Інтэрв’ю Юрыя Чыжа, публікацыі якога ён не хацеў, пакуль быў на волі

Юрыя Чыжа затрымалі вечарам 11 сакавіка. Праз два дні КДБ паведаміў, што бізнесмена падазраюць у нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Яму пагражае да сямі гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасці.



11chyzh_fdtli.jpg

Фота nn.by

“Гэтае інтэрв’ю ўзгаднялася з Юрыем Чыжом некалькі разоў. Нешта дапісвалася, нешта скарачалася. Кожны раз Юрыя Аляксандравіча нібыта ўсё задавальняла, але… Ён прасіў пачакаць… Цяпер адкладваць ужо няма куды. Здарылася тое, чаго, верагодна, баяўся і сам Чыж”, — піша ў прадмове да тэкста журналістка Марына Коктыш. Публікуем некаторыя ўрыўкі.

НВ: Як вы думаеце, чаму беларускія бізнесмены часта баяцца выказваць сваю пазіцыю альбо каментаваць нейкія вострыя тэмы, напрыклад, карупцыю?

Чыж: А вы многа бачылі расійскіх бізнесменаў, якія актыўна займаюцца такімі рэчамі?

НВ: Той жа Алег Цінькоў, напрыклад, часта раздае характарыстыкі чыноўнікам не асабліва саромеючыся ў выразах…

Чыж: Не думаю, што ён так бяздумна да гэтага падыходзіць. І потым, бізнес у яго, скажам так, з пэўным імунітэтам. А нашы беларускія прадпрымальнікі не асабліва выказваюцца, таму што, відаць, у нас і неабходнасці такой вострай няма. Беларускі бізнес у плане сацыяльнай безадказнасці не такі, як ва Украіне, ці Расіі. Мы ўсе на віду, побач. Не рызыкуюць, вось і ўсё…

НВ: Членаў ураду часта пытаюць, калі адновіцца ўздым эканомікі і будзе расці дабрабыт людзей? Вы ведаеце, што для гэтага неабходна зрабіць?

Чыж: Прыбраць 70-80% пустых нарадаў. Чыноўнікаў як мінімум палову яшчэ скараціць. І даць больш самастойнасці прадпрымальнікам. У нас такая складаная нарматыўна-рэгламентуючая база, што ў людзей не хапае ні часу, ні жадання дасканальна ў ёй разабрацца. Ужо патанулі ва ўсім гэтым! Яшчэ 10-15 гадоў таму шмат якія рэчы было нашмат прасцей зрабіць. Цяпер заканадаўства стала больш жорсткім, шэраг нарматыўна-заканадаўчых дакументаў супярэчаць адзін аднаму. Узнікае проста юрыдычны калапс. Рэалізуючы шэраг праектаў, прыходзіцца выходзіць нават на прэзідэнцкія ўказы, а гэта ненармальна.

Яшчэ дрэнна, што ніхто з чыноўнікаў не хоча браць на сябе адказнасць Шэраг кантралюючых органаў проста не аб’ехаць! А яшчэ пакрытыкуеш каго…

НВ: Да пабачэння, бізнес?

Чыж: Дзякуй Богу, да такіх крайнасцяў не даходзіць. Проста ўціхую, як кажуць, зліваюць. Будуюць перад табой непрабіўныя сцены. Нават чыноўнікі сярэдняга ўзроўню не гідзяцца займацца гэтым.

НВ: Чыноўнікі — ворагі бізнесу?

Чыж: Нядобразычліўцы, скажам так.

НВ: Вас не крыўдзіць, калі кажуць, што Чыж свой бізнес пабудаваў шмат у чым дзякуючы сімпатыям зверху, атрымаўшы прэферэнцыі на шмат якія рэчы?

Чыж: На чужы раток не накінеш платок… А што тычыцца прэферэнцый, то ідзіце вазьміце беларускія клубы на ўтрыманне — вам таксама такія прэферэнцыі дадуць. Але нешта жадаючых асабліва няма. Усё, што я раблю, празрыстае і адкрытае.

НВ: Вы па натуры аптыміст?

Чыж: І аптыміст, і песіміст, і філосаф. У залежнасці ад сітуацыі. Цяпер лаўлю сябе на думцы, што іншым разам часцяком рублю праекты, раскладваючы іх на мінусы і плюсы. Раней, калі бачыў хоць адзін плюс, браўся за рэалізацыю. А цяпер — не. Ёсць рэчы, якія я ў жыцці ніколі не стану рабіць. Няма ў мяне жадання зарабіць вялікія грошы любымі сродкамі. У бізнесе, як і ў жыцці, ёсць пэўная мяжа, якую нельга перакрочыць. А калі ўжо перайшоў — нішто не можа цябе апраўдаць. Нешта мы на такую далікатную тэму выйшлі… Для такой размовы патрэбны асаблівы настрой, каб нічога не адцягвала ўвагу… А тут — куча праблем, якія трэба вырашаць…

euroradio.fm