Беларускіх пенсіянераў выратуе... праца

Большасць з магчымых рэформаў, звязаных з развіццём назапашвальнай сістэмы, не выклікае цікавасці ў насельніцтва, паколькі людзям няма чаго назапашваць.

pensioner_04022016_tutby_brush_phsl_img_05.jpg

Такая адна з высноваў, якая змяшчаецца ў працы «Стаўленне насельніцтва да пенсійнай сістэмы Беларусі», падрыхтаванай эканамістам Даследчага цэнтра ІПМ Глебам Шымановічам. Праца падрыхтавана ў рамках праекта «Развіццё Кастрычніцкага эканамічнага форуму».
Як адзначае Глеб Шымановіч, насельніцтва мае абмежаваныя веды аб тым, як функцыянуе пенсійная сістэма і якім чынам яна фінансуецца. Шмат у чым гэта звязана з адсутнасцю цікавасці да дадзенай тэмы. Пры гэтым выхад на пенсію ў насельніцтва выклікае хутчэй негатыўныя эмоцыі, бо дзяржаўная пенсія, на думку рэспандэнтаў, не здольная забяспечыць нябедную старасць.
«Прычыну гэтага ўдзельнікі апытання бачаць у агульным узроўні эканамічнага развіцця, які прадвызначае нізкі памер пенсій. Адпаведна, рэформы існуючай пенсійнай сістэмы не ўспрымаюцца насельніцтвам, як выхад з сітуацыі якая стварылася. Большасць з магчымых рэформаў, звязаных з развіццём назапашвальнай сістэмы, змяненнем прынцыпаў разліку пенсій на карысць большай іх дыферэнцыяцыі, не выклікае цікавасці ў насельніцтва. Развіццё назапашвальнай часткі стрымліваецца нізкім узроўнем даходаў насельніцтва і немагчымасцю рабіць зберажэнні. Невысокая каштоўнасць ва ўспрыманні рэспандэнтаў узмацнення дыферэнцыяцыі памеру пенсій і іх большай прывязкі да аб'ёмаў страхавых узносаў тлумачыцца устояным успрыманнем пенсіі як сацыяльнай дапамогі, а не персанальных назапашванняў асобнага чалавека», — гаворыцца ў працы.
Пры гэтым удзельнікі апытання не лічаць, што дадзеныя рэформы немагчымыя. Найбольшую зацікаўленасць насельніцтва выказвае ў пытанні ўліку страхавога стажу, паколькі істотная частка рэспандэнтаў рызыкуе не выпрацаваць яго да дасягнення пенсійнага ўзросту. Акрамя таго, удзельнікі апытання не хацелі б далейшага павышэння пенсійнага ўзросту, але лічаць, што яно хутчэй за ўсё адбудзецца.
Як піша даследчык, асноўнай стратэгіяй вырашэння праблемы для сябе рэспандэнты бачаць у захаванні занятасці пры дасягненні пенсійнага ўзросту. Аднак пенсіянеры і людзі ў перадпенсійным узросце — групы з самай высокай рызыкай страты працы. Пры гэтым пераважная большасць рэспандэнтаў лічыць, што пры дасягненні пенсійнага ўзросту людзей з вялікай верагоднасцю звальняюць (так лічыць 86.3% рэспандэнтаў, якія адказалі на адпаведнае пытанне) або пераводзяць на нізкааплатныя пасады (70.2%). Знайсці ж новую працу, на думку ўдзельнікаў апытання, пенсіянерам часцяком немагчыма (89.1% рэспандэнтаў).
«Такім чынам, важным напрамкам эканамічнай палітыкі, які здольны падтрымаць дабрабыт пенсіянераў, з'яўляецца стварэнне спрыяльных умоў для працаўладкавання людзей у пенсійным узросце», — рэзюмуе эканаміст.
thinktanks.by