Юрый Мяцельскі: «Супрацоўнікі міліцыі любяць злоўжываць паўнамоцтвамі»
Спыненне адміністратыўнай справы ў судзе — рэдкая з’ява. Суддзі звычайна бяруць да ўвагі выключна пратаколы і словы супрацоўнікаў міліцыі.
Слуцкага раёна 22 лютага спыніў адміністратыўную справу ў дачыненні да случчаніна Юрыя Мяцельскага. Ён быў затрыманы міліцыянтамі ў навагоднюю ноч «за нецэнзурную лаянку з хуліганскіх памкненняў у грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення».
Першапачаткова пратакол складаўся за знаходжанне ў нецвярозым выглядзе (артыкул 17.3 КаАП), але пасля таго, як у выцвярэзніку было выяўлена толькі 0,29 праміле алкаголю ў крыві, міліцыянты дапоўнілі пратакол нецэнзурнай лаянкай. У судзе разглядаўся пратакол па артыкулу 17.1.
Заслухаўшы паказанні сведак, вывучыўшы матэрыялы справы, суддзя Аляксандр Тарасюк прыйшоў да высновы, што справу трэба спыніць з-за недаказанасці здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння Юрыем Мяцельскім.
У судзе пацвердзіліся папярэднія высновы, што прычынай затрымання маладога чалавека амапаўцамі з’явілася спроба Юрыя падчас праверкі дакументаў вызначыць прычыны асаблівай увагі міліцыянтаў да сябе і свайго сябра.
Паколькі і затрыманні мірных грамадзян ў навагоднюю ноч, і спыненне адміністратыўных спраў па пратаколах міліцыянтаў з’яўляюцца не зусім звычайнымі з’явамі, я вырашыла паразмаўляць з валанцёрам праваабарончага руху «Вясна» Юрыем Мяцельскім аб яго стаўленні да гэтага выпадку.
— Юрый, прайшло ўжо амаль два месяцы пасля твайго сумніўнага затрымання ў навагоднюю ноч, у выніку якога ты адседзеў двое сутак у Слуцкім ІЧУ. Ці чакаў ты суда?
— У мяне былі дваякія пачуцці. З аднаго боку, паколькі быў складзены адміністратыўны пратакол, я чакаў суда. З другога — спадзяваўся, што ў нашых міліцэйскіх чыноўнікаў яшчэ ёсць справядлівасць і здаровы сэнс. Да таго ж я ўжо і так быў пакараны — правёў два дні ў ІЧУ. Была маленькая надзея, што хтосьці з высокапастаўленых сумленных міліцэйскіх чыноў праверыць адміністратыўную справу і не давядзе яе да суда.
— Звычайна суддзям дастаткова пратаколаў супрацоўнікаў міліцыі. Спыненне адміністратыўнай справы ў нашых судах — рэдкая з’ява. Чаму гэта здарылася ў тваім выпадку?
— Як ні стараліся супрацоўнікі мінскага АМАПа Мядзведскі і Макееў даказаць сваю правату, у іх нічога не атрымалася. З пратаколу вынікала, што мая нецэнзурная лаянка зневажала годнасць мінакоў. У судзе ж міліцыянты распавядалі, што яны не мелі першапачатковага намеру мяне затрымліваць, але я лаяўся пры размове са сваім сябрам, і яны толькі хацелі правесці прафілактычную гутарку са мной.
Спачатку яны называлі нейкіх міфічных мінакоў, якіх я нібыта зняважыў сваімі паводзінамі. Аднак, калі суддзя і абаронца Вадзім Мушынскі запыталіся, ці былі там жыхары горада і ці звярталі ўвагу вулічныя мінакі на лаянку, станоўчага адказу яны не атрымалі. Насамрэч, ні маёй лаянкі, ні мінакоў не было. Дый стаялі мы ў такім месцы, дзе ніхто не прагульваўся. У судзе фактычна было даказана: я быў затрыманы за тое, што «гуляў у юрыста» і перапісаў нумар жэтона аднаго з супрацоўнікаў міліцыі.
— Ці не сыграла для суда сваю ролю, што адміністратыўны пратакол склалі не свае супрацоўнікі Слуцкага РАУС, а міліцыянты Мінскага АМАПа?
— Магчыма.Такая версія і чуткі ёсць, але дакладнай інфармацыяй я не валодаю.
— Ці пойдзеш ты на вуліцу, калі вып’еш бакал шампанскага ў наступную навагоднюю ноч?
— Пайду. Баючыся ваўкоў — застанешся без грыбоў. У гэтым няма злачыннасці. Да таго ж у нашай краіне няма «сухога закону». Тым больш, суд паказаў, што ў некаторых выпадках праўду ў судзе знайсці можна.
— У судзе міліцыянты фактычна прызналі, што твайго сябра не затрымалі, паколькі ён “не напружваў” іх. А ты аказаўся занадта разумным, па іх словах, «гуляў у юрыста». Можа, і табе патрэбна было так сябе паводзіць?
— Калі ўвесь час мы будзем толькі выконваць «законныя патрабаванні міліцыянтаў» — гэта ні да чаго добрага не прывядзе, бо супрацоўнікі міліцыі любяць злоўжываць сваімі паўнамоцтвамі. Зразумела, што калі грамадзянін звяртае ўвагу праваахоўнікаў на іхнія парушэнні, гэта выклікае агрэсіўную рэакцыю. Але спыніць злоўжыванні можна толькі ведамі правоў і абаронай іх.
— У савецкія часы затрыманне
людзей у нецвярозым выглядзе было даволі рэдкай з’явай. Што
адбываецца зараз? Міліцыянтаў стала болей, і ім не хапае іншай працы? Ці ў нас
ужо пераможана сапраўдная злачыннасць?
— Зараз у нашым заканадаўстве існуе мноства антыгуманных законаў, і дзейнічае адпаведная практыка па іх. Міліцыя шукае больш лёгкія справы для сябе, каб зрабіць што-небудзь простае і не абцяжарвацца. Дарэчы, артыкул 17.1 КаАП ужо даўно патрабуе ўдасканалення і канкрэтызацыі. Праваабаронцы спрабавалі праводзіць кампанію па спыненню дзеяння гэтага артыкула пад дэвізам «Я — грамадзянін, а не артыкул 17.1». Магчыма, трэба яе ўзнавіць, надаць новае дыханне, каб хоць крышку аздаравіць прававую сістэму, небяспечную для кожнага чалавека.
— Ты гаворыш, што трэба ведаць правы. Якім чынам звычайны чалавек можа набыць такія веды?
— Трэба дамагацца, каб у сістэме школьнай адукацыі ў абавязковым парадку вывучаліся правы чалавека. Бо звычайны выпускнік школы ведае толькі пра існаванне абавязкаў перад дзяржавай. Да таго ж мы жывём у век інтэрнэту, можна, напрыклад, «запытаць у гугла», як трэба сябе паводзіць, калі затрымлівае міліцыя.
У краіне існуе шмат грамадскіх праваабарончых арганізацый, якія ладзяць прававыя семінары. Трэба цікавіцца іхняй дзейнасцю, станавіцца валанцёрамі. Цяпер у розных гарадах краіны арганізоўваюцца выставы на тэму «Кожны павінен ведаць свае правы». Плануем правесці такую выставу і ў Слуцку.
Дарэчы, паколькі суд мяне апраўдаў, а маё затрыманне і пазбаўленне волі былі незаконнымі, буду абскарджваць гвалтоўныя дзеянні міліцыянтаў.