Хто развязаў вайну з алігархамі?

Апошні тыдзень стаўся багатым на сенсацыі, звязаныя з затрыманнямі асобаў, якія зусім нядаўна былі вельмі набліжаныя да кіраўніка дзяржавы. А некаторыя нават лічыліся яго гаманцамі.



377795581_2992539.jpg

Фота з сайта Міхаіл Кавалёў, www.mk.ru

У мінулую пятніцу грамадскасць ускалыхнула навіна пра затрыманне не так даўно самага багатага бізнесоўца краіны, уладальніка імперыі “Трайпл” Юрыя Чыжа, а ўжо ў аўторак стала вядома пра такія ж дзеянні сілавікоў у дачыненні да кіраўніка СЗАТ “Сервалюкс” Яўгена Баскіна.

Як і ў выпадку з Чыжом, КДБ і МУС пакуль што не спяшаюцца пацвярджаць факт затрымання чалавека, які зусім нядаўна займаў шостае месца ў табелі самых паспяховых і заможных бізнесоўцаў Беларусі. Але, відаць, гэта толькі справа часу. Таксама, як і ў выпадку з Чыжом, у руках сілавікоў апынуліся яшчэ некалькі дзеячаў “Сервалюкса”, а не толькі яго кіраўнік. Прынамсі, так сцвярджаюць дасведчаныя крыніцы.

Паводле праваабаронцы з Магілёва Барыса Бухеля, прадстаўнікі згаданай кампаніі былі затрыманыя 14 сакавіка ў абласным цэнтры, дзе месціцца сядзіба “Сервалюкса”, а затым іх адвезлі ў сталіцу. Застаецца чакаць, што грамадскасці на гэты конт афіцыйна паведамяць прэс-службы сілавых структураў.

Ці выпадкова адбываюцца затрыманні тых, хто яшчэ ўчора лічыўся недатыкальнымі? Таго ж Чыжа, які і бульбу капаў у рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, і кавуны збіраў, дый у хакей з прэзідэнтам не адмаўляўся пагойсаць? І Баскіна, які лічыцца адным з найпаспяховых буйных прадпрымальнікаў Беларусі?

Дарэчы, як правіла, адзіны выпадак можа быць выпадковасцю, два — супадзенне, а ўжо тры — гэта тэндэнцыя. Тут варта ўзгадаць справу сенатара Ганны Шарэйкі, суд над якой адбываецца менавіта гэтым часам. Нагадаем, што Шарэйка — таксама вельмі ўдалая бізнесоўка, кіраўнічка (ужо былая) віцебскай птушкафабрыкі, якая, дарэчы, па беларускіх мерках, даволі паспяховае прадпрыемства.

Чаму гэта адбываецца?

Тут можа быць некалькі варыянтаў.

Першы — гэта тое, што ў дзяржавы бракуе грошай, прычым вельмі бракуе, таму яна вырашыла прыбраць да сваіх рук паспяховыя бізнесы, у якіх круцяцца многія мільёны, прычым зусім не беларускіх рублёў. А самы просты шлях — пасадзіць тых, хто ствараў і валодае такімі бізнесамі. І прысабечыць гэты бізнес “імем рэвалюцыі”.

Другі варыянт — перадзел уласнасці. Як сцвярджаюць сталыя эксперты, падрасла новая генерацыя “маладых і актыўных”, блізкіх да вярхоўнай улады асобаў, якім стала цесна ў сваіх абшарах, і таму яны з дапамогаю высокіх чыноўнікаў і сілавікоў такім чынам адціскаюць прыбытковыя кампаніі.

Трэці варыянт — больш складаны. Ён звязаны не столькі з эканомікай, колькі з геапалітыкай. Пераследуючы буйны беларускі бізнес, нейкія дзеячы, якія не зацікаўленыя ў еўрапеізацыі Беларусі, у наладжванні яе нармальных стасункаў з Еўрапейскім саюзам і Захадам у цэлым, мэтанакіравана робяць з беларускай дзяржавы страшылку. На думку экс-дэпутата Вярхоўнага Савета 13-га склікання Людмілы Гразновай, такія дзеянні, як і каментары ў многіх медыях, могуць адштурхнуць заходніх інвестараў ад прыходу ў беларускую эканоміку.

Але, відаць, не ў каментарах тут справа, але ў дзеяннях саміх уладаў. Той жа “Сервалюкс” з’яўляецца буйным аператарам і вытворцам на аграпрамысловым рынку нашай краіны. Апроч таго, гэтая фірма — афіцыйны дылер кампаній, якія ўваходзяць у найбуйнейшы аграхолдынг Еўропы, — Nutreco (Нідэрланды), а таксама шэрагу лепшых еўрапейскіх вытворцаў сельскагаспадарчага абсталявання — тых жа самых нідэрландскіх Сhore-Time Europe і Fancom.

Затрыманне беларускіх партнёраў дадасць аптымізму заходнім бізнесоўцам? Вельмі сумнеўна. І нешта падказвае, што Чыж, Шарэйка і Баскін далёка не апошнія ў спісе тых, хто знаходзіцца на лаве падсудных альбо ў СІЗА КДБ. Шыкоўная атмасфера для прыцягнення замежных інвестыцыяў у Беларусь! Асабліва зараз, калі ўладам даводзіцца лічыць кожную капейчыну.