Валадарства князёў Корсакаў

Днямі, як гэта ўжо не раз бывала за 7 гадоў знаёмства, патэлефанаваў на Маладзечаншчыну, у Вайтэлі. Гэтым разам званок у фермерскае сямейства Корсакаў быў трывожны — гаспадару, 53-гадоваму Кастусю, зрабілі аперацыю на сэрцы.



115.jpg

Разумеў, што давялі праца па 25 гадзінаў на суткі, бясконцыя вертыкальныя рагаткі ды забароны. Хоць і любіў казаць, што «сена скасілі, хімпраполку зрабілі, можна і на курорт рвануць». Праўда, калі там быў апошнім разам?! Але — дайце веры — пачуў у слухаўцы ягоны бадзёры голас. Маўляў, аперацыя прайшла паспяхова.

І тут жа — пра крэўнае, пра гаспадарку. Найперш, мала таго, што са сваіх 351 гектара сёлета дзяржзаказ на 200 тон зерне выканалі, сябе забяспечылі, дык яшчэ людзям, каму трэба, па кідкіх цэнах прадаюць лішкі. А яшчэ спраўдзілася даўняя мара пра будаўніцтва сховішча, бо ў пазамінулым годзе з-за яго адсутнасці на зямлі ляжала 100 тон пшаніцы. Вось з кароўнікам з-за хваробы пакуль нявыкрутка. Але ў сыноў — Андрэя з Алесем — на тое ўжо ёсць планы…

Пачатак валадарства

У фермерстве былы калгасны інжынер-механік Кастусь Корсак ужо паўтара дзесяцігоддзі. Пачынаў з 43 гектараў зямлі з правам перадачы ў спадчыну. З жонкай, былым педагогам Наталляй, якая з-за гэтага недапрацавала да пенсіі. Цяпер тэхніка, да сотні свіней, статак кароў. Збірае багацейшы ўраджай збожжа.

Як спецыяліст, і ў калгасе цаніўся па вышэйшай шкале. Былы старшыня райвыканкаму, каб прадухіліць ягоны зыход з гаспадаркі, нават прапанаваў налічыць яму заробак па тагачасных коштах у тысячу (!) долараў. Але Кастусь ужо тады быў свядомым у сваім выбары — не мог жыць пад «дурным» начальніцкім прымусам. Калі проста нецікава. Ён сказаў мне пра гэта напачатку знаёмства:

— Калгасы — штучнае ўтварэнне пры камуністах. Як дагэтуль кажуць — усё вакол калгаснае, усё вакол нічыё. Сітуацыя. Прыходзіць трактарыст на мехдвор. Хто тут гаспадар? Старшыня калгаса — такі ж наёмнік. Сёння ён ёсць, заўтра яго з трэскам вымелі. Садзіцца на трактар — зноў жа нічый! На чыё поле едзе? Нічыё! Нічыё ж насенне без імпэту засявае. Аднак на сотках у тых самых механізатараў што ёсць — паглядзіце! Во дзе ўраджай сапраўдны. А дзяржаўныя мільярды — бухаюць як у чорную дзіру. У фермерстве праславутая калгасная халява не праходзіць. З зямлёй тут кожны сам-насам. Дый добры дзядзька зверху не тое што не дапаможа — будзе чыніць перашкоды. Таму выжываюць толькі мацнейшыя.

2_kastus_korsak.jpg

Кастусь Корсак

 

Патлумачу. Гадамі Корсакі прасілі дазволу падвоіць, а то і патроіць колькасць арэндаванай зямлі. Балазе, побач ляжачы СВК імя Янкі Купалы. Дый 58-ы прэзідэнцкі ўказ «Аб фермерскай гаспадарцы» не тое што дазваляў — прымушаў мясцовыя ўлады спрыяць выдзяленню надзелаў у вольнае карыстанне з так званых «зямель запасу».

Але тагачасны старшыня Маладзечанскага райвыканкама Касабуцкі адкрыта казаў: «У сваім калгасе зямлі такім, як вы, не даваў, не дамо і тут». Зрэшты, неяк улады згубілі пільнасць. Аддалі Кастусю калгасны палетак, на якім з-за бур’яну і трактара не было відаць. Тады Корсак, кіроўца з 30-гадовым стажам, кульнуўся на бок на трактары з плугам, калі перад ім раптам з-за зарасніку ўзнікла насыпаная мяжа ў чалавечы рост. Але ў той жа год упартае сямейства Корсакаў сабрала па 40 цэнтнераў з гектара. Бадай, пасля гэтага нарадзіўся яго фермерскі маніфест, якога трымаецца і па сёння:

— Фермерам калгасныя начальнічкі зайздросцяць і баяцца. Не толькі з-за канкурэнцыі. Прафесіяналізму і свабоды болей у нас. Можна пачытаць кніжкі, цяпер іnternet, але як няма знутры прызвання, не будзе толку. Зверху паступае каманда дуралома якога-небудзь — тут сей авёс, тут кукурузу. А я ведаю, што там бульбу, а там кукурузу, а не наадварот! Так і раблю. І ніхто не прыляціць у 6 раніцы і на планёрку ці селектарную нараду не пагоніць.Таму нас не любяць вертыкальшчыкі. Бо што такое аддаць зямлю? Я ж яе не вывезу, яна нідзе не дзенецца. І ў мяне карані пушчаныя, што не выкарчаваць. Але я буду гаспадаром! Я не буду сядзець і думаць, з чаго плаціць заробак. З выручкі! А яна з рынкаў збыту, якія шукаю, дзе хачу і магу. Яны ж не могуць разабрацца з «указіўкамі», а райсельгасупраўленне, фінансавыя службы — з размеркаваннем датацый. Зрэшты, боязь выпусціць уладу — вось што гэта!

Нашчадкі

Нашчадкі жывуць ды фермерствуюць з бацькам ужо 6 гадоў — 30-гадовы, каржакаваты ды разважлівы Алесь ды 28-гадовы, хударлявы, лірычны Андрэй.

Кастусь расказаў мне гісторыю. 20 гадоў таму калгасная брыгадзірка ехала па дарозе ў часе жніва. І... раптам знепрытомнела. На яе поўнай хадой рухаўся трактар з прычэпам, набітым зернем. Кіроўцы не было! Ва ўсякім выпадку, бачна. Бацька на яе расповед пасмяяўся, сказаўшы, што трактар з аўтаматычным кіраваннем. Брыгадзірка хутчэй паверыла ў гэта, чым у тое, што за рулём, нябачны, сядзеў 10-гадовы тады Алесь.

3_andrej_korsak.jpg

Андрэй Корсак

У апошні прыезд, пакуль браты завіхаліся на двары, я завёў гаману з жонкай Андрэя, 27-гадовай Настай, якая адначасова ладзіла іх любімае сняданне — бульбу з мясам на «пекнай» скварцы. Спытваю, ці цяжка былой гарадской жыхарцы стаць жонкай фермера?

«Ды не, як і ўсім жонкам, трэба ўбіраць, гатаваць — расказвае маладая гаспадыня. — Замужам я трэці год, дзіцяці 2 гады і 2 месяца. Добра, што ў іх вольны графік — мужа можна ўзяць з сабой куды паехаць. Ну і маральнае задавальненне, бо працуеш на сябе — што заробіш, тое тваё. Будзе на што, дзе і як Кірушу вырасціць…»

Прыходзяць і радком сядаюць за стол Алесь і Андрэй. За гарбатай заводзімся на жыццё-быццё, якое, кажуць, ужо без фермерства не ўяўляюць. Цікаўлюся, як дапамагае фінансавая адукацыя. Браты адказваюць разам:

— Умеем пісьменна шукаць інфармацыю, на электронны адрас рахунак аплаціць. У бацькі кліент-банк на ноўтбуку стаіць з электронным подпісам — аплачвае тавары, запчасткі, паліва, хімію. Эканомія часу! А 10 гадоў таму выпісаў тавар у Віцебску, забіраеш плацёжку ў Маладзечна — і зноў у Віцебск. Дый на расійскіх форумах з калегамі можна пагутарыць: ты ім пра сваё, у іх нешта ўзяць можна…

— 6 гадоў таму ваша мара, пра якую казалі, была — зрабіць уласны мехдвор. Ажыццявілася?

— Ну яшчэ б пару трактаркоў неблагіх, — смяюцца браты. — А так ужо паўнавартасная гаспадарка — 2 трактары 1221, 952-і ўзялі, два 82-х, 2 маленькіх 320-х трактароў, 2 добрых камбайны зернеўборачных, сеялкі, апырсквальнікі, акучнікі новыя, касілка. Складоў бракуе, пад зернеачыстку дах трэба, каб вялікія машыны маглі заходзіць. Будзем развіваць мяса і малако. Раней праз хату ў людзей карова была. Зараз у 30 хатах — тры, дзве ў нас. І з бацькам рашылі — паставім бліжэйшым часам статак на 20–25 кароў, будзем даглядаць за імі…

— Колькі падсобных рабочых бераце?

— Калі і 10 хапае, калі і 50 замала — у сярэднім 20, у залежнасці ад ураджаю. Сёння сонца, заўтра буран…

Раней ураджайнасць на новых землях была 40 цэнтнераў з гектара… Цяпер на асобных участках і 65 не мяжа, некаторыя і 15 гектараў не далі. 100 гектараў сенакосу далі, дзе не касілася апошнія 8 гадоў. А гаспадара прыдбала зямля, глядзіцца зараз іншымі вачыма, ды і яна інакш на цябе глядзіць. Увогуле, ёсць сярод нас прышлыя людзі, якія не зямлю апрацоўваюць, а імкнуцца бабло грэбці — думаюць, пасадзіў, убраў — і о-па, па кішэню грошай. А не, зямля потым 5–6 год пустая стаіць…

Не ўтрымліваюся, каб не запытацца пра стаўленне да палітыкі і розных выбараў. Хлопцы зноў усміхаюцца:

— Нашага кандыдата няма! Нібы, у парламенце законы ды ўказы прымаюцца. Адведзены 10-дзённы тэрмін на папяровую валакіту. А што на самай справе? Тое, што напісана, не зрушваецца гадамі. Ісці кожны раз скардзіцца ў пракуратуру? Парадак прадстаўлення зямлі для фермерскай гаспадаркі прапісаны акуратна. Калі прыходзіш у кабінеты — во пастановы Саўміна за нумарам такім-та, толькі веямі хлопаюць, бо самі не ведаюць. Дык чаго за іх ісці галасаваць?!

8_prybiralnja_biblijateka.jpg

Прыбіральня-бібліятэка

Суседзі ды аднадумцы

Вайтэлям, нягледзячы на старажытную гісторыю, што ідзе ад часоў ВКЛ, на росквіт ды дабрабыт не шанцавала. Не толькі за польскім часам, калі вёска была на самай мяжы з СССР, а з часоў аж царскай Расіі. Кінуўся са мной ва ўспаміны ў першы прыезд старэйшына і старэйшы па веку сярод вяскоўцаў, былы бухгалтар, тады 84-гадовы Міхаіл Кісель.

— Паны не далі вяскоўцам зямлі, і мала людзей засталося. Во ў Валодзьках па валацэ (21 гектар) на сямейства пры сталыпінскай рэформе давалі. І людзі паехалі ў Амерыку, Францыю на заробкі. А пры Польшчы ніякіх вытворчых аб’ектаў не было, бо былі «крэсы ўсходні». Я скончыў 7 класаў — і далей нікуды, бо беларус і праваслаўны…

На сямейства Корсакаў не можа нахваліцца:

— Я і сам у іх падпрацоўваў. Кастусь дапамагаў бульбу пасадзіць, палеткі ўзараць. Каней не было з лесу дроў прывезці, зерне памалаціць — усё ён! Захварэлі кабаны. Ён і ўкольчык зробіць, і параіць. Папросіш — ніколі не адмовіць. На зямлі гэтыя людзі вельмі неабходныя...

Маладыя Корсакі праводзяць мяне да суседзяў і сяброў, чыя фамільная сядзіба ў сотні метраў. Пад 100-гадовай грушай на ўваходзе слупок з надпісам «Галубоўшчына». А на двары — маляўнічы гарадок з дрэва. Тут і кахлёвы самаробны калодзеж, сухое дрэва са шпакоўнямі, лаўка з коламі ад гарматаў часоў першай сусветнай. А яшчэ — прыбіральня з кнігамі на паліцах! Між іншым, гаспадары гандлююць па вёсках з кніжнымі аўталаўкамі.

Каб не Корсакі, кажуць гаспадары, не толькі за гаспадаркай не было б каму прыгледзець, але і ўтрымаць чатыры соткі гарода ды дзве з кветнікамі.

53-гадовага прадпрымальніка Ігара Ігнаценку, жонка, хатняя гаспадыня Галіна, называе фантазёрам. Яна карэнная, ведае свой радавод у трох каленах. З задавальненнем расказвае:

— Гэта зямля прадзеда майго — Рабушкі Сцяпана, які купіў тут зямлю. І раздаваў яе сынам — засценак з трох хат, называўся Галубоўшчына. У бабулі і дзядулі 10 гектараў было зямлі. Забралі пашу камуністы, лес, лугі. Бабулі прыйшлося з малымі дзецьмі працаваць на двух гектарах. Але конь быў, авечкі, свінні. У 53-м калгас прыйшоў — і ўсё туды сышло… Тым не менш, 100 год дому — уяўляеце, якая моц сыходзіць ад яго?! У падвале хавалі прадукты ад партызан — яны маглі ўсіх расстраляць, немцы хоць цукерку пакідалі дзіцяці, як цешча расказвала. Але сказаць пры бацьку, што Сталін дрэнны, нельга было, бо за яго падымаўся ў атаку. Аднак Лукашэнку не любіў, — падморгвае суразмоўніца.

9.jpg

***

У той дзень спадар Кастусь з’явіўся толькі пры канцы дня — ездзіў на «Лідсельмаш» за запчасткамі. Разам з сынамі імкліва гартаў прывезеныя мной у падарунак кнігі з «Бібліятэкі «Свабоды» — у сям’і гавораць па-беларуску, нашу літаратуру любяць.

Корсакі не без годнасці расказваюць, як знаёмы краязнаўца паведаміў, што іх род княжы з часоў ВКЛ. На Полаччыне дагэтуль існуе вёска Корсакі. Мараць дабрацца да архіваў, каб пераканацца ў сваіх славутых каранях дакументальна. Пры канцы з маладым напорам ды весялосцю цвердзілі: «У нас фермерская рэспубліка, а на сваёй зямлі і сёння будзем княжыць давеку!»