Канец турызму
Розныя міністэрствы і ведамствы цягам дзесяцігоддзяў і шалёных грошай спрабавалі завабіць турыстаў у Беларусь. Але ўся гэтая праца была адпраўлена ў сметніцу ўсяго адной унутранай пастановай МУС Беларусі.
Пачалося ўсё з таго, што журналіста «Камсамольскай праўды ў Беларусі» затрымалі за спробу сфатаграфаваць новую падсветку будынка Акадэміі Навук. Яго пратрымалі ў міліцыі чатыры гадзіны, дзе і сказалі, што ёсць дакумент, паводле якога адміністрацыйныя будынкі здымаць забаронена.
Як высветлілася, 25 лютага намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Мікалай Мельчанка падпісаў распараджэнне, згодна з якім міліцыянты павінны праяўляць пільнасць, калі ўбачаць, што нехта фатаграфуе нейкі адміністрацыйны будынак. Кіраўнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС РБ Канстанцін Шалькевіч патлумачыў, што гэта распараджэнне «накіравана выключна на забеспячэнне бяспекі ў краіне і заклікана павысіць пільнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у частцы прадухілення магчымых пагроз рознага характару: ад правакацый да тэрарыстычных актаў. Гаворка не ідзе пра забарону відэа- ці фотаздымкаў адміністрацыйных будынкаў, а рэгулюе выключна дзеянні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў».
«Неабходнасць такога ўказання выкліканая ў першую чаргу тым, што ў апошні час мелі месца факты здымкаў грамадзянамі, у тым ліку не нашай краіны, адміністрацыйных будынкаў з мэтай наступнай дыскрэдытацыі органаў дзяржаўнай улады. У асобных выпадках здымкі суправаджаліся адкрыта хуліганскімі дзеяннямі», — заявіў прадстаўнік МУС.
Пры гэтым, адказваючы на шматлікія запыты розных СМІ аб прадстаўленні арыгінала дакумента, Шалькевіч сказаў: «Прадстаўленне сродкам масавай інфармацыі ўнутрыведамасных дакументаў, якія вызначаюць працу супрацоўнікаў, абавязковым не з’яўляецца».
Аднак, фотаздымак (па іроніі лёсу) дакумента прасачыўся ў інтэрнэт. У распараджэнні спадар Мельчанка загадвае сваім падначаленым арыентавацца на «выяўленне, затрыманне і дастаўку ва УУС асобаў, якія ажыццяўляюць фота- і відэаздымку будынкаў дзяржаўных органаў, у тым ліку, якія ажыццяўляюць праваахоўную дзейнасць, а таксама крытычна важных аб’ектаў». Заўважым, што міліцыянты арыентуюцца не на кантроль і тлумачэнне, што можна здымаць, што нельга. Яны павінны адразу «затрымліваць і дастаўляць».
Апроч таго, Мельчанка загадвае «пры ажыццяўленні разбіральніцтва з названымі асобамі ў абавязковым парадку забяспечыць іх асабісты ператрус, апытанне, праверку па базах дадзеных МУС, а таксама пастаноўку на дакта-, фота- і відэаўлік. Арганізаваць праверку знаходзячыхся пры iх фота-, гука-, відэазапісваючай апаратуры, іншых прылад, якія выкарыстоўваюцца для гэтых мэтаў, а таксама абсталявання для прыёму і перадачы дадзеных па дротавых і бяздротавых каналах сувязі».
Заўважым, пастанова Мельчанкі прадугледжвае не «дагляд», а адразу ператрус, прычым, без санкцыі пракурора. А таксама пастаноўку на дакта-, фота- і відэаўлік любога, хто нешта фатаграфуе. Чаму б не спрасціць гэтую працэдуру? Кожнага турыста проста ў аэрапорце, на мяжы ці на вакзале можна адразу весці на дактыласкапію і ставіць на ўлік. Таму што мабільнік з фотакамерай — фотаапаратура з прыладай для перадачы дадзеных па бяздротавых сетках — ёсць зараз нават у дзяцей.
Так што гэтае распараджэнне — менавіта забарона на здымкі. Прычым, забарона ўсім запар. Бо ў нас жа «крытычна важныя аб’екты» — паўсюль, асабліва калі спіс такіх аб’ектаў вызначаюць самі міліцыянты ў межах сваёй сапсаванасці. Напрыклад, яшчэ да пастановы Мельчанкі аднаму майму знаёмаму не дазволілі фатаграфаваць будынак самага першага ў краіне «Макдональдса» на праспекце Незалежнасці ў Мінску. Маўляў, у кадр трапляе скрыжаванне, якое з’яўляецца «ўрадавай трасай» — па ім кіраўнік дзяржавы на працу ездзіць.
Атрымліваецца, што ў Мінску нельга фатаграфаваць увогуле: усе цікавыя гістарычныя будынкі — адміністрацыйныя. КДБ, Нацбанк, МУС, Палац Рэспублікі, тая ж Акадэмія Навук і нават Нацыянальная бібліятэка пад забаронай для фота, бо ў ёй ёсць прэзідэнцкі кабінет ды зала для міжнародных дэлегацый. Чырвоны касцёл мяжуе з Домам Урада, гарадская ратуша, на ўзнаўленне якой улады Мінска патрацілі столькі высілкаў, — сама па сабе адміністрацыйны аб’ект, каталіцкі Кафедральны касцёл — побач з французскім пасольствам, а праваслаўны Кафедральны — побач з грузінскай амбасадай… Спіс можна працягваць.
Днямі фатографаў, якія здымалі рэкламны ролік, затрымалі за тое, што яны рабілі здымкі ля будынку, дзе месцілася адвакацкая кантора. У Іўі турыстаў затрымалі за фатаграфаванне будынкаў ЗАГСу ды кінатэатру. У Лоеве ў затрыманага грамадзяніна Расіі знайшлі фоткі не толькі Лоеўскага РАУС і ваенкамата, «абцяжарваючымі абставінамі» былі прызнаныя здымкі гомельскага вакзалу і не высветленага «паветранага судна». Дарэчы, будынак гомельскага чыгуначнага вакзалу — сам па сабе помнік архітэктуры.
Навіна пра забарону на фота ў Беларусі ўжо абышла замежныя форумы, блогі і стужкі навін. Так што МУС ужо стварыў Беларусі імідж краіны, неспрыяльнай для турызму. Бо турыст без фотаапарата — не турыст.