«Беларускі эканамічны цуд»: ВУП знізіўся на 4%, рэальныя даходы насельніцтва — на 5,7%
У студзені—лютым у Беларусі прадоўжыўся эканамічны спад. За два месяцы валавы ўнутраны прадукт скараціўся на 4% у параўнанні з аналагічным перыядам 2015 года, сведчаць дадзеныя Белстата.
У грашовым выражэнні ВУП за студзень—люты 2016 года склаў 141,534 трлн рублёў.
Афіцыйны прагноз беларускіх уладаў на 2016 год, зацверджаны ў снежні 2015 года, прадугледжваў рост ВУП на 0,3%.
Паводле звестак Белстата, за студзень—люты 2016 года вытворчасць прамысловай прадукцыі знізілася на 5,6% да 121,531 трлн рублёў. Запасы гатовай прадукцыі склалі 36,8 трлн рублёў, або 73,5% да сярэднямесячнага аб'ёму прамвытворчасці (у студзені—лютым 2015 года — 87,6%). Удзельная вага інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме адгружанай прадукцыі склала 10,1% супраць 12% у студзені—лютым 2015 года.
Выпуск сельгаспрадукцыі гаспадаркамі ўсіх катэгорый вырас на 2,4% да 12,7 трлн рублёў. Інвестыцыі ў асноўны капітал знізіліся на 24,6% і склалі 22,7 трлн рублёў.
Рознічны тавараабарот знізіўся на 0,2% і склаў 53,9 трлн рублёў, аптовы — на 8,6% і склаў 98,2 трлн рублёў.
Рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва Беларусі ў студзені 2016 года знізіліся ў параўнанні са студзенем мінулага года на 5,7%.
Паводле звестак Белстата, у студзені на аплату працы ў структуры рэальных наяўных грашовых даходаў прыйшлося 60%, на даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці — 7,7%, пенсіі, дапамогі і іншыя трансферты склалі 25,9%, даходы ад уласнасці — 6, 4%.
Рэальныя наяўныя грашовыя даходы грамадзян ўяўляюць сабой усе грашовыя даходы за вылікам падаткаў, збораў і ўзносаў, скарэктаваныя на ўзровень інфляцыі.