Лукашэнка абяцае змякчыць крымінальную адказнасць за эканамічныя злачынствы

Пра гэта ішла размова падчас сустрэчы кіраўніка Беларусі са старшынём Вярхоўнага суда Валянцінам Сукалам.



ekon.jpg

У дачыненні да эканамічных злачынстваў магчымая пэўная карэкціроўка крымінальнага заканадаўства і крымінальнай судовай практыкі ў плане яе большай гуманізацыі, адзначыў Лукашэнка.

Справы аб банкруцтве прадпрыемстваў павінны праходзіць праз дасудовае аздараўленне, мясцовым уладам і кіраўніцтву прадпрыемстваў трэба знаходзіць для гэтага ўсе магчымасці, мяркуе Аляксандр Лукашэнка. Судовая стадыя павінна прымяняцца ў выключных выпадках, калі ўсе магчымасці дасудовага аздараўлення вычарпаныя.

Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі ёсць магчымасць спыняць значную колькасць дробных крымінальных спраў на дасудовай стадыі, не прымяняць шырока канфіскацыю маёмасці.

Сукала мяркуе, што аб'яднанне агульных і эканамічных судоў дало станоўчы эфект. Практыка паказала, што была абраная правільная мадэль нацыянальнага правасуддзя. Наступнай пяцігодцы трэба ўдасканаліць судовую сферу, паведамляе БЕЛТА.

Аляксандру Лукашэнку была прадстаўлена адпаведная праграма. Яна прадугледжвае пераўтварэнні, якія паскораць і спросцяць судовыя працэсы, зробяць іх больш эканамічнымі. Пэўныя крокі ў гэтым кірунку ўжо зроблены. На дадзены момант на разглядзе ў кіраўніка дзяржавы знаходзіцца законапраект, які прадугледжвае, што крымінальнае судаводства практычна будзе завяршацца пасля апеляцыйнай вытворчасці.

Лукашэнка ў цэлым ухваліў прапанаваную праграму развіцця судовай сістэмы на будучую пяцігодку.