«Альбо ў іх няма мазгоў, альбо яны ненавідзяць свой народ»

Пасля транспартных новаўвядзенняў жыхары Слуцка адчулі шок, які да гэтага часу не праходзіць. Дзяржава ў чарговы раз праявіла «клопат» пра людзей, ад якога нашы грамадзяне стараюцца адбіцца.

img_0431_logo.jpg

Пакуль маршрутныя таксоўкі бастуюць на вакзалах, у горадзе ідзе ліхаманкавы збор подпісаў на імя кіраўніка дзяржавы ў абарону былога парадку перавозкі пасажыраў. Толькі на адным месцы збору подпісаў у Слуцку 28 лютага былі сабраны 400 подпісаў, а па горадзе — больш за тры тысячы.
З 12 апытаных мною чалавек 1 сакавіка на слуцкім кірмашы толькі адзін падтрымаў новае заканадаўства — пры гэтым ён з’яўляецца ўладальнікам прыватнага аўтамабіля і маршруткамі карыстаецца рэдка. Астатнія ж былі настроены катэгарычна супраць новага закону.

img_0428_1_logo.jpg

Пенсіянер Алег Іванавіч абвінавачвае ўлады ў тым, што яны не думаюць пра народ, бо не клапоцяцца пра яго праблемы.
Альбо ў іх няма мазгоў, альбо яны ненавідзяць свой народ, — гаворыць пажылы чалавек. — Самі ездзяць на дарагіх лімузінах, а нас заганяюць назад у 1960-я гады адстойваць чэргі за квіткамі. Пенсію плацяць абы-якую і не думаюць пра тое, што мне трэба будзе заплаціць за транспарт да вакзала. Якім чынам я патраплю з прыгарада Слуцка на ранішні рэйс да Мінска, які адыходзіць у 6.05? На дарагой гарадской таксоўцы? Ці народ з Ленек, што ў 15 кіламетрах ад Слуцка па дарозе на Мінск, паедзе ў Слуцк, каб пасля праехаць гэтае ж месца?

img_0433_logo.jpg

На думку пенсіянера, хтосьці хоча нажыцца на гэтым ужо развітым бізнесе, стаць манапалістам і «адціснуць» бізнес.
З усіх сумніўных дзяржаўных дасягненняў за апошнія гады менавіта праца маршрутных таксовак заслугоўвала высокай пахвалы, — гаворыць другі суразмоўца, мужчына сярэдніх гадоў, які не захацеў называць свайго імя. — Я інвалід, маю праблемы з нагамі. Каб даехаць да вакзала, мне трэба будзе за маленькую пенсію выклікаць таксоўку. Мяне ж да гэтага часу забіралі каля самага дому. Па тэлефоне зробіш заказ і спакойна чакаеш, калі за табой заедуць. Ветлівае культурнае абслугоўванне, з прыемнай музыкай і інтэрнэтам для моладзі.
Случчанін лічыць, што словы чыноўнікаў пра бяспеку пасажыраў — пустыя, бо пра бяспеку можна клапаціцца іншым чынам: праз кантроль над тэхнічным станам транспарту, праз розныя праверкі аўтадарожных інспекцый.
Перавозчык Аляксандр, зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік, ужо шмат гадоў працуе на маршрутнай таксоўцы і возіць пасажыраў. Ён не выключае магчымасці таго, што ў гэтым бізнесе з’явіўся новы таемны перавозчык, які мае вялікія грошы і хоча заняць месца ІП.
Пасля прыняцця новага закону аб перавозцы пасажыраў ніхто ў Міністэрстве транспарту да сённяшняга дня не здолеў нам патлумачыць пра механізм прымянення закону на практыцы, — гаворыць кіроўца. — Да мяне ніколі не было прэтэнзій з боку падатковай. Дарэчы, слуцкія індывідуальныя перавозчыкі на 99 працэнтаў — легальныя і законапаслухмяныя. Кожны прыватнік штомесяц плаціў падатак па 131 рубель у месяц у бюджэт. У Слуцкім райвыканкаме таксама да нас не было прэтэнзій — ні па перавозках, ні па плацяжах. Кожны тэхагляд праходзілі раз у паўгода — гэтак жа, як і аўтапаркі. Кожны дзень — медыцынскі і тэхнічны ўнутраны кантроль. Застрахоўвалі жыццё кожнага пасажыра.
Зараз паміж намі і пасажырамі будзе існаваць так званы «рэгулятар» — пасярэднік-манапаліст «Мінскаблаўтатранс», які не выконвае функцыі перавозчыка, але будзе атрымліваць па 50-60 рублёў у месяц з кожнага аўтамабіля. Для таго, каб пакрыць дадатковыя выдаткі на пасярэдніка, трэба будзе альбо пагаршаць якасць тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіля, альбо павысіць цэны на білеты.

img_0430_logo.jpg

На Слуцкім аўтавакзале 1 сакавіка было нешматлюдна, але па прыбыцці чарговага аўтобуса на Мінск хуценька ўзнікла чарга за квіткамі. Я ж пацікавілася, ці можна папярэдне ўзяць квіток да Мінска на нядзелю 4 сакавіка на 8 гадзін раніцы. Высветлілася, што папярэдне набыць квіток на гэты рэйс нельга. Лёс маёй паездкі будзе вырашацца толькі ў нядзелю, калі я адстаю чаргу за квітком на гэты рэйс.
Як паведаміла мне жыхарка з вёскі Канюхі Капыльскага раёна, ёй 28 лютага прыйшлося наймаць прыватніка, які б вывез яе з вёскі на шашу Слуцк-Мінск, дзе ёй давялося ў марозны дзень больш за гадзіну прастаяць з паднятай рукою.
Вяртаемся ў мінулае стагоддзе?