Адкрыць імёны расстраляных у Курапатах

Сябры грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў” накіравалі ў суд Цэнтральнага раёна Мінска скаргу на неправамерныя дзеянні (бяздзеянне) Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, якая адмаўляецца адкрыць імёны расстраляных у Курапатах.



kurapaty_hp_skarha_sud_28_12_15_1_logo.jpg

Сярод заяўнікаў скаргі — старшыня грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” 86-гадовы Вацлаў Нямковіч, грамадскія дзеячы культуролаг Вацлаў Арэшка і мовазнаўца Вінцук Вячорка, грамадскі актывіст Алесь Макаў, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч і аўтар гэтага артыкулу.

У скарзе, між іншым, нагадваецца, што 25 верасня 2015 года грамадзяне звярнуліся ў Генпракуратуру з просьбай паведаміць выяўленыя яе супрацоўнікамі дадзеныя, у тым ліку імёны, імёны па бацьку і прозвішчы трох ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў, чые парэшткі былі ідэнтыфікаваныя па выніках дадатковага расследавання 1997-1999 гадоў пра трагедыю ў Курапатах у рамках крымінальнай справы, узбуджанай у 1988 годзе.   

Аднак начальнік ўпраўлення Генпракуратуры па нагляду за выкананнем заканадаўства Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь Ігар Сеўрук у сваім адказе ад 27 кастрычніка 2015 года не задаволіў просьбу заяўнікаў.

Калі ж 5 лістапада 2015 года яны абскардзілі генеральнаму пракурору адказ Ігара Сеўрука, намеснік генпракурора Мікалай Кукліс падтрымаў пазіцыю свайго калегі.

Грамадзяне лічаць незаконнымі і неабгрунтаванымі дзеянні Генпракуратуры, якая не паведаміла выяўленыя яе супрацоўнікамі імёны бязвінных ахвяраў.

Заяўнікі звяртаюць увагу суду на тое, што 18 студзеня 1989 года Савет міністраў БССР прыняў пастанову №42 “Аб увекавечванні памяці ахвяр масавых рэпрэсій 1937-1941 гадоў ў лясным масіве Курапаты”. У прэамбуле гэтага ўрадавага дакумента падкрэслена, што ён прыняты, “зыходзячы з важнасці раскрыцця гістарычнай праўды пра падзеі мінулага і ўлічваючы меркаванне шырокай грамадскасці”.

Гэтая пастанова, сярод іншага, абавязала Прэзідыум Акадэміі навук БССР арганізаваць усебаковае вывучэнне прычыў і наступстваў масавых рэпрэсій трыццатых-саракавых і пачатку пяцідзесятых гадоў у Беларусі, а выдавецтва “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя” — здзейсніць падрыхтоўку і выпуск спецыяльнага выдання з мэтай увекавечвання памяці ахвяр рэпрэсій перыяду трыццатых-саракавых і пачатку пяцідзесятых гадоў у рэспубліцы.

Такім чынам, беларускі ўрад яшчэ на пачатку 1989 года, гэта значыць 27 гадоў таму прызнаў важнасць раскрыцця гістарычнай праўды пра масавыя рэпрэсіі 1937-1941 гадоў у лясным масіве Курапаты і неабходнасць увекавечвання памяці ахвяр рэпрэсій перыяду 1930-х — пачатку 1950-х гадоў, адзначаецца ў скарзе.

Яе аўтары таксама нагадваюць, што пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь № 578 ад 14 мая 2007 года, урочышча Курапаты як месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў пад шыфрам 611Д000363 унесена ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як гістарычна-культурная каштоўнасць першай катэгорыі (міжнароднага значэння).

Такім чынам, Курапаты з’яўляюцца гістарычна-культурнай каштоўнасцю не толькі народа Рэспублікі Беларусь. але і міжнароднай супольнасці. Таму запытаныя дадзеныя пра ахвяр масавых палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў маюць гістарычнае, маральнае і духоўнае значэнне для народа Рэспублікі Беларусь і міжнароднай супольнасці, зазначаецца ў скарзе.

Яе аўтары нагадваюць, што згодна артыкулу 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, “грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя”.

А згодна артыкулу 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, “кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэта права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова або пры дапамозе друку або мастацкіх формаў выяўлення, або іншымі спосабамі па свайму выбару”.

На падставе выкладзенага і ў адпаведнасці з артыкулам 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкулам 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама артыкуламі 353-357 Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу Рэсаублікі Беларусь, заяўнікі просяць прызнаць неправамернымі дзеянні Генпракуратуры і абавязаць яе паведаміць грамадскасці выяўленыя сацыяльна-дэмаграфічныя дадзеныя трох ахвяр масавых палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў, чые парэшткі былі ідэнтыфікаваныя па выніках дадатковага расследавання 1997-1999 гадоў пра трагедыю ў Курапатах у рамках крымінальнай справы, узбуджанай у 1988 годзе, а таксама агучыць усе вядомыя імёны, імёны па бацьку і прозвішчы ахвяр масавых палітычных рэпрэсій, забітых у Курапатах.           

Трэба мець на ўвазе, што інфармацыя з Генпракуратуры, атрыманая напрыканцы 2001 году пра ідэнтыфікацыю парэшткаў трох курапацкіх ахвяр, у той час стала сапраўднай сенсацыяй, бо пра такі яркі доказ яшчэ ў 1988 годзе марылі акадэмічныя археолагі Зянон Пазьняк, Алег Іоў і Мікола Крывальцэвіч — навуковыя эксперты следчай групы пракуратуры БССР.

Больш за 14 гадоў таму, 14 снежня 2001 году Алег Іоў распавёў сябрам грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу “Курапаты”, што яму вядомыя імёны двух расстраляных: гэта габрэі Мардыхай Шулескес і Мойша Іяхеевіч Крамер. У іх у 1940 годзе ў Гродзенскім астрозе былі канфіскаваныя грошы, што адлюстравана ў афіцыйных бланках квіткоў, знойдзеных у адным з курапацкіх пахаванняў сярод парэшткаў ахвяраў сталінізму.