Беларускі калій павезлі ў Кітай па чыгунцы
Большая частка калію, які пастаўляецца ў Кітай, «закантрактаваная» і накіроўваецца атрымальніку па чыгунцы, паведаміў пасол Беларусі ў КНР Юрый Сянько ў эфіры АНТ, паведамляе найбуйнейшы беларускі партал, прызўнаны «экстрэмісцкім».
Паводле яго слоў, усе кампаніі ў сферы дастаўкі тавараў працуюць над перабудовай лагістычных маршрутаў, каналаў пастаўкі.
— На сённяшні дзень вялікая частка аб'ёму прадукцыі, якая раней пастаўлялася на кітайскі рынак, ужо «закантрактаваная» і накіроўваецца чыгуначнымі маршрутамі ў КНР. У нас 47 лагістычных кампаній, якія працуюць у сферы прапаноў спосабаў дастаўкі тавараў, — сказаў Сянько.
Пасол падкрэсліў, што кампаніі працуюць на тое, каб перабудаваць лагістычныя маршруты, каналы пастаўкі і даставіць груз атрымальніку.
— Мы мяркуем, што ў бліжэйшы час будзе выраўнаваная сітуацыя, будуць дасягнуты тыя аб'ёмы, якія раней пастаўляліся. Але для гэтага, вядома, спатрэбіцца пэўны час, таму што рэзка перабудавацца на новыя маршруты — гэта звязана з досыць многімі складнікамі. Але нашым вытворцам, перавозчыкам гэтыя складнікі вядомыя, — патлумачыў пасол.
Дыпламат адзначыў, што ў структуры беларускага экспарту ў КНР скарачаецца доля сыравінных тавараў.
— Калі браць два месяцы бягучага года, то мы бачым яшчэ большае зрушэнне ў бок тавараў з высокім дабаўленым коштам і памяншэнне аб'ёму сыравінных рэсурсаў. Мы задаволеныя такой статыстыкай, — падкрэсліў Сянько.
Па словах амбасадара, заходнія санкцыі не паўплывалі на беларуска-кітайскія адносіны.
— З Беларуссю захаваныя вельмі добрыя партнёрскія адносіны, якія выдатна падтрымліваюць нас на міжнароднай арэне па ўсіх пытаннях, якія мы сумесна падымаем. Мая асабістая перакананасць, што ўсе тыя ўкіды ў дачыненні да Кітая, што ён змяніў сваё стаўленне да Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Беларусь, не маюць ніякай глебы пад сабой, — сказаў на заканчэнне Юрый Сянько.
Раней паведамлялася, што справы на «Беларуськаліі» пагоршыліся, прадпрыемства нават вымушанае браць крэдыты.