Мамонічы — гэта беларускія патрыёты й беларускія культурнікі, й кніжкі іх прызначаны для беларускага народу. Тымчасам гэта ў Хв.І. ня толькі што з націскам не адзначана, але нават як-бы сарамліва прыхавана пад бліжэй неазначанымі тэрмінамі: “Русь, рускі, патрыёт, Вял. Кн. Літоўскае” і інш. Я разумею, што да гэткай “саромлівасьці”, што да беларускасьці прымушалі аўтара абставіны, у якіх праца была пісана й выдана. Затое цяпер аўтар павінен сваю цэнную працу пералажыць на беларускі язык, паставіць “беларускія точкі” над усімі “і”, раскрыць усе “дужкі”, паставіць , дзе трэба, “беларускія націскі” і… па-беларуску выдаць. Але хто выдасьць? Гэтая кніжка мусіць праявіць сваю беларускую “душу” й мусіць прыадзецца ў сваю беларускую “вопрадку”».

За слонімскі перыяд жыцця кс. Адамам Станкевічам было напісана яшчэ шэраг артыкулаў і рэцэнзій.

Тут, у Слоніме, ён дапамог мясцоваму паэту Анатолю Іверсу (Івану Міско) (1912-1999) наладзіць сувязі з Вільняй наконт выдання яго першага паэтычнага зборніка «Песьні на загонах».

Пра гэта пры жыцці не раз расказваў старэйшы слонімскі паэт. Яны сустрэліся ў Слоніме ў 1939 годзе. І была на гэта нагода. Выдавецтва «Калосьсе» рыхтавала да друку зборнік вершаў Анатоля Іверса «Песьні на загонах». Рэдактар выдавецтва Ян Шутовіч, ведаючы, што паліцыя на вёсцы правярае, а часам і забірае карэспандэнцыю, карэктурныя лісткі зборніка прыслаў у касцёл у Слонім Адаму Станкевічу, а паэту напісаў пісьмо, каб той абавязкова зайшоў да ксяндза, што Іверс і зрабіў.

Гаспадар доміка, які знаходзіўся на касцельнай тэрыторыі, сустрэў слонімскага паэта ў сваім пакоі па-хатняму, без сутаны:

— Ведаю, ведаю пра вас. Вось карэктура вашай кнігі, уважліва прачытайце і зрабіце папраўкі, калі знойдзеце памылкі.

Малады Анатоль Іверс усхваляваўся, убачыўшы надрукаваныя на лістках свае вершы. Вочы сталі вільготнымі, і ён хутчэй па памяці, чым зрокава, пачаў чытаць вершаваныя радкі. Сям-там на палях ужо былі вынаскі літар, зробленыя Адамам Станкевічам.

Першы раз слонімскі паэт спасцігаў карэктарную мудрасць і, бадай, не знайшоў ні адной незаўважанай і не папраўленай памылкова набранай у тэксце літары. Пасля яны яшчэ доўга гутарылі, а напрыканцы сустрэчы Адам Станкевіч спытаў, ці надакучвае паліцыя.

— Яшчэ як дакучае, — сказаў Іверс, — лазіць па пятах, забірае з паштовага агенцтва беларускія і ўкраінскія газеты. Арыштоўвае хлопцаў перад святамі, рэдка абыходзіцца без катаванняў у дэфензіве. Забараняе ставіць беларускія спектаклі…

— Вось што, браток, не трэба лезці на ражон, — параіў Адам Вікенцьевіч. — Хоць, праўда, і я не ўсцярогся, бачыце, саслалі з Вільні ў Слонім. І тут не дазволілі ў касцёле праводзіць службу на беларускай мове…

На развітанне Адам Станкевіч запрасіў слонімскага паэта заходзіць часцей. Але больш ім сустрэцца не ўдалося, хоць пражыў ён у горадзе над Шчарай амаль год.

На працягу года Адаму Станкевічу са Слоніма і Адольфу Клімовічу з Варшавы пару разоў усё ж дазволілі наведаць Вільню. Прычым адзін раз Адам Станкевіч выступаў нават сведкам абароны ў судзе па справе Г.Дэмбінскага, заснавальніка газеты “Poprostu” (Chryscijanskaja Dumka.1939 г. № 13. С.7).

3 кастрычніка 1939 года Адам Станкевіч назаўсёды развітаўся са Слонімам і прыехаў у Вільню. Тут ён аднавіў выданне «Крыніцы», сустракаўся з прэзідэнтам Літвы А.Сметонай, узначальваў Беларускі цэнтр у Літве, выдаваў свае кнігі і брашуры, стварыў «Камісію Аховы Культурных Памятнікаў Беларусі», займаўся педагагічнай дзейнасцю.

Але 3 красавіка 1949 года яго арыштавалі органы НКУС, а 31 жніўня асобая нарада пры Міністэрстве дзяржаўнай бяспекі СССР прысудзіла яму 25 гадоў лагера па артыкуле 58 УК СССР (здрада Радзіме). А ў канцы лістапада 1949 года Адама Станкевіча не стала. Яго чэкісты проста забілі. Пахаваны беларускі святар у вёсцы Шаўчэнка Тайшэцкага раёна Іркуцкай вобласці Расіі.

Мікалай Якімец, Беларускае Радыё Рацыя