Вацлаў Арэшка: трэба вучыцца смяяцца з сябе

Гэты шляхетны сівы чалавек маладжавага выгляду вядомы беларускай грамадзянскай супольнасці. Шмат гадоў культуролаг Вацлаў Арэшка асэнсоўвае шляхі захавання беларускай нацыі.



Спадар Вацлаў распавядае пра свае вытокі, грамадзянскае сталенне і высновы, якія ён зрабіў за дзесяцігоддзі працы на ніве беларушчыны.

Мае карані такія розныя

З каранямі ў мяне складанасці ў тым сэнсе, што лініі бацькоў ідуць з абсалютна розных этнічных і нават геаграфічных бакоў. Бацька мой з-пад Ляхавічаў, што на Берасцейшчыне, ягоны старадаўні беларускі шляхецкі род Ажэшкаў больш-менш прасочваецца з XV стагоддзя. А маці — з Расіі. Дзед па маці — селянін родам з-пад Пензы. Згодна сямейнай легендзе, продак гэтага чарнявага земляроба пад час антыпрыгонніцкага паўстання збег на Каўказ, адкуль прывёз сабе жонку. Бабуля па маці — гараджанка, родам з Ніжняга Тагілу. Ізноў жа, па сямейных пераказах, яе продкаў на пачатку XIX стагоддзя прывезлі з-пад Масквы.

 

Нарадзіўся я ў 1955 годзе ў Свярдлоўску. Нягледзячы на тое, што выхоўваўся ў расійскім атачэнні, мне пашанцавала, паколькі бацька быў зацятым беларусам і штогод прывозіў мяне на радзіму продкаў — на Ляхавіччыну. Так што з двухгадовага ўзросту кожнае лета разам з бацькам па некалькі месяцаў праводзіў у беларускай вёсцы, дзе размаўлялі выключна па-беларуску. Так адбывалася да таго часу пакуль мы не пераехалі жыць у Беларусь.

 

З дзяцінства запала некалькі рэчаў. Калі на Ляхавіччыне кантактаваў з мясцовымі дзецьмі, адзін з хлопцаў мне сказаў: «А што ты так дзіўна размаўляеш, як кацап?» І мяне гэта вельмі пакрыўдзіла. З іншага боку, калі прыязджаў з Беларусі на Урал, настаўніца ў школе скардзілася маці, што ў мяне «очень засоренный язык». Бо калі два месяцы я сядзеў на Беларусі, дык потым мімаволі пераходзіў на беларускую і размаўляў выключна на ёй. Вось чаму вельмі цяжка сказаць, якая ў мяне матчына мова.

 

Хутчэй за ўсё, у мяне яе няма, бо рускую мову я трохі недалюбліваў, хоць з дзяцінства на ёй размаўляў, аднак не адчуваю яе любімай і роднай. Да беларускай мовы, закладзенай у падсвядомасці, далучыўся таксама з дзяцінства. У дадатак я шмат чытаю на польскай мове. Часам лаўлю сябе на тым, што прачынаюся і ўзгадваю сны, што гучалі на трох мовах адначасова.

 

Крыху падрабязней пра бацькаву лінію. Побач з хутарам майго дзеда па бацьку месціўся маёнтак роду Чарнецкіх, адзін з прадстаўнікоў якога быў вядомым беларускім дзеячам. У 1920-я гады дзед сябраваў з «панам» Чарнецкім, яны хадзілі адзін да аднаго ў госці. Бабка была праваслаўная, а дзед і ягоны род — каталікі, што цягам першай паловы XIX стагоддзя зафіксавана ў кнігах Ляхавіцкага касцёла. Аднак ужо іх дзеці забыліся пра свае каталіцкія карані.

 

Адчуванне беларускасці, якое вельмі моцна сядзела ў бацькі і ягоных братоў, не адразу прыйшло да мяне. Адбылося гэта тады, калі я стаў цікавіцца гісторыяй сваіх продкаў. Памятаю, як часам выйдзе з хутара дзед і паказвае мне — дзіцёнку: «Бачыш, вось той лес. Гэта быў мой лес». Увогуле, усвядомленасць сваёй этнічнай прыналежнасці ў нас у Заходняй Беларусі заўсёды была моцная. Гэта ўражвала тых, хто прыязджаў з усходу. Але страх быў яшчэ мацнейшы. Таму памяць і свядомасць прыхоўваліся, пакуль раптам не адчулася, што баяцца няма чаго. Але, на жаль, страх не прайшоў цалкам, а звычка прыстасоўвацца засталася дагэтуль.

 

vacareh1_logo.jpg

На дзедавым хутары Жарабковічы (1961).  Справа налева першы рад: дзед Сільвестар, бабуля Пелагея, жонка дзядзькі Мікалая Маня; другі шэраг: бацька, маці, брат маці, дзядзька Мікалай

Узгадваю 1992 год, калі да бацькі з Бельгіі прыехаў ягоны родны брат. Тады амаль усе сваякі былі яшчэ жывыя. Хоць з гісторыі на той час я ўжо шмат што ведаў, але для мяне аповеды дзядзькі сталі сапраўдным адкрыццём. Сваякі амаль усю ноч сядзелі за чаркай і ўзгадвалі падзеі, што адбываліся насамрэч. Пра большасць з іх я чуў упершыню, некаторыя потым удакладніў праз розныя крыніцы. Шмат гаварылі пра бальшавікоў і пра рэпрэсіі. Гэты было адзін толькі раз, і я вельмі шкадую, што ў мяне тады не было з сабою дыктафона. На жаль, сёння з удзельнікаў той гаворкі нікога няма ў жывых, апроч 90-гадовага дзядзькі з Бельгіі. Ён — 1925 года нараджэння і падчас Другой сусветнай вайны вучыўся ў Баранавічах у фармацэўтычнай вучэльні, потым трапіў ў Нямеччыну, затым з былымі беларускімі эмігрантамі вучыўся ва ўніверсітэце бельгійскага Лювэна. Стаў фармацэўтам і ўсё жыццё прапрацаваў у фармацэўтычнай фірме «Эльф».

А майго бацьку, калі ў 1944-м годзе на Ляхавіччыну зноў прыйшлі саветы, забралі ў Чырвоную Армію. Ён адслужыў, быў паранены, меў медалі, вярнуўся, скончыў школу. Добрыя людзі яму параілі — з’ехаць як мага далей, бо з-за брата-эмігранта заставацца на радзіме было даволі небяспечна. І бацька паступіў на геалагічны факультэт Маскоўскага дзяржуніверсітэта і вывучыўся на геафізіка — тады гэта была новая прафесія, і на яе было лягчэй паступіць. Я нарадзіўся на Урале ў 50 кіламетрах ад Еўропы. Маці была біёлагам, працавала ў школе, шмат часу сядзела са мной і маім малодшым братам, які трагічна загінуў на пачатку 1990-х. Маці вельмі любіла кнігі, асабліва гістарычныя, і цікавасць да мінулага перадалася мне менавіта ад яе.

Бацька шмат працаваў, і я яго зрэдку бачыў. Вялікі ўплыў мелі на мяне неаднаразовыя кантакты з дзедам — сапраўдным беларусам. Ён быў даволі цікавай і моцнай асобай, старой, яшчэ шляхецкай загартоўкі, шмат чаго ведаў і бачыў, у тым ліку знакаміты выступ Уладзімера Леніна з браневіку на Фінляндскім вакзале ў Петраградзе ў красавіку 1917-га. Дзед не казаў, як зараз — «да вайны» ці «пасля вайны», а — «да бальшавікоў» ці «пры бальшавіках», па радыё слухаў толькі «Голас Амерыкі» ці «Радыё Свабода» ды іншыя заходнія «галасы» праз вялікую, метраў на дваццаць, антэну, прыхаваную на дрэвах. Менавіта ад дзеда я прывучыўся з малых гадоў слухаць гэтыя радыёстанцыі. Жыў дзед на хутары з невялікім пляцам зямлі ў дзевяць з паловай гектараў, на які выйшаў у 1930-я гады. Менавіта на гэтым хутары і прайшлі лепшыя часы майго дзяцінства.

Дзед быў даволі суровы. У яго стаяў старэнькі, з па-за польскага часу, самагонны апарат, і дзед часам за хлявом гнаў самагон, які, як я пазней зразумеў, быў выдатнай якасці. І мы з дваюраднымі братамі бегалі да дзеда, каб накапаў нам некалькі кропель гэтага напою. Несавецкасць дзеда і гэтая ягоная цвёрдасць вельмі на мяне паўплывалі. Яны сведчылі пра ягоную самастойнасць, аднаасабнасць, некалгаснасць. Як і многія іншыя прадстаўнікі дробнай беларускай шляхты, дзед быў майстрам па дрэву, рабіў колы і бочкі, Дарэчы, падчас нямецкай акупацыі на хутары дзеда хаваліся габрэі, якія ўцяклі з лагеру, за што немцы спалілі дзедаву хату…

Антысаветчыкам я стаў з маленства

У гады майго маленства слова «ГУЛАГ» яшчэ не гучала, але ўсім знаёма было слова «зона». Спачатку мы жылі ў цэнтры Свярдлоўску, а потым пераехалі на ўскраіну горада, дзе атрымалі кватэру ў новым раёне. І там праз лясок можна было выйсці на вялізарныя прасторы, абцягнутыя калючым дротам. Што тым было, цяжка сказаць. Ці гэты былі вайсковыя часткі, ці лагер ГУГАГу? Аднак тыя дзеці, якія асмельваліся туды хадзіць, добра атрымлівалі кухталёў. З расповедаў бацькі, які на пачатку 1950-х гадоў прыехаў працаваць на Урал, спачатку іх геалагічная экспедыцыя месцілася ў будынку адміністрацыі былога лагеру. І жыць у гэтым будынку, як сведчыў бацька, было даволі жудасна. Шмат цікавага распавядала і маці, паколькі яе бацька пэўны час працаваў у НКВД, а пасля вайны — пракурорам. Вось чаму адчуванне нейкіх забароненых ведаў увесь час лунала ў нашым доме. І хоць маці шмат чаго не распавядала, да мяне — дзіцёнка — невядомым чынам ўсе ж даходзілі чуткі пра нейкія арышты, пра тое, што недзе кагосьці забралі. Нягледзячы на тое, што гэта было ўжо ў мінулым, хаця і не вельмі далёкім, мяне пазней, калі я ўжо быў у больш свядомым узросце, уражвала тое, што часы вялікіх рэпрэсій скончыліся ўсяго за некалькі гадоў да майго нараджэння, а адчуванне страху было яшчэ цалкам жывое…

vacareh2_logo.jpg

Вацлаў Арэшка, Мінск (жнівень 1976)

Паколькі бацька добра ведаў, што ягоны брат жыве у Бельгіі, то прыняў прапанову савецкіх спецслужбаў (адмовіцца было небяспечна) паехаць на сусветную выставу 1958 году ў Брусэлі, каб угаварыць брата — добрага фармацэўта — вярнуцца на Радзіму. Але бацька зрабіў адваротнае — стаў пераконваць брата, каб ён у аніякім разе не вяртаўся на Бацькаўшчыну. На што дзядзька падзячыў і сказаў, што яго пераконваць не трэба. З таго часу яны ліставаліся, хоць дзядзька зрэдку пісаў сваякам. Так што на мяне вельмі паўплывала і гэтае веданне яшчэ адной сямейнай таямніцы, а таксама рэчы, што траплялі ў наш дом праз пасылкі ад дзядзькі. Гаворка ідзе, у тым ліку, і пра цацкі, машынкі, хусткі, асадкі, паштоўкі, маркі, шакаладныя цукеркі, жуйкі…

Вельмі моцна паўплывала на мяне знакамітая амерыканская нацыянальная выстава ў Маскве ў 1959 годзе пад час хрушчоўскай адлігі. Амерыканцы вельмі разумна зрабілі гэтую выставу ў Сакольніках, дэманструючы як раз тое, што і трэба было паказаць савецкім людзям. Мы тады з маці як раз знаходзіліся ў Маскве ў сваякоў і некалькі дзён стаялі ў чарзе за білетамі на выставу. Памятаю кока-колу, якую бясплатна давалі ў папяровых шклянках. Народ станавіўся ў вялізарныя стомятровыя чэргі — але не за гэтай кока-колай (некаторыя яе проста вылівалі), а менавіта за папяровымі шклянкамі, якія бачылі ўпершыню… Дарэчы, кока-кола мне тады так спадабалася, што да гэтага часу люблю яе больш за ўсё з напояў. Апроч таго, на выставе мне спадабаліся розныя цацкі, у першую чаргу вялікая, дзесьці 10 на 10 метраў, дзеючая чыгунка, якая тады была марай кожнага савецкага хлопчыка.

Мяне — чатырохгадовага дзіцёнка на гэтай выставе моцна здзівіла ўсё, пачынаючы ад вялікіх чэргаў за білетамі, кока-колы, прыгожых аўтамашынаў і каляровай тэлевізіі. Аднак больш за ўсё мяне ўразілі тры рэчы: рок-н-рол, абстрактнае мастацтва і макет тыповага амерыканскага прыватнага жылога дому — аднапавярховага шматпакаёвага катэджу. Зроблены у памер сапраўднага дому, у якога адсутнічала адна вонкавая сцяна, макет дэманстраваў жыллё ў разрэзе. Людзі стаялі з адкрытым ротам каля гэтага макету, што адлюстроўваў побыт шараговай амерыканскай сям’і. Прычым найбольш дзівілі не шыкоўныя халадзільнікі, пасудамыечныя і пральныя машыны, але прыбыральня з унітазам і кранамі ў гэтым па-нашаму вясковым доме.

Прыбіральня ўразіла не толькі мяне. Па дому хадзілі чаргой, як па Маўзалею Уладзімера Леніна, з аднаго пакоя ў другі і ўсё глядзелі на гэты ўнітаз, таму што ён быў абсалютна незразумелы для звычайнага савецкага чалавека. І скажу шчыра, ужо ў чатыры гады я ўцяміў, што ў адрозненне ад нашага свету ёсць іншы свет. А тое, пра што ў нас кажуць «лепшае», гэта не заўжды праўда.

Дарэчы я так ніколі і не хадзіў у дзіцячы садок. А калі мяне аднойчы адвялі туды, я нарабіў гэтакі вэрхал, што мяне больш туды не вадзілі. Вось чаму ўвесь час сядзеў дома, чытаў кнігі і слухаў замежнае радыё. У нас быў лампавы прымач «Балтыка», які вельмі добра працаваў. І калі дома нікога не было, я круціў ручку настрою хваляў прымача і слухаў «Голас Амерыкі» і «Радыё Свабода». Айчынныя ж станцыі не трэба было шукаць — яны гаманілі увесь час па радыёкропцы, што была ў кожнай хаце. Ад яе проста не было куды схавацца. Вось чаму рэпартажы з XXІ і XXІI з’ездаў КПСС я праслухаў ад і да. Нават маці ўспамінала, як я збіраў сваіх лялек і прамаўляў ім: «Дорогие товарищи!» А паколькі сталеў паміж тым, што бачыў насамрэч, у тым ліку і на амерыканскай выставе ў Маскве, а таксама тым, што чуў з замежнага і савецкага радыё, дык рана — у 13 гадоў, — стаў свядомым антысаветчыкам. Адбылося гэта ў 1968 годзе, калі на мяне моцна паўплавалі студэнцкія выступы ў Францыі і падзеі ў Чэхаславаччыне. Пасля гэтых падзей аніякая савецкая ідэалогія не магла ўздзейнічаць на мяне, бо дзякуючы заходнім радыястанцыям я не «трапіў пад іхную прапаганду», а пачаў больш і больш думаць сам, параўноўваць розныя рэчы і шукаць, дзе праўда, а дзе брахня і, зразумела, савецкая мадэль не вытрымлівала крытычнага падыходу…

Улады заўсёды сумняваліся ў маёй добранадзейнасці. Памятаю, як напрыканцы 1970-х гадоў у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача, дзе я працаваў, першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў уручаў узнагароду часопісу «Бярозка», і мне менавіта з палітычных прычынаў не дазволілі ўдзельнічаць у гэтай імпрэзе.

Продкі заўжды стаяць поруч

Калі мне трэба прыняць нейкае важнае рашэнне, ёсць адчуванне, што нехта стаіць за маёй спіной. Ёсць адчуванне, што ты не адзіны ў прасторы і часе. Прычым адчуванне не лагічнае, а хутчэй за ўсё пачуццёвае. Менавіта гэтае адчуванне непарыўнай сувязі пакаленняў камуністы заўсёды ікнуліся выбіць з людзей. Бо калі такога адчування няма, ты пераўтвараешся ў маргінала, у якога няма мінулага і продкаў, няма адказнасці перад імі і будучыняй. А такія людзі, у якіх няма адказнасці перад часам, не павінны быць пры ўладзе. Я ж вельмі ўдзячны продкам за тое, што ў цяжкую хвіліну яны заўжды падтрымліваюць мяне.

Дарэчы, антраполагі па зрослых шыйных пазванках людскіх парэшткаў вызначаюць радавітую шляхту. Бо гэтыя людзі з гонарам і годнасцю ў самых цяжкіх абставінавх жыцця не прагіналіся, а сустракалі нягоды з высока ўзнятаю главою. Паколькі яны добра ведалі свае карані і мінулае свайго роду, гэтыя людзі ўпэўнена стаялі на сваёй зямлі. Такіх сапраўдных і моцных грамадзянаў нішто не магло зламаць у XX стагоддзі — ні камуністычная прапаганда, ні савецкая адукацыя, ні адпаведнае выхаванне. З другога боку, таталітарны рэжым бясконца прадукаваў тую масу маргіналаў, якой даволі лёгка маніпуляваць. На папаўненне шэрагаў маргіналаў нястомна працавала і ўся сістэма пастаяннага перасялення і перамешвання савецкіх людзей. Менавіта такія маргіналы, якія з’язджаліся з усяго Саюза за доўгім рублём, атабарыліся, між іншым, ва ўкраінскім Данбасе — у Данецкай і Луганскай абласцях.

vacareh3_logo.jpg

Пад час гастроляў ТЮГу ў Кіеве (чэрвень 1980)

Калі я працаваў у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача, неаднаразова бываў на гастролях у Данбасе. Пачынаючы знаёмства са славутасцямі аднаго з мясцовых гарадоў, экскурсавод на поўным сур’ёзе заявіў, што (цытую): першымі жыхарамі нашага краю былі неандэртальцы. І ў ягоных словах была вялікая сярмяжная праўда…

Нам не хапае працы над памылкамі

Што для мяне Беларусь і беларускае нацыянальнае адраджэнне? Гэта праца кожнага з нас і наш супольны чын. І для мяне вельмі важна, што большую частку свайго жыцця я імкнуўся не крывіць душою і не прыстасоўвацца, рабіць тое, што лічу патрэбным. Калі б усе так рабілі, можа нашае нацыянальнае адраджэнне было б у нейкай іншай сітуацыі. Мне здаецца, што клопаты пра тое, каб была беларуская нацыя, каб была нацыянальная культура — на сённяшні дзень гэта вельмі неабходная цяжкая мужчынская праца. Бо працаваць толькі на сябе можа і крот. А кожны з нас становіцца чалавекам, асабліва мужчынам, калі працуе не толькі на свой дом, сваю сям’ю і сваіх дзяцей, а робіць нешта большае…

Я доўгі час працаваў у ТЮГу, з «чырвоным» дыпломам скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «тэатразнаўства», аспірантуру, працаваў у Нацыянальным мастацкім музеі, выкладаў у акадэміі мастацтваў, распрацаваў праграму новага навучальнага курсу «Гісторыя і тэорыя культуры Беларусі», перакладаў з старапольскай мовы творы беларускага барока, пачаў здзяйсняць уласную навуковую праграму пабудовы новай беларускай культуры праз адаптацыю да сучаснасці спадчыны старой беларускай культуры, у тым ліку і польскамоўнай, вёў адзел кніжных і кампутарных рэцэнзій у «Нашай Ніве»…

Калі ж прыйшоў час выбіраць паміж навуковай кар’ерай і грамадскай дзейнасцю, атрымалася так, што абраў апошняе. Спадзяюся, што зрабіў правільны выбар (часам задумваюся пра гэта і мяркую, што напэўна проста не вытрымаў бы, як некаторыя мае калегі, палову жыцця сядзець на двух крэслах, быць добрым для ўсіх). Менавіта дзякуючы гэтаму свядомаму выбару я па сёння адчуваю сябе не пенсіянерам, а досыць маладым чалавекам.

vacareh4_logo.jpg

На Дзень волі ў Мінску (здымак з кнігі «Менская вясна 96» (25 сакавіка 1996)

І апошняе. На маю думку, Беларусь будзе мець шанец на еўрапейскую будучыню, калі мы навучымся смяяцца з сябе. Не трэба быць занадта сур’ёзнымі і лічыць абсалютна правільнымі ўсе нашыя захады. Як не трэба лічыць памылковымі ўсе нашыя крокі да дэмакратычнай і вольнай Беларусі. А трэба проста з усмешкай ўзважана і самакрытычна паглядзець, што было зроблена правільна, а што памылкова, каб на гэтым вучыцца і пазбаўляцца смецця. Калі ж гэтага не рабіць, дык памылкі будуць накоплівацца, не дазволяць здзейсніць нашу мару і змяніць вобраз нашай найноўшай гісторыі, калі  мёртвы хапае жывога. На жаль, усведамленне памылак пакуль не стала неабходнай працай для беларускага дэмакратычнага грамадства.