Інерцыя як фактар развіцця

«Нябачная рука» кіруе суб’ектамі рынку, але беларуская мадэль не прадугледжвае іншага суб’екта, акрамя ўладнай «вертыкалі». Тое, што ў нас прынята называць «гаспадарчым суб’ектам», па факце з’яўляецца гаспадарчым аб’ектам.



umovy_1_logo.jpg

Пачну з цытаты-афарызму: «Ніякі ўрад не можа закладваць у задачы на будучыню рэцэсію». Аўтар выказвання — намеснік міністра эканомікі Аляксандр Забароўскі. Месца нараджэнне афарызму — пасяджэнне Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы. Дата нараджэння — 3 сакавіка 2016 года.

Калі пагадзіцца з аўтарам такога неардынарнага выказвання, то ўрад Дзмітрыя Мядзведзева ў Расіі варта прызнаць «ніякім». 3 сакавіка (супадзенне датаў, відаць, выпадковае) газета «Ведамасці» апублікавала артыкул «Расію чакаюць яшчэ тры гады крызісу». Да такой высновы калектыў аўтараў прыйшоў на падставе прагнозу, падрыхтаванага Мінэканамразвіцця.

Спадзяюся, чытачы НЧ ведаюць, якім чынам стан расійскай эканомікі адгукаецца ў Беларусі. А вось узровень інфармаванасці наконт гэтага пытання спадара Забароўскага выклікае здзіўленне. Інакш чым яшчэ можна растлумачыць задачу да 2020 года дамагчыся ў нашай краіне тэмпаў росту ВУП вышэй за агульнасусветныя, якую паставіў перад сабой беларускі ўрад?

На якіх разліках заснаваны такі аптымізм? Можа, на мінулым вопыце? «Наша эканоміка за пяцігодку вырасла на 5,9%», — адрапартаваў дэпутатам першы намеснік міністра, удакладніўшы пры гэтым, што планавалася дасягненне «больш высокага паказчыка». У перакладзе з эзопавай мовы на мову лічбаў удакладненне азначае, што рост ВУП павінен быў скласці 62–68%. Такі паказчык быў зацверджаны на чацвёртым Усебеларускім сходзе.

Аб’екты vs. суб’екты

У 1777 годзе Адам Сміт склаў спіс умоў эканамічнага росту: мір, нізкія падаткі і разумныя законы. Пры іх выкананні, лічыў аўтар Даследавання аб прыродзе і прычынах багацця народаў, «нябачная рука рынку» (invisible hand of the market) здольная эфектыўна накіроўваць асабістыя інтарэсы вытворцаў на службу грамадству.

Адносіны з «нябачнай рукой рынку» ў беларускай мадэлі не склаліся з першых дзён яе функцыянавання. Нічога дзіўнага ў гэтым няма.

«Нябачная рука» кіруе суб’ектамі рынку, а беларуская мадэль нейкага іншага суб’екта, акрамя ўладнай «вертыкалі», не прадугледжвае. Таму тое, што ў нас прынята называць «гаспадарчым суб’ектам», па факце з’яўляецца гаспадарчым аб’ектам.

Згодна з Вікіпедыяй, гаспадарчы суб’ект — гэта асоба, якая самастойна арганізуе сваю дзейнасць і нясе поўную адказнасць за рызыкі, якія ўзнікаюць ад яе дзейнасці, у тым ліку (дадам ад сябе) і за рызыкі ад укаранення навуковых распрацовак.

Асаблівасці асваення навуковых распрацовак гаспадарчымі аб’ектамі адзіны палітык (АП) растлумачыў 3 сакавіка (усё тая ж дата!) падчас прызначэння рэктараў ВНУ.

Першая асаблівасць — гэта наяўнасць галоўнага адказнага па пытаннях укаранення навуковых дасягненняў. Такім у Беларусі з’яўляецца старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук. Другую асаблівасць ілюструе наступная цытата: «Ён (галоўны адказны) прыйшоў, даў заданне прамыслоўцам. І хай толькі не зробяць. А інакш як? Кіраўнік не хоча, навуковец не можа ці баіцца — і будзем целяпацца».

Вось што значыць «ісці ад жыцця»! Гаспадарчыя аб’екты тым і адрозніваюцца ад гаспадарчых суб’ектаў, што ў адсутнасць выразных заданняў зверху самастойна здольныя толькі целяпацца. І гэта ў лепшым выпадку.

АП далей падкрэсліў, што «Нацыянальная акадэмія навук павінна вызначаць і прапаноўваць прадпрыемствам прарыўныя, выгадныя для дзяржавы тэхналогіі».

Механізм стварэння прарыўных тэхналогій, відаць, прынцыпова нічым не адрозніваецца ад механізму іх укаранення, тым больш, што галоўным адказным за распрацоўку з’яўляецца ўжо знаёмы нам галоўны адказны за ўкараненне. Далей — паводле апісанага вышэй алгарытму: прыйшоў, даў заданне, і хай толькі не зробяць...

Не што, а як рабіць

«Урад, — тлумачыць АП, — не павінен быць нейкі канторай. Ён павінен сёння (прама пра гэта трэба гаварыць у складанай сітуацыі) у ручным рэжыме кіраваць эканомікай там, дзе гэта трэба, на месцы дапамагаючы ўсім, чым мы можам, прадпрыемствам, губернатарам, старшыням райвыканкамаў, патрабуючы ад іх бездакорнага выканання прынятых рашэнняў і вельмі высокай напружанасці і інтэнсіўнасці».

Рэкамендую перачытаць цытату некалькі разоў. Задача ўрада — дапамагаць «усім, чым мы можам».

А што мы можам? Мы можам... патрабаваць. Таму спіс кіраўнічых паслуг урада абмяжоўваецца спісам патрабаванняў.

Нескладана ўявіць сабе дзеянні кіраўніка, які атрымаў такога кшталту дапамогу. Ён пстрыкне абцасамі і тут жа пераадрасуе патрабаванне на ніжэйшы ўзровень. Так кіраўнічы імпульс, народжаны ў скураным імпартным крэсле, аператыўна апусціцца да ўзроўню табурэткі брыгадзіра.

Каб зразумець паводзіны «гаспадара табурэткі», мне спатрэбіцца дапамога этолага (спецыяліста, які вывучае генетычна абумоўленыя паводзіны жывёл і людзей). Адпаведны прыклад я знайшоў у кнізе Віктара Дольніка «Эталагічныя экскурсіі па забароненых садах гуманітарыяў»: «Звернемся да галубоў. Калі ў чарадзе іх няшмат, між імі ўсталёўваецца шэраг супадпарадкаванняў. Голуб, які ўсіх перамагае, заўсёды будзе дамінантам, затым размесцяцца субдамінанты і гэтак далей, да самага ніжэйшага рангу. Час ад часу дамінант дзеўбане субдамінанта (з-за спантаннага выбуху агрэсіі), той пераадрасуе агрэсію на таго, хто стаіць ніжэй на іерархічнай лесвіцы, калі агрэсія дойдзе да голуба, якому дзяўбці няма каго,  ён пераадрасуе яе зямлі. Па ланцужку нібы прабег сігнал. Ён нічога не паведаміў, а толькі пацвердзіў іерархію».

А каму пераадрасуе кіраўнічы імпульс брыгадзір? Мяркую, жонцы і дзецям пасля заканчэння працоўнай змены, бо ён, як правіла, не валодае дастатковым адміністрацыйным рэсурсам для супрацьстаяння працоўнаму калектыву.

На першы погляд, мой прыклад з іншай оперы, бо я паставіў знак роўнасці паміж перадачай кіраўнічых каманд і пераадрасоўваннем агрэсіі. Пэўная нацяжка існуе, згодны. Аднак каманды ў стылі «ўзмацніць», «падвысіць» і далей па спісе ніякага дачынення да рэальнага кіраванню не маюць. Як і ў прыкладзе з галубамі, іх мэта (дапускаю, што часам і неўсвядомленая) — пацвярджэнне іерархіі.

Галоўная задача кіраўніка — выпрацоўваць ідэі. Тым, хто сумняваецца ў гэтай кіраўнічай ісціне, прыгадаю 39-гадовага беларускага мільярдэра, заснавальніка кампаніі «Wargaming» Віктара Кіслага. Стварыць кампутарную гульню, колькасць карыстальнікаў якой перавысіла б 80 мільёнаў чалавек, шляхам раздачы каштоўных указанняў у апісаным вышэй стылі, немагчыма.

Сапраўдны кіраўнік тлумачыць сваім падначаленым, не што рабіць, а як рабіць. Прапаную чытачам уявіць сабе на месцы Віктара Кіслага. Рабочая нарада. Вы сабралі сваіх намеснікаў і... загадваеце «прыняць дадатковыя меры для забеспячэння:

павышэння плацежнай дысцыпліны ва ўзаемаразліках за пастаўленыя тавары, выкананыя работы, аказаныя паслугі;

развіцця добрасумленнай канкурэнцыі на ўнутраным рынку;

                                                                

росту і дыверсіфікацыі экспарту» (цытую паводле тэксту Указа №78 «Аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу Рэспублікі Беларусь»).

Уявілі? Атрымалася?

А вось у спадара Забароўскага Указ №78 адмаўлення не выклікаў. Наадварот, свае надзеі на рост беларускага ВУП тэмпамі вышэй за сусветныя ён звязаў з яго падпісаннем.

Кайданкі ў дэфіцыце

Беларускі ўрад кіраванне эканомікай ажыццяўляе ў ручным рэжыме. Іншага спосабу кіраваць аб’ектамі гаспадарання (дзяўбці субдамінантаў) у прыродзе не існуе. Ручное кіраванне, тлумачыць палітолаг Таццяна Станавая, «гэта замкнёнасць сістэмы прыняцця рашэнняў на кіраўніка дзяржавы і яго адміністрацыю, па прычыне якой урад і рэгіёны не рашаюцца праявіць ініцыятыву і прапанаваць уласную праграму. Гэта калі інерцыя — адзіны шлях развіцця краіны, а ўсе змены ініцыююцца толькі зверху або ў выніку супрацьстаяння нарастаючаму хаосу, страты кантролю за сітуацыяй або сістэмнага збою».

Нарастанне хаосу і страта кантролю — непазбежная стадыя ў развіцці эканамічных мадэляў, якія кіруюцца ў ручным рэжыме. Яе мы сёння і назіраем.

Абмяжуюся адным прыкладам. У Пасланні–2015 АП сярод пераліку асноўных мерапрыемстваў на бягучы год згадаў тры нарады, якія плануецца правесці «як пленумы ЦК калісьці праводзілі па найважнейшых, актуальных пытаннях нашага жыцця».

Адзін з «пленумаў» планавалася прысвяціць жыллёва-камунальным паслугам. Для яго падрыхтоўкі ўказам АП у лютым 2014 года была створана «адпаведная група» на чале з кіраўніком Камітэта дзяржаўнага кантролю. Яе першыя крокі актыўна абмяркоўваліся дзяржаўнымі СМІ. На непрацяглы час кіраўнік групы ператварыўся ў галоўнага ньюсмейкера краіны.

І што мы маем на выхадзе? Праз два гады на выхадзе мы маем абурэнне АП з нагоды сітуацыі з тарыфамі на ЖКП. Правядзенне неабходных разлікаў у тэрмін не перашкодзіла атрымаць вынік «з дакладнасцю да наадварот». 22 лютага, у поўнай адпаведнасці са схемай Віктара Дольніка, па іерархічнай лесвіцы зверху ўніз пабег сігнал. Вось як ён выглядаў пры перадачы ад АП да старшыні КДК: «Значыць, надзеньце кайданкі тым, хто не выканаў даведзеныя па майму загаду тарыфы. Надзеньце і публічна пасадзіце дзясятак-другі чалавек. Усё стане на свае месцы. Хопіць з імі жартаваць. Мы тут нешта лічым, плануем, а яны робяць усё па-свойму».

Новы тэрмін для падрыхтоўкі разлікаў — 1 сакавіка. Вясна наступіла сапраўды па раскладзе. Аднак усё на свае месцы так і не стала, магчыма, з прычыны дэфіцыту кайданак.

* * *

Уладная «вертыкаль» — няўстойлівая, як і кожная вертыкаль. Спрабуючы ўтрымаць раўнавагу, яна вымушана марнаваць усё больш часу і рэсурсаў на сябе, любую. Абслугоўванне інтарэсаў грамадства пры гэтым даводзіцца ажыццяўляць па рэшткавым прынцыпе, што не выключае публічных абяцанняў АП «ніколі не адхіляцца ад таго, што абяцаў людзям».