Уладзімір Колас
Нарыс пра Уладзіміра Коласа пісаўся ў той момант, калі вакол Рады беларускай інтэлігенцыі ўзнікла моцная інфармацыйная хваля з-за спробы дапамагчы апазіцыйным палітыкам абраць адзінага
кандыдата ў прэзідэнты. Не хачу займаць чыйсьці канкрэтны бок, бо гэта «хлеб палітолагаў». Скажу толькі, што калі палітыкай пачынаюць займаюцца не інтэлігентна, то інтэлігенцыя час
ад часу сама пачынае займацца палітыкамі.
З чаго пачыналася бацькаўшчына і кіно
Нарыс пра Уладзіміра Коласа пісаўся ў той момант, калі вакол Рады беларускай інтэлігенцыі ўзнікла моцная інфармацыйная хваля з-за спробы дапамагчы апазіцыйным палітыкам абраць адзінага
кандыдата ў прэзідэнты. Не хачу займаць чыйсьці канкрэтны бок, бо гэта «хлеб палітолагаў». Скажу толькі, што калі палітыкай пачынаюць займаюцца не інтэлігентна, то інтэлігенцыя час
ад часу сама пачынае займацца палітыкамі.
З чаго пачыналася бацькаўшчына і кіно
Уладзімір Колас нарадзіўся 22 верасня 1951 года ў Мінску. Яго бацькі — Георгій Данілавіч і Алена Паўлаўна — на той час былі студэнтамі тэатральна-мастацкага інстытута. Маці стала
тэлевізійным рэжысёрам, а бацька — тэатральным крытыкам.
Цікавы момант. Валодзіна бабуля, Марыя Емяльянаўна, працавала галоўным бухгалтарам у Доме ўрада і, паколькі пакінуць унука не было з кім, часта брала яго на працу. Там незнаёмая жанчына адводзіла
хлопчыка ў нейкі пакой, дзе былі чырвоныя скрыначкі з узнагародамі — зоркі Героя Савецкага Саюза, розныя ордэны і медалі. З гэтымі «цацкамі» ён і гуляў.
Яшчэ ў школьныя гады Уладзімір Колас займаўся ў аматарскай кінастудыі «Юнацтва» пры Палацы прафсаюзаў. Потым яе кіраўнік Аляксандр Сабатаж, які працаваў аператарам на тэлебачанні,
перайшоў у Інстытут замежных моваў, дзе была «Лабараторыя кіно». Яна мела прафесійную кінакамеру, што і вырашыла далейшы выбар шляху Коласа. Аднак па той прычыне, што ў знакаміты
ВГИК адразу пасля школы не бралі, Уладзімір вырашыў паступаць у інстытут замежных моваў. Планаваў правучыцца гады тры, аднак дайшоў да дыплома. Першай у яго была мова французская, другой —
англійская. Па размеркаванню Колас паўтары гады настаўнічаў у Браслаўскім і Чашніцкім (в. Углё) раёнах. Потым тры гады адслужыў у Белпалку.
І толькі пасля паступіў на Вышэйшыя рэжысёрскія курсы ў Маскве. Там яго і пачала хваляваць праблема тоеснасці беларусаў у былым Савецкім Саюзе. Кожную савецкую рэспубліку, альбо кінастудыю,
«прадстаўлялі» па 2–3 чалавека, і менавіта ў Маскве ён убачыў: СССР — азіяцкая краіна. Амаль усе «славянскія» кінастудыі прадстаўлялі ўраджэнцы
Азіі.
На тым жа «Беларусьфільме» працавалі прадстаўнікі ўсяго Савецкага Саюза. Як у той песні — «мой адрас не дом і не вуліца». Некаторым было цалкам
«пляваць», дзе яны знаходзяцца. Ні мовы, ні гісторыі яны ведаць не хацелі. Адтуль ідзе перакананне Уладзіміра Коласа, што кіно і тэлебачанне — гэта ёсць тое, што павінна
стварыць моду на беларушчыну.
Дарэчы, яго дыпломнай работай быў «Малады дубок» па Якубу Коласу. А дэбютам — «Багровая трава» па сцэнару Аляксея Дударава. Фільм быў прызнаны лепшым у
былым СССР, і Уладзімір Колас атрымаў свой першы прыз. Далей ішлі «Дрэва на асфальце» з Галінай Макаравай у галоўнай ролі і «Хочаце ляпіце, хочаце не». Потым Колас
зняў «Адну ноч» па Васілю Быкаву і шмат дакументальных фільмаў.
У 2008 годзе на прэстыжным Берлінскім кінафестывалі, у якім бяруць удзел амаль усе галоўныя тэлеканалы Еўропы, з карцінай «Галерэя Ады», дзе расказваецца пра маленькую беларускую
вёску, Уладзімір Колас атрымаў «Прыз Еўропы» за лепшы дакументальны фільм.
З чаго пачынаўся ліцэй
Неабходнасць паспрыяць падрыхтоўцы сваіх кадраў стала для Уладзіміра Коласа своеасаблівым штуршком для рашучых перамен ва ўласным лёсе. Паспрыялі таму і супраца з такімі кансультантамі ў яго
карцінах, як археолаг Алег Трусаў, пісьменнік Эрнэст Ялугін — энтузіястамі нацыянальнага адраджэння. А таксама наведванне беларускіх школ і ліцэя на Беласточчыне, дзе Колас здымаў фільм пра
праблемы беларускай мовы.
Непасрэдная ж прапанова стварыць беларускі ліцэй у Мінску паступіла ад Алега Трусава, якому Колас дапамагаў у яго выбарчай кампаніі ў Вярхоўны савет 12-га склікання. Ужо дэпутат Трусаў (і ён жа
старшыня адной з раённых суполак Таварыства беларускай мовы) абяцаў яму поўную падтрымку.
Так узнік ЛІЦЭЙ. Нягледзячы на тое, што навучэнне было платным, ахвочых навучацца ў ім аказалася многа. І не толькі дзяцей. Было некалькі груп дарослых. Лекцыі выкладчыкаў прыходзілі слухаць нават
тыя, хто і сам быў аўтарытэтным спецыялістам у сваёй галіне. Тая ж доктар навук Высоцкая з мастацкага музея.
Потым былі пошукі памяшкання, пакуты па розных «чужых кутах». Коласу нават прапаноўвалі зрабіць звычайную беларускамоўную школу, стаць яе дырэктарам. На ўздыме дэмакратычнай хвалі
пачатку 1990-х гадоў гэта было цалкам рэальна і нашмат прасцей. «Павесіш, — раілі яму, — на школе шыльду «ліцэй», і ўсё будзе добра». Ён цвёрда
трымаўся іншай канцэпцыі — вучні і выкладчыкі набіраюцца па конкурсу. Зразумела, што на гэта калектывы ні адной са школ не ішлі. Нарэшце, пасля дастаткова працяглай эпапеі, Колас з
паплечнікамі дамагліся свайго: улады вызначылі пад ліцэй шыкоўны будынак былой камсамольскай школы на Кірава, 21. Было гэта ў 1992 годзе.
Дзе быў ліцэй, там сёння суд. Здымак 01.09.2006 г.
А з 1994 года пачаўся ціск. Уладзіміру Коласу паказалі ўказ (адзін з першых новай улады), які загадваў знішчыць усе падручнікі, што былі выдадзены пасля 1991 года. У 1997 годзе, калі на пасадзе
віцэ-прэм’ера знаходзіўся сумна вядомы палкоўнік Замяталін, ліцэй быў перайменаваны ў Нацыянальны дзяржаўны ліцэй імя Якуба Коласа. За іроніяй Колас — дырэктар ліцэя Коласа (хаця
Уладзімір Колас заўсёды казаў, што, у адрозненне ад знакамітага паэта, у яго не псеўданім, а сапраўднае прозвішча) хавалася мэта ўзяць ліцэй пад поўны кантроль, выдаліць разам са словам
«беларускі» з назвы яго вольналюбівы адраджэнскі змест.
Ліквідавалі ліцэй указам Міністэрства адукацыі РБ ад 25 чэрвеня 2003 года. З фармулёўкай — «ліквідаваць з мэтай аптымізацыі навучальнага працэсу». Прагучала абяцанне ў тым
жа будынку адкрыць «новы гарадскі ліцэй». Прычапіліся да таго, што ліцэй быццам бы не можа быць нацыянальным і ... звольнілі ўсіх. Нават вахцёра.
Парадокс, але атрымліваецца, што ўлады закрылі іх за сваю ж памылку, і з гэтага часу ліцэй працуе падпольна. У будынку на Кірава месціцца суд Савецкага раёна Мінска, дзе сярод іншых судзяць былых
вучняў ліцэя. «Аптымізавалі»…
З чаго пачыналася рада
Далейшыя падзеі прымусілі падумаць пра неабходнасць нешта рабіць, заняць актыўную пазіцыю, а не стаяць у баку. Стала відавочна: калі ніхто не будзе «рухацца», то беларусы
заслугоўваюць таго, што з імі будзе далей, бо асабіста Колас ніколі не мог зразумець, чаму нашы продкі дазволілі падчас рэпрэсіяў так сябе катаваць. Гэта і стала «каталізатарам»
стварэння Рады беларускай інтэлігенцыі (РБІ).
У маі 2003 года ў Палацы мастацтваў адбыўся гарадскі сход, а потым у Доме культуры ААТ «Сукно» — нацыянальны. Галоўны пасыл — кансалідацыя. Удзельнікі звярнуліся
да ўлады, апазіцыі і народа з заклікам шукаць тое, што нас яднае, а не раз’ядноўвае, будаваць разам дэмакратычнае грамадства. І добразычлівым лістом накіравалі гэтыя прапановы прэзідэнту
краіны.
Неўзабаве пасля гэтага Лукашэнка выступіў на нарадзе вышэйшых кіруючых кадраў у канцэртнай зале «Мінск» з прамовай. Працытаваў Уладзіміра Коласа, але са сваёй высновай. Маўляў,
інтэлігенцыя імкнецца раскалоць грамадства на розныя тыпы беларусаў, хаця гутарка ішла пра супрацьлеглае. І ўпершыню абвясціў пра неабходнасць стварэння дзяржаўнай ідэалогіі. Ніколі не ведаеш, да
якіх наступстваў прывядзе тое, што ты робіш…
З чаго пачнецца «адзіны»
Тое, што ў 2005 годзе ў беларускай апазіцыі другі раз запар на прэзідэнцкіх выбарах быў адзіны кандыдат — заслуга шмат каго. У тым ліку і Рады беларускай інтэлігенцыі. Іншая справа
— механізм яго вылучэння і вынікі дзейнасці.
Менавіта гэта і выклікае пытанні, бо зараз мы відавочна паўтараем памылкі мінулага. І можам дадаць новыя. Адна з іх — колькасць патэнцыйных «калон». Цалкам згодны з тымі,
хто жартуе наконт таго, што колькасць жадаючых стаць прэзідэнтам хутка будзе больш за колькасць выбаршчыкаў.
Ведаю, што многія даволі жорстка крытыкуюць РБІ за спробы нешта вырашыць. Маўляў, не справа «трэцяга сектару» займацца такімі глабальнымі рэчамі. Часткова згодны, але толькі ў тым
выпадку, калі няма такой патрэбы. На жаль, сёння яна ёсць.
На думку Уладзіміра Коласа, неабходны разумны баланс паміж палітыкамі і грамадскай супольнасцю. Тандэм, а не спробы паказаць, хто больш «круты».
За апошнія месяцы на пасяджэннях Рады беларускай інтэлігенцыі пабывала больш за 15 чалавек. Зразумела, не толькі прэтэндэнтаў на «скуру незабітага мядзведзя», але і тых,
хто можа на нешта паўплываць. Усе пагадзіліся, што перамагчы можа толькі «адзіны». Аднак усе лічаць — яго не будзе ніколі. Чаму? «Таму, што мы
такія!»
Магчыма, гэта выглядае крыху пафасна, але, на мой погляд, Уладзімір Колас і працуе дзеля таго, каб падобныя адказы не гучалі ніколі.