Чаму беларускія крупы даражэйшыя за імпартныя?
Да пачатку лета ў Беларусі вырабілі 21,3 тысячы тон круп. Затое завезлі ў краіну за тыя ж пяць месяцаў 56,6 тысяч тон. Істотная дзель імпарту прыпадае на рыс, які ў Беларусі не вырабляюць, але паказчык імпарту ўсё роўна высокі. Пра тое, чаму ж тут не дзейнічае разрэкламаваная ўладамі праграма «імпартазамяшчэння», піша «Беларуская ніва».
У краіне практычна няма гаспадарак, якія спецыялізуюцца на вырошчванні крупяных культур. Пасля праблем з грэчкай у 2010 годзе, калі ў Расеі быў неўраджай, а ў Беларусі яе не вырабілі ў належным
аб'ёме, таму кошты на яе узняліся (даходзілі да 25-27 тысяч рублёў за кілаграм), сельгаспрадпрыемствам сталі даводзіць планы вырошчвання грэчкі, каб у будучыні пазбегнуць такіх сітуацый.
Кіраўнікі сельскіх гаспадарак не хаваюць, што калі б была магчымасць, то адмовіліся б ад вырошчвання грэчкі. Як некаторыя з іх прызналіся, пад грэчку, якую засяваюць пазней за астатнія культуры,
часцяком адводзяць горшыя землі, таму вялікага ўраджаю чакаць не даводзіцца. Адсюль і высокі сабекошт атрыманай крупы.
— Кошт сыравіны складае значную частку сабекошту крупы. У
Беларусі закупачныя кошты збожжа прыкметна вышэйшыя, чым у той жа Расіі ды Украіне. Таму яны могуць увозіць да нас свой больш танны ў выніку прадукт, — распавялі на адным з абласных камбінатаў хлебапрадуктаў.
Замкнёнае кола: калі знізіць закупачныя кошты, страты панясуць сельгасвытворцы, а калі пакінуць ранейшай кошт сыравіны, нізкая рэнтабельнасць будзе ў прадпрыемстваў перапрацоўкі.
Мала хто працуе і з гарохам, прычым як сярод вытворцаў, так і сярод перапрацоўнікаў.
— У спажыўца попытам карыстаецца колаты гарох. Але
Навабеліцкі КХП ужо некалькі месяцаў нам яго не пастаўляе — у іх ёсць толькі суцэльны. Таму даводзіцца купляць імпартную сыравіну. Калі
ж расфасуем суцэльны гарох, то проста затаварым склад, — тлумачыць начальніца аддзела продажаў ААТ «Менскі камбінат
хлебапрадуктаў» Зінаіда Прымак.
У сваю чаргу, у філіяле «Навабеліцкі КХП» ААТ «Гомельхлебапрадукт» сітуацыю тлумачаць асаблівасцю вытворчасці, пры якой колатага гароху атрымліваецца менш,
чым цэлага.
Гандаль праблем вытворцаў круп не бачыць.
— Сёння няма фіксаванай гандлёвай надбаўкі на крупы. Таму на
нашу прадукцыю крамы робяць адную надбаўку, а на больш танную імпартную прадукцыю — іншую, як правіла, больш высокую. У выніку два пачкі, напрыклад,
грэчкі — расійскай і беларускай — каштуюць прыкладна аднолькава. Але краме выгадна прадаць тую, на якой яна
накруціць больш, такім чынам, і выстаўляе яе на больш прыкметнае для спажыўца месца. Каб знайсці нашую прадукцыю на паліцах, трэба пастарацца, — наракаюць на адным з КХП.
belniva.by