«Брэжнеўшчына» ХХІ стагоддзя

«Крызіс не звонку, крызіс у галовах», — прыкладна так казаў прафесар Прэабражэнскі. Галоўны складнік нашага крызісу — крызіс ідэяў. Нечым гэта нагадвае часы позняга Брэжнева — нічога новага, нават заклінанні старыя.

mirovoj_finansovyj_krizis_2_886x500.jpg


Нагадаем, што Лукашэнка падпісаў дэкрэт №1, які прыйшоў на змену сумнавядомаму дэкрэту №3, яшчэ ў студзені 2018 года. Тады ж ён даручыў чыноўнікам да 1 красавіка прыдумаць сістэму, па якой «лайдакі» будуць цалкам аплачваць некаторыя паслугі, якія субсідуе дзяржава.

Вынік, як і чакалася, нулявы. Пэўна, таму, што «сацыяльная дзяржава» насамрэч мала што субсідуе. Бясплатная медыцына і адукацыя закладзеныя ў Канстытуцыі, ЖКГ само не ведае, якія тарыфы «стопрацэнтныя», а плаціць за войска, міліцыю і ўводзіць дыферэнцаваныя квіткі на транспарт — глупства. А выдумаць нешта крэатыўнае — на гэта не «брэжнеўскія» мазгі патрэбныя.

Напоўніцу крызіс у галовах выявіўся і на рэспубліканскім семінары-нарадзе аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны. Аляксандр Рыгоравіч, які заклапаціўся зімой, якая зацягнулася, і надыходзячай пасяўной. Але ён не знайшоў нічога навейшага за свае аргументы дзесяцігадовай даўніны, і абрынуўся на пасярэднікаў. «Нахабныя сталі да крайняй ступені. Завозяць ўсё, што папала, — тое, што робіцца ў краіне і за што выплачаныя падаткі. Сваё ляжыць, гніе дзесьці, а мы ўсё вязем з-за мяжы», — звярнуў увагу Лукашэнка. «З пасярэднікамі трэба самым жорсткім чынам — не факты мне пералічваць, а зрабіць так, каб іх наогул не было. У краіне ўжо закупляюць праз пасрэднікаў. Толькі прамыя закупкі ад вытворцы!» — запатрабаваў ён.

Калі кіраўнік краіны кажа «ад сябе», як у гэтым выпадку, заўсёды атрымліваецца цікавы і сапраўдны малюнак нашага жыцця. Напрыклад, фраза «што робіцца ў краіне і за што выплачаныя падаткі». Зараз мы ведаем, што ён ведае, што нашы падаткі, насамрэч, ідуць не на сацыяльныя патрэбы грамадства, як тое належыць. А на падтрымку дзяржпрадпрыемстваў. Прычым, прадпрыемстваў, якія, па ідэі, павінны зарабляць, а не стаяць з працягнутай рукой у бок бюджэту.

Другая фраза: «сваё ляжыць, гніе дзесьці». Яшчэ ніхто так трапна не ахарактарызаваў адначасова якасць нашай прадукцыі, яе кошт і ўмовы захоўвання. Калі яно «ляжыць», значыць, задорага каштуе. Калі яно «гніе», то такая ў яго якасць. А калі яно «дзесьці» — значыць, такое яно нікому не трэба.

Ну і трэцяе: патрабаванне «жорстка разабрацца» з пасярэднікамі. Цікава, ці разумее Аляксандр Рыгоравіч, колькі будзе каштаваць адно толькі наладжванне наўпроставых кантактаў з вытворцам? Увесь свет гандлюе не з заводамі, а з «пасярэднікамі». Дый, па вялікім рахунку, любы аддзел продажаў — гэта ўжо пасярэднік. Склад — пасярэднік. Перавозчык — пасярэднік. Калі ўскласці ўсе функцыі, якія бяруць на сябе пасярэднікі, непасрэдна на прадпрыемства і зрабіць, каб тых «наогул не было», — такая дадатковая фінансавая і арганізацыйная нагрузка ў сучасных нашых умовах прывядзе нават не да хуткага — да імгненнага — банкруцтва «флагманаў беларускай прамысловасці». Не кажучы ўжо пра звычайных «нефлагманаў».

І — як гэта: мы развіваем лагістычныя комплексы, ствараем лагістычныя хабы, і адначасова — з пасярэднікамі змагаемся? Пчолы супраць мёду?

А яшчэ Аляксандр Рыгоравіч звыкла папярэдзіў чыноўнікаў, як кажуць у Адэсе, «за карупцыю». «Літасці вы не чакайце! — звыкла разносіў падначаленых кіраўнік краіны. — Ужо людзі стогнуць у некаторых раёнах. Справы няма, вынікаў няма, а ён пры людзях, пачынаючы ад лазні і заканчваючы ўласным і для дзяцей, і для сябе жыллём, указанні раздае», — сказаў Лукашэнка.

«Глядзіце, мужыкі. Лепш жабраком, але на свабодзе. Чым багатым там (у месцах пазбаўлення волі). Усё на вачах у людзей», — папярэдзіў Лукашэнка.

Так, усё на вачах у людзей. У тым ліку і тое, што «людзі стогнуць у некаторых раёнах», а Аляксандр Рыгоравіч, ведаючы пра гэта, замест таго, каб прыняць адпаведныя і рашучыя захады, страсае паветра прамовамі.

Пры гэтым лідар дзяржавы пакуль не асэнсоўвае, што ў нашых чыноўнікаў адваротная логіка, да якой ён прывучыў іх сам. Па іх логіцы, лепей нахапаць паболей, каб потым «сплаціць шкоду дзяржаве» і вызваліцца ад адказнасці, не парыцца на нарах. Альбо, забяспечыўшы бязбеднае існавання сям’і і дзецям, адседзець траціну тэрміну, а потым зноў трапіць у той жа «кадравы рэестр кіраўніка дзяржавы». Бо было багата прыкладаў, калі «карупцыянеры» самім Лукашэнкам пасля турмы прызначаліся дырэктарамі прадпрыемстваў і кіраўнікамі саўгасаў…

І яшчэ адна навіна з шэрагу крызісу ідэяў. Ужо ў гэтым ці наступным годзе нам абяцалі поўную аплату ЖКГ. Але, як казалася вышэй, поўных тарыфаў у абсалютных адзінках (грошах) ніхто не ведае. Таму з насельніцтва будуць працягваць стрыгчы поўсць.

Пераход на стопрацэнтную камуналку нам пакуль не пагражае, паведаміў віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін на адкрыцці дваццатай спецыялізаванай выставы «Вада і цяпло». На пытанне, калі будзем плаціць за цеплавую энергію 100%, Калінін выказаў здагадку, што «гэта адбудзецца паралельна з ростам даходаў насельніцтва».«Можа быць, гэта будзе 2025 год, можа пазней», — сказаў віцэ-прэм’ер і дадаў, што пакуль насельніцтва кампенсуе толькі 18–20% кошту цеплавой энергіі.

Але зараз, дзякуючы словам Калініна, мы ведаем, калі пачнецца рост дабрабыту насельніцтва і яго даходаў. Можа быць, 2025 год, можа пазней. І галоўнае ў гэтым, каб да 2025 года ў Беларусі яшчэ захавалася тое самае насельніцтва, у якога будзе расці дабрабыт. Бо такімі тэмпамі развіцця — а дакладней, неразвіцця, стагнацыі і крызісу, — за сем гадоў тыя грамадзяне, пра якіх так дбаюць чыноўнікі, могуць альбо перамерці, альбо (што больш верагодна) збегчы з гэтай краіны. Падалей ад такога дбайнага «клопату».