«Дырэктар дзяржпрадпрыемства не стане паказваць прыбытак»

Ці можна вырашыць праблему неэфектыўнай дзяржаўнай уласнасці ў межах існуючай эканамічнай сістэмы? То бок не праводзячы маштабную прыватызацыю, на якую кіраўніцтва краіны захоўвае забарону.

172690priv.jpg


Беларускі «Ліберальны клуб» правёў чарговы круглы стол, тэма якога гэтым разам аказалася ўнікальнай — як рэфармаваць дзяржаўныя прадпрыемствы, пры гэтым пазбегнуўшы іх прыватызацыі? Бо, як вядома, на паўнавартасную прыватызацыю нават самых стратных прадпрыемстваў у Беларусі накладзена фактычная забарона. І гэтую забарону Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў у сваім нядаўнім выступе перад новымі дэпутатамі Нацыянальнага сходу. Аднак рабіць са стратнымі заводамі нешта трэба, таму што яны літаральна на вачах ператвараюцца ў сапраўдны млынавы жоран на шыі эканомікі.
Зрэшты, у версіі «Ліберальнага клуба» назва круглага стала гучала больш дыпламатычна: «У пошуках балансу: як рэфармаваць дзяржпрадпрыемствы, не парушаючы сацыяльную стабільнасць у краіне?». Аднак на самым пачатку мадэратар мерапрыемства, эканаміст Антон Болтачка канстатаваў: другі год запар ВУП Беларусі скарачаецца хуткімі тэмпамі, а асноўныя эканамічныя параметры кажуць, што гэтая дынаміка працягнецца. Імкнучыся пазбегнуць краху, улады распачалі шэраг важных крокаў у грашова-крэдытнай палітыцы — для паніжэння інфляцыі і ўмацавання беларускага рубля. Аднак дзяржаўны сектар эканомікі працягвае працаваць усё горш, яго рэфармаванне ідзе вельмі павольна (калі ідзе наогул), і гэта стварае сур’ёзную пагрозу для развіцця Беларусі.
Пры гэтым рэфармаванне дзяржпрадпрыемстваў немагчымае без сур’ёзных сацыяльных выдаткаў. У выпадку масавай прыватызацыі, альбо проста банкруцтва неэфектыўных вытворчасцяў, з праблемай беспрацоўя могуць сутыкнуцца амаль 50% усіх занятых у эканоміцы: гэта як супрацоўнікі стратных дзяржпрадпрыемстваў, так і прыватных фірмаў, якія з імі працуюць. Пры гэтым сціпласць дзяржаўнага бюджэту на 2017 год не дазваляе забяспечыць усіх звальняемых годным утрыманнем у выпадку беспрацоўя. Што, зразумела, адразу адаб’ецца на сацыяльнай стабільнасці ў краіне.
«У краіны папросту няма грошай на рэфармаванне дзяржсектара. А нядаўні выступ прэзідэнта ў парламенце паказаў, што няма і палітычнай волі да такога рэфармавання, — канстатаваў ва ўступным слове Антон Болтачка. — Ёсць праблемы з сістэмай кіравання — як на мясцовым узроўні, так і на рэспубліканскім. Чыннік у тым, што ніхто не гатовы браць на сябе адказнасць за рэфармаванне дзяржуласнасці. Але, мабыць, адно з галоўных абмежаванняў у тым, што дзяржпрадпрыемствы ў Беларусі адыгрываюць больш сацыяльную ролю, чым камерцыйную».
Адсюль вынікаюць некалькі ключавых пытанняў. Ці з’яўляецца прыватызацыя дзяржпрадпрыемстваў адзіным спосабам рашэння праблемы іх неэфектыўнасці? Ці можна вывесці дзяржпрадпрыемствы з крызісу толькі коштам падвышэння якасці карпаратыўнага кіравання і раздзялення функцый дзяржавы як уласніка і рэгулятара? Якія формы падтрымкі насельніцтва павінна выпрацаваць дзяржава, каб абараніць ад беднаты грамадзян, што страцілі працу падчас рэфармавання рэальнага сектара? Дзе знайсці сродкі на гэтыя патрэбы?
Як лічыць Кірыл Гайдук, краінавы эканаміст прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі, прыватныя кампаніі ў беларускіх умовах больш эфектыўныя, і для гэтага ёсць шэраг фактараў. «Дзяржпрадпрыемствы меней арыентаваныя на зарабленне прыбытку. Але пры гэтым трэба прызнаць, што і вонкавае асяроддзе застаецца няпростым — традыцыйныя рынкі, на якіх прадавалі сваю прадукцыю беларускія прадпрыемствы, сціскаюцца», — кажа эксперт. Па яго словах, Сусветны банк пакуль не рабіў ацэнак таго, як рэфармаванне дзяржпрадпрыемстваў можа паўплываць на сацыяльнае становішча ў Беларусі. Наогул, выступ Кірыла Гайдука пакінуў дзіўнае ўражанне — быццам Сусветны банк наогул не цікавіцца той праблемай, якая абмяркоўвалася на круглым стале.
У сваю чаргу Міхась Андрэеў — заснавальнік і кіраўнік ЗАТ «Белрэалізацыя» (продаж і абслугоўванне праблемных актываў) — агучыў сваю ацэнку аб’ёму праблемных актываў у прамысловасці Беларусі: $6 млрд. «Што датычыцца чыннікаў стратнасці дзяржсектара, то пачынаць трэба з кіраўніцтва дзяржпрадпрыемстваў. Шмат якія кіраўнікі — людзі досыць мужныя. Але яны працуюць у найскладанейшых умовах, у іх скаваныя рукі і ногі. Галоўны чыннік — наша сацыялістычная адміністрацыйная эканоміка, і праблема ў тым, што гэтая мадэль больш не працуе, — кажа Андрэеў. — Яна была жыццяздольная пры сталым падсілкоўванні стратных прадпрыемстваў за кошт продажу калію, вонкавых запазычанняў і гэтак далей. Падсілкоўвання больш няма — і ўсё сканчаецца. І я лічу, добра, што гэтае падсілкоўванне спынілася. Я бачу ў пачаўшымся безграшоўі больш карысці, чым шкоды. Таму што пачынае цалкам па-іншаму працаваць мозг, прыходзяць новыя ідэі».

priva.jpg


Эксперт лічыць, што беларуская эканоміка наогул поўная парадоксаў. «У дзяржпрадпрыемствах адбываецца маса рэчаў, невытлумачальных з камерцыйнага пункту гледжання. Гэтыя прадпрыемствы падпарадкоўваюцца нейкім міфічным ведамствам, міністэрствам, якія лепш за саміх дырэктараў прадпрыемстваў ведаюць, куды трэба прадаць малако, па якім кошце, каму адгрузіць, што будаваць… Гэтыя рэчы не вытлумачальныя ні лагічна, ні камерцыйна, яны забіваюць і здаровыя прадпрыемствы, — распавёў Міхась Андрэеў. — Ёсць яшчэ дурны прынцып далучэння хворага прадпрыемства да здаровага. Калі здароваму чалавеку прышыць нагу з гангрэнай — нага акрыяе, або здаровы захварэе? Праз мяне праходзяць сотні такіх прыкладаў, калі дрэнныя абавязкі і падаткі хворага прадпрыемства «забіваюць» тое, нармалёвае, да якога яго далучылі. Трэба рабіць наадварот: абрэзаць сухія сукі, каб не засохла ўсё дрэва».
Сямён Ліўшыц — экс-гендырэктар ААТ «Завод аўтамабільных прычэпаў і кузаваў «МАЗ-Купава» — заявіў, што сёння знайсці дырэктара на дзяржпрадпрыемства няпроста. Любы дырэктар не жадае рызыкаваць — над ім вісіць зашмат рознага роду сякераў, яму выканкамы даводзяць паказчыкі, якія трэба выконваць. На пасаду шукаюць першым чынам лаяльнага чалавека, а ўжо потым — прафесіянала.
«Я лічу, што выканкамы трэба цалкам адхіліць ад кіраўніцтва прадпрыемствамі. А ім кіраваць вельмі падабаецца, яны даводзяць нейкія паказчыкі і патрабуюць іх выканання. Але калі ў прадпрыемства праблема — выканкам не дапаможа нічым», — акрэсліў праблему Сямён Ліўшыц. Па ягоным меркаванні, перавага банкруцтва стратнага прадпрыемства ў тым, што ў гэтым выпадку мясцовыя ўлады на сябе рызыкі не бяруць, рашэнне аб банкруцтве прымае суд, і гэта нармалёвае рашэнне праблемы. «Трэба выкінуць з галавы прыгожыя словы, такія як мадэрнізацыя і выхад на новыя рынкі, — лічыць Ліўшыц. — Таму што сёння праблема нават знайсці добрага зваршчыка або токара. Я памятаю, як мы вырашалі такія праблемы на планёрцы: куча начальнікаў ёсць, а зваршчыка, які ўмее варыць пад ціскам — няма».
Яшчэ адзін удзельнік круглага стала Дзяніс Пляценёў — кандыдат юрыдычных навук і антыкрызісны кіраўнік — скептычна ставіцца да практыцы ўрада па стварэнні галіновых холдынгаў. «Мы вярнуліся ў 90-я: гаспадарчыя сувязі разбураныя. Беларусь інтэграваная ў сусветную эканоміку, але большасць нашых прадпрыемстваў не разумее: яны зарабляюць грошы або асвойваюць бюджэт? У выніку ніхто не ведае, што рабіць, — кажа эксперт. — Сёння ў нас зарэгістравана 47 холдынгаў, з іх палова ў стратах. Гэта не шлях рэфармавання прамысловасці».
Нарэшце, Марыя Акулава — навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра BEROC, якая таксама ўдзельнічала ў дыскусіі, не змагла адказаць на пытанне пра тое, якая мадэль прыватызацыі больш за ўсё падыходзіць для Беларусі. «Складана вылучыць нейкі краінавы досвед і сказаць, што гэта панацэя для Беларусі. Шмат правільнага, напрыклад, было зроблена ў Кітаі — але гэта не значыць, што Беларусь можа проста ўзяць і запазычыць кітайскую мадэль… Гэта наогул не пытанне двух-трох гадоў, рэструктурызацыя ў Беларусі будзе доўгая і можа расцягнуцца на дзесяцігоддзі», — лічыць эксперт.
І так – на працягу больш за двух гадзін. Апынуўшыся ў сітуацыі, калі прыватызацыю абмяркоўваць не мае сэнсу, эксперты «Ліберальнага клуба» рознымі словамі прамаўлялі адно і тое ж: ацаніць эфектыўнасць працы дзяржсектара вельмі складана, адэкватных адзнак няма. Прыватныя прадпрыемствы працуюць больш эфектыўна, хаця для іх створаныя цяжэйшыя ўмовы. А праблема — у самой структуры эканомікі: квазісацыялістычнай, планавай па сутнасці, але змушанай існаваць ва ўмовах капіталізму. І пакуль дзяржава будзе імкнуцца захоўваць сацыялістычную мадэль на тле капіталізму, дзяржпрадпрыемствы будуць заставацца стратнымі.
У гэтым накірунку — выйсця няма.