Піяр на квадратным метры

«Ці можа слон атрымаць грыжу? — Можа, калі прымусіць яго падняць сельскую гаспадарку», — такая показка хадзіла ў савецкія часы. Зараз грыжу можа атрымаць спадар Лукашэнка, які ўзяўся за жыллёвае будаўніцтва.



image1644387.jpg

Крэдыты, узятыя на жыллё, аддаваць трэба, і з працэнтамі

Але разнос, учынены кіраўнікам будаўнічай галіны — больш піяр, чым рэальная спроба навесці парадак з жыллём грамадзян.

Піярыліся і абламалі зубы на гэтым і да Лукашэнкі. У 1961 годзе Мікіта Хрушчоў паабяцаў, што да 1980 года кожная савецкая сям’я будзе мець асобную кватэру. У 1986-м Міхаіл Гарбачоў адсунуў тэрміны надыходу камунізму на 15 гадоў, абвясціўшы лозунг: «Кожнай савецкай сям’і — асобную кватэру да 2000 года».

Праблему спрабавалі вырашыць і потым. Але нічога з гэтага не атрымалася.

Лукашэнка прывёў лічбы: з 1996 па 2012 год каля 600 тысяч сем’яў палепшылі свае жыллёвыя ўмовы. «І хоць за гэты час агульная колькасць насельніцтва Беларусі скарацілася, колькасць чаргавікоў на жыллё ўзрасла з 600 тысяч у 1996 годзе да 800 тысяч у гэтым», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Шчыра кажучы, тут няма анічога сенсацыйнага. Адна мая знаёмая ў 1992 годзе нарадзіла дзіця ў інтэрнаце. Зразумела, адразу стала ў чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоваў. Яе чарга дасюль не надышла, а яе сыну ўжо 20 гадоў. І ён таксама зараз мае патрэбу ў «паляпшэнні жыллёвых умоваў». Так што адны льготнікі проста замяняюцца (калі ўвогуле замяняюцца) іншымі.

Што ж тычыцца павелічэння колькасці такіх чаргавікоў, то тут праблема не ў тым, што больш становяцца ў чаргу. Праблема ўвогуле ў скіраванасці дзяржавы праводзіць сацыяльную палітыку. Не сакрэт, што людзі з’язджаюць з вёсак, бо там проста альбо няма працы, альбо мізэрныя заробкі. І яны пераязджаюць у горад.

Адна справа — працаваць даяркай за 1,6 мільёна рублёў у калгасе, іншая — за 2,5–3 мільёна прыбіральшчыцай у Мінску. «Аграгарадкі» праблему не вырашылі — і зразумела, чаму.

Таму што трэба даць людзям не толькі жытло, балазе, усе кажуць, што «вёска памірае», і занядбаных хат там хапае. Там трэба даць найперш дастойна аплачваемую працу. Гэтага немагчыма даць без рэформы сельскай гаспадаркі, якая зараз спрэс трымаецца на дзяржаўных субсідыях. А на рэформу «стратэгічнай галіны» адважыцца ў нас кішкі тонкія. Фермер жа не «ваюе за ўраджай», ён проста працуе, і ягоныя дасягненні не выдасі за «пераможную палітыку дзяржавы».

Людзі бягуць з вёсак у горад па заробкі (амаль як у ХІХ стагоддзі!), засяляюцца ў інтэрнат і становяцца ў чаргу на атрыманне жылля. Вось і ўся праўда жыцця.

У краіне (калі, канешне, верыць афіцыйнай статыстыцы), штогод узрастае колькасць пабудаваных квадратных метраў. «У вас ёсць запланаваныя аб’ёмы — 6,5 мільёна квадратных метраў. Зрабіце іх», — звярнуўся Лукашэнка да чыноўнікаў.

Зробяць, канешне, зробяць! Але 6,5 мільёна «квадратаў», — гэта жыллёвае будаўніцтва агулам. І Лукашэнку, канешне, дадуць прыгожую справаздачу, што гэтыя метры былі пабудаваныя. Але ніхто не будзе казаць пра тое, колькі з гэтых метраў прыпадае на «элітнае жыллё», «жыллё павышанай камфортнасці», «камерцыйнае жыллё», колькі з гэтых метраў пабудуюць для сябе расіяне, і колькі застанецца жылля для «чаргавікоў».

Лукашэнка абураны тым, што жыллё, пабудаванае з дзяржпадтрымкай, сталі перапрадаваць і здаваць у арэнду. А што рабіць? Крэдыты, узятыя на жыллё, аддаваць трэба, і з працэнтамі. А ўзровень заробку гэта рабіць не заўсёды дазваляе.

Да таго ж, дзяржава пастаянна падкідвае «разынкі» ў выглядзе інфляцый ды дэвальвацый. Канешне, ад інфляцыі крэдытаатрымальнікам толькі плюс: узялі адну суму, а аддаваць меншую. Аднак аддаваць яе трэба з тых самых «інфляцыйных» заробкаў. Гэта што тычыцца здачы кватэраў.

Калі ж казаць пра продаж ільготнага жытла, то тут, наадварот, менавіта ягоны няпродаж, на думку эканамістаў, не дазваляе зніжаць кошты на кватэры.

Дзеянні ўладаў тут супярэчлівыя. З аднаго боку, трэба паказаць: жыллё мы будуем. Але з іншага — гэтае жыллё забараняецца прадаваць ці здаваць у арэнду. То бок, спыняецца механізм прапановы жылля на рынак, і прапанова гэтая абмяжоўваецца дзяржавай. А чым менш прапанова — тым больш высокі кошт на тавар, у дадзеным выпадку, на кватэры. Такім чынам, нібыта клапоцячыся пра кошт «квадрату», дзяржава робіць усё, каб гэыт кошт заставаўся высокім.

Робіцца ўсё, каб пабудаванае на льготы жыллё не аказалася на другасным рынку і не аказала на яго паніжальнага эфекту.

Гэта, дарэчы, тычыцца не толькі другаснага рынку жылля, але і першаснага. Рынак наўпрост кантралюецца дзяржавай: яна вызначае попыт на жыллё колькасцю выдадзеных крэдытаў. І вызначае прапанову — праз заданні, спушчаныя па будаўнічай сферы і кантроль параметраў сабекошту жылля. Атрымліваецца, што дзяржава кантралюе рынак з двух бакоў, і мае, такім чынам, магчымасць прызначыць любы кошт «квадрата», балансуючы паміж попытам і прапановай. Роўны хоць сярэдняй зарплаце, хоць ніжэй за яе.

А вось чаму гэтага не адбываецца — гэта ўжо пытанне да дзяржавы.

Чыноўнікі ўрада паскардзіліся Лукашэнку, што нізкія тэмпы будаўніцтва жылля абумоўленыя высокімі працэнтнымі стаўкамі па рублёвых крэдытах і адмовай Нацбанка аднавіць жыллёвае крэдытаванне грамадзян у замежнай валюце. Лукашэнка ў адказ заявіў ім, што «стаўка ў Ермаковай і ў вас у руках».

Нацбанк жа не хоча паўтору крызісу 2011 года. Ермакова не жадае абцяжарваць народ валютнымі пазыкамі, бо, па-першае, валюту на гэтыя крэдыты браць няма адкуль, а па-другое, у выпадку дэвальвацыі насельніцтва загразне ў пазыках і працэнтах. Што, дарэчы, вельмі слушна. З іншага боку, па словах Ермаковай, калі планавалі аб’ёмы будаўніцтва на гэты год, то прадугледжвалася, што банкі павінны выдаць на камерцыйных умовах крэдытаў на 650 мільярдаў рублёў. «За пяць месяцаў выдадзена 880 мільярдаў рублёў. Гэта значыць, грамадзяне ўзялі гэтыя крэдыты», — заявіла Ермакова.

«Зразумела, што да бясконцасці так працягвацца не можа. Патрэба ў даступным жыллі ўзрастае, а дзяржаўныя рэсурсы не бязмежныя», — заявіў Лукашэнка. Але выглядае на тое, што вырашыць сітуацыю ўлада плануе двума савецкімі метадамі: «адняць і падзяліць», а таксама праграмамі і лозунгамі.

Наўрад ці такімі метадамі праблема вырашальная. Трэба шукаць іншыя падыходы да вырашэння «кватэрнага пытання», якое так псуе людзям жыццё.

Дарэчы, а што ў нас з ужо два дзесяцігоддзі планаванай іпатэкай?