Інвалід не здолела аднавіцца на працы праз суд
Валянціна Аній, інвалід 3-й групы, была звольненая па скарачэнні штата. Жанчына лічыць сваё звальненне несправядлівым, бо інваліды маюць прыярытэтнае права застацца на працы, і называе яго актам помсты за адстойванне ў мінулым годзе свайго права на мінімальны заробак.
Случчанка Валянціна Аній працавала ў вытворчым будаўнічым кааператыве «Маналіт» з лета 2012 года, і была звольненая па скарачэнні штата (п. 1 артыкула 45 Працоўнага кодэксу). Жанчына лічыць, што звольнілі яе несправядліва, паколькі, згодна з Працоўным кодэксам, пры скарачэнні штата інваліды маюць прыярытэтнае права ў параўнанні з іншымі работнікамі застацца на працы пры роўных паказчыках вытворчасці працы.
— На працягу многіх гадоў працы я добрасумленна выконвала свае працоўныя абавязкі, не атрымлівала аніякіх спагнанняў, — гаворыць заяўніца. — Лічу, што дырэктар прадпрыемства такім чынам адпомсціў мне за маю нязгоду мірыцца з парушэннямі заканадаўства пры заключэнні аднагадовага кантракту ў мінулым годзе.
Валянціна Аній распавяла, што ў 2019 годзе ёй недаплачвалі мінімальны заробак, а пасля прапанавалі падпісаць фактычна пусты кантракт тэрмінам на адзін год. Па словах інваліда, там была толькі адзначаная велічыня штодзённага заробку за змену — 17 рублёў. Не былі прадугледжаныя ні аплата выходных, ні святочных дзён, ні іншыя выплаты згодна заканадаўству. Паколькі жанчына той кантракт не падпісала, адміністрацыя звольніла яе ў сувязі з тым, што работніца «не пагадзілася на змяненне ўмоваў працы».
Дзякуючы дапамозе прадстаўніка незалежнага прафсаюза РЭП Валянціна Аній была адноўленая праз суд на працы з заключэннем бестэрміновай дамовы. І вось — новае звальненне ў лютым 2020 года і новы суд.
— Лічу, што новае звальненне па скарачэнні штата — гэта помста за мае адстойванне працоўных правоў у мінулым годзе, — заявіла Валянціна Аній падчас судовага разбіральніцтва. — Пасля аднаўлення на працы з дапамогай незалежнага прафсаюза ў 2019 годзе дырэктар неаднаразова вусна пагражаў, што знойдзе прычыну для майго звальнення. І вось знайшоў.Каб зрабіць выгляд, што гэта не асабістая помста, разам са мной звольніў яшчэ некалькі работнікаў.
Прадстаўнікі прадпрыемства «Маналіт» адмаўлялі наяўнасць помсты ў дзеяннях кіраўніка прадпрыемства і тлумачылі звальненне былой работніцы фінансавымі цяжкасцямі. Таксама яны патлумачылі, што не ведалі, што Аній да гэтага часу з’яўляецца сябрам прафсаюза РЭП.
На прадпрыемстве «Маналіт» апошні год жанчына працавала вахцёрам. Цяжкая праца ёй супрацьпаказаная па здароўі.
— Магу працаваць толькі вартаўніком альбо вахцёрам па стану здароўя, і мне яшчэ тры гады да пенсіі па ўзросце, — патлумачыла сваё памкненне застацца на былой працы жанчына. — У Слуцку цяжка знайсці такую працу, да таго ж ніхто не хоча звязвацца з інвалідамі. Атрымліваю пенсію па інваліднасці памерам у 215 рублёў, а выжыць за такія грошы немагчыма.
Паколькі жанчына з’яўляецца сябрам незалежнага прафсаюза і фармальна была звольненая гэтым разам зноў з парушэннем працоўнага заканадаўства — без папярэдняга паведамлення аб звальненні на адрас адпаведнага прафсаюза, яна прасіла суд Слуцкага раёна аднавіць яе на працы ў папярэднім статусе, абавязаць працоўную арганізацыю выплаціць ёй сярэдні заробак за час прымусовага прагулу і кампенсацыю маральнай шкоды. Прадстаўнікі прафсаюза РЭП папярэдне дапамаглі скласці позву ў суд, але на судзе адстойваць інтарэсы жанчыне прыйшлося ў адзіночку.
Суд Слуцкага раёна адмовіў інваліду Валянціне Аній у задавальненні яе позвы, паколькі не знайшоў у дзеяннях наймальніка парушэння працоўнага заканадаўства. Жанчына яшчэ не вырашыла, ці будзе абскарджваць у вышэйшай судовай інстанцыі такое рашэнне суда.
— Паколькі наймальнікам зараз дадзены шырокія паўнамоцтвы для непадаўжэння кантрактаў і звальненняў, — такія справы ў судзе фактычна немагчыма выйграць, — коратка пракаментаваў вынікі суда сябра БХК Віталь Амяльковіч, які прысутнічаў у зале. — Для мяне было відавочна, што гэтае звальненне — акт помсты інваліду, які спрабаваў адстойваць у мінулым годзе права на мінімальны заробак. Чалавек выкінуты на вуліцу ў горадзе, дзе цяжка знайсці працу нават за мінімальную аплату.