Эканоміка па-над прорвай
У перабудовачныя часы, калі дазволілі палітычныя анекдоты, шмат хто смяяўся над адной фразай з дакладу: «Эканоміка Захаду знаходзіцца па-над прорвай, у той час, як мы зрабілі магутны крок наперад».
Падаецца, такі крок, нягледзячы на самую аптымістычную статыстыку, ужо зрабіла Беларусь. Згодна афіцыйнымі дадзенымі, рост ВУП Беларусі па выніках студзеня — кастрычніка 2013 года застаўся на ўзроўні 1,1%. У грашовым выражэнні ВУП за 10 месяцаў склаў 505,9 трыльёна рублёў.
Варта зазначыць, што ВУП не расце ўжо два месяцы. «Спыненне» росту ВУП афіцыйныя крыніцы падаюць як прыкмету стабілізацыі эканомікі. Але наўрад ці так ёсць. Варта адзначыць, што ВУП не падае ўніз толькі дзякуючы «разгону» інфляцыі. Інфляцыя ў жніўні складала 0,1%, у верасні — 1,7% і ў кастрычніку — 1,9%.
То бок, калі б не павышэнне кошту створанай прадукцыі (у выглядзе інфляцыі), то ВУП скаціўся б уніз. А гэта значыць, што эканоміка Беларусі знаходзіцца ў рэцэсіі.
І прагнозы не радуюць. На гэтым тыдні эксперты Сусветнага банка на прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў Мінску, агучылі: беларускай эканоміцы пагражае двухгадовая стагнацыя.
Прадстаўляючы выкананы гэтай арганізацыяй гадавы агляд эканомікі Беларусі, старшы эканаміст Сусветнага банка Себасцьян Экардт заявіў, што ў 2013 годзе рост рэальнага ВУП Беларусі замарудзіцца да 1%. Гэта з’яўляецца адлюстраваннем сітуацыі на знешніх рынках і стрымліванне ўнутранага попыту для захавання макраэканамічнай стабільнасці.
Эксперт лічыць, што ў святле паляпшэння сітуацыі на сусветных рынках у 2014 годзе беларуская эканоміка нязначна паскорыцца да 1,5%. «У 2015 годзе, у год прэзідэнцкіх выбараў, макраэканамічная палітыка будзе стымуляваць рост», — прагназуе Экардт. Паводле ацэнкі Сусветнага банка, прырост ВУП Беларусі можа скласці 2%. Аднак пры гэтым дысбалансы ў эканоміцы захаваюцца, лічаць эксперты.
Па прагнозах спецыялістаў Сусветнага банка, інфляцыя ў бягучым годзе ў Беларусі складзе 15% пры прагнозным паказчыку ў 12%. Прычына — рост тарыфаў на камунальныя паслугі і абясцэньванне рубля.
Эксперты прагназуюць і павелічэнне дэфіцыту рахунку бягучых аперацый да 8,9 працэнта ВУП у 2013 годзе. Кажучы простай моваю, мы на 8,9% ВУП закупім імпарту за мяжой больш, чым атрымаем грошай ад экспарту. А калі ў нас дэфіцыт рахунку, то грошы трэба недзе ўзяць. Эксперты Сусветнага банка прагназуюць, што валавыя патрэбы беларускай эканомікі ў знешнім фінансаванні ўзрастуць да 8 мільярдаў долараў. Слабыя паказчыкі эканамічнай дзейнасці будуць аказваць негатыўны ўплыў на даходы бюджэту. А таму чакаецца бюджэтны дэфіцыт.
На думку міжнародных экспертаў, выратаваць Беларусь могуць толькі структурныя рэформы і пісьменная макраэканамічная палітыка. Інакш мы скоцімся ў крызіс. Але ці здольныя ўлады на такую палітыку?