Дэфіцыт кадраў расце. У Беларусі не хапае ўжо 76 тысяч работнікаў

У Беларусі, паводле аператыўных даных, адкрыта каля 76 тысяч вакансій. Пра гэта паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. Паводле яе слоў, «наймальнікі чакаюць працоўную сілу, і перш за ўсё — кваліфікаваную».

yarmarka_vakansiy.jpg

Гэта рэкордная колькасць прапаноў ад наймальнікаў за апошнія некалькі гадоў. Так, на пачатак чэрвеня ў краіне было 69,9 тысячы прапаноў ад наймальнікаў. Гэта на 4,2 тысячы больш, чым на пачатак траўня. Гэта значыць з пачатку чэрвеня колькасць вакансій вырасла больш чым на 6 тысяч.
Для параўнання: на пачатак гэтага года ў Беларусі налічвалася 53,6 тысячы вакансій, 2017-га — 36 тысяч, 2015 года — 28,7 тысячы, 2014-га — 33,6 тысячы, 2013-га — 50,5 тысячы, 2012-га — 51,7 тысячы, 2011-га — 48,8 тысячы.
Раней Ірына Касцевіч адзначала, што галоўная праблема на рынку працы ў Беларусі звязана з дысбалансам попыту і прапановы.
Наймальнік чакае кваліфікаваных, з вопытам работы кадраў. Тыя, хто сёння звяртаецца ў службу занятасці, — як правіла, людзі, якія доўга не працавалі, страцілі кваліфікацыю або пераацэньваюць свой патэнцыял. У гэтых умовах давядзецца працаваць, задавальняючы, з аднаго боку, наймальніка, а з другога, здымаючы напружанасць на рынку працы і забяспечваючы максімальнае працаўладкаванне нашых грамадзян. Гэта галоўная задача дэкрэта № 1 «Аб садзейнічанні занятасці», — казала Ірына Касцевіч.
Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на 1 чэрвеня склаў 0,5%. Вышэй за ўсё гэты паказчык у Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях — 0,6%. У Гродзенскай вобласці ён складае 0,55%, у Мінскай вобласці — 0,4%, а ў Мінску — 0,2%.
Паводле finance.tut.by