Маргелаў: «У Беларусі можна развівацца, толькі ўтапіўшы сваіх канкурэнтаў»

Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў у каментары «Салідарнасці» выказаўся пра перспектывы асаблівай эканамічнай зоны «Брэміна-Орша».

rybka.jpg

У Балбасава афіцыйна запрацавала адмысловая эканамічная зона «Брэміна-Орша», якая складаецца з двух сектараў — прамысловага і лагістычнага. За кіруючай кампаніяй «Брэміна груп» стаяць набліжаныя да ўлады бізнесмены Аляксей Алексін, Алесь Зайцаў і Мікалай Верабей — год таму яны асабіста прэзентавалі праект Аляксандру Лукашэнку.
Падатковыя льготы для рэзідэнтаў АЭЗ уражваюць. Па звестках БЕЛТА гэта: 0% падатку на прыбытак на 9 гадоў; 0% падатку на нерухомасць на 20 гадоў; 0% ПДВ пры вывазе вырабленых тавараў за межы ЕАЭС; 0% падатку на дывідэнды да 1 студзеня 2033 года; 0% афшорнага збору; 0% ПДВ пры рэалізацыі, здачы ў арэнду (лізінг) рэзідэнтамі аб'ектаў нерухомасці да 1 студзеня 2033 года і г.д.
«Салідарнасць» папрасіла сустаршыню Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктара Маргелава ацаніць, наколькі карыснай для Беларусі можа быць праца АЭЗ.

«Па вялікім рахунку, краіна даплачвае такім зонам»

 — Тут нельга сказаць адназначна: добрыя або дрэнныя такія зоны для краіны. З аднаго боку такія зоны, напэўна, варта ствараць, калi iнакш (без ільгот) экспарт, нешта вельмі патрэбнае для краіны развіваць немагчыма. І калі будзе атрыманы так званы мультыплікатыўны эфект для астатніх прадпрыемстваў краіны. І ў выніку плюс перакрые той мінус, які нясе зона, — адзначыў Віктар Маргелаў. — Але калі гэтага няма, а проста стромкія хлопцы вырашылі зарабіць, для чаго зайшлі ў зону... У такім выпадку, падобнае не апраўдана.
Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва звярнуў увагу, што адна адмысловая эканамічная зона ў Беларусі ўжо дзейнічае — «Вялікі камень». Плюс у краіне працуюць некалькі «свабодных эканамічных зон».
— Нарэшце, ёсць яшчэ Парк высокіх тэхналогій, дзе зона па льготах не горш, чым у астатніх, — адзначыў Маргелаў. — Галоўнае, каб краіна атрымала карысць ад гэтых ільгот. Хоць відавочна, што падобных зон не можа быць шмат, інакш гэта будзе несці сур'ёзную шкоду для краіны.
Камітэт дзяржкантролю ўжо кажа: дзе-нідзе ў свабодных эканамічных зонах працуюць не на замежжа, а на Беларусь, руйнуючы рынак пастаўкамі прадукцыі па нізкіх коштах.
Па вялікім рахунку, краіна даплачвае такім зонам, каб яны маглі развівацца. Паступленні ў бюджэт адсутнічаюць, людзі не плацяць падаткі з зарплаты. А прыйдзе час, і гэтым работнікам трэба будзе налічваць добрыя пенсіі. Работнікі гэтых зон не нясуць сацыяльнай нагрузкі, добра зарабляючы пры гэтым. Таму калі фінансавыя структуры пачынаюць атрымліваць ільготы — гэта небяспечная тэндэнцыя, якая можа дрэнна скончыцца.

«Умоваў для развіцця «Брэміна-Орша» я не бачу»

Што тычыцца будучыні канкрэтна «Брэміна-Орша», то Віктар Маргелаў лічыць, што многае будзе залежаць ад геапалітыкі.
— Калі эканоміка ў Расіі будзе развівацца, і Беларусь будзе ў добрых стасунках з Расіяй, то АЭЗ сапраўды можа прынесці карысць для краіны. Прылятаючыя ў Балбасава самалёты з Кітая будуць падлятаць амаль пад Маскву, — сказаў сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва. — Але на сёння я такіх умоў не бачу.
Да прыкладу, у нас існуюць дробныя тарыфныя перашкоды, з-за якіх расіяне растамажваюць у Расіі, а беларусы — у Беларусі. На паперы ўсё прыгожа, але па факце атрымліваецца, што пакуль ёсць вялікія складанасці для выкарыстання зоны па прызначэнні.

«Калі ў акварыуме саляная кіслата — якіх бы ты рыбак туды не накідаў, яны здохнуць»

Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва таксама адказаў на пытанне, чаму пакуль не відаць аддачы ад «Вялікага каменя»:
— У краіне павінны быць адпаведны асяродак. Калі ў акварыуме саляная кіслата — якіх бы ты рыбак туды не накідаў, яны здохнуць. Сёння сітуацыя такая, што без сур'ёзнай комплекснай стратэгіі развіцця краіны ў нейкай галіне развівацца можна толькі ўтапіўшы сваіх непасрэдных канкурэнтаў. Рост ВУП у 1% азначае, што мы не развіваемся. Нам трэба прыдумаць, як усім разам развівацца. І тады ў беларуска-кітайскі індустрыяльны парк заспяшаюцца інвестары.