Перадпродажная падрыхтоўка

Актыўнасць кантактаў ва ўсходнім кірунку зашкальвае. Два разы за тыдзень беларуская дэлегацыя наведала Маскву. 18 мая віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка паразмаўляў са сваім расійскім калегам Аркадзем Дварковічам. 21 мая ў Маскву для сустрэчы з Дзмітрыем Мядзведзевым паляцеў ужо прэм’ер Міхаіл Мясніковіч.



for_sale.jpg

На продаж

Што тычыцца беларуска-расійскіх адносінаў, то яны зараз сапраўды вельмі праблемныя.

Абураная нашым растваральна-разбаўляльным бізнэсам Масква да гэтага часу не падпісвае гадавы баланс на пастаўку нафты — Расія ўпарта дае нам нафту па кроплі, узгадняючы баланс паквартальна. Беларусь, са свайго боку, упіраецца ў «прамысловай кааперацыі», тармозячы даўно дамоўленае стварэнне беларуска-расійскіх холдынгаў, галоўным з якіх (а хутчэй, найбольш верагодным для таго, каб «абкатаць» далейшую схему холдынгаў) з’яўляецца «МАЗ—КамАЗ».

Расія ў адказ спрабуе абрынуць той жа самы МАЗ, не купляючы яго прадукцыю, — затаваранасць складаў прымусіла МАЗ перайсці на чатырохдзённы працоўны тыдзень, а доля расійскага рынку збыту ўпала з 14 да 7%.

Беларусь, зноў жа, то стварае, то не стварае ў сябе расійскую авіябазу (зрэшты, гэта ўжо палітыка). Усе гэтыя пытанні абрастаюць яшчэ і дробнымі, але вельмі крыўднымі закідонамі, кшталту дыскваліфікацыі хакейнай каманды беларускага прэзідэнта ў Сочы альбо нуля балаў ад Расіі Ланской на «Еўрабачанні».

Перамовы Сямашкі з Дварковічам, як кажуць эканамісты, «скончыліся рознаскіравана». Сямашка паведаміў, што размова ішла аб праектах па стварэнні холдынгаў з удзелам беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў. «Мы абмяркоўвалі з Дварковічам канцэпцыю (стварэння альянсу МАЗа і КамАЗа) і дамовіліся, што на працягу месяца падрыхтуем праекты статута і дагавора давернага кіравання, гэта значыць пазначым гэтаму холдынгу задачы і тое, як ён павінен працаваць. Што тычыцца «Інтэграла», «Гродна Азот», «Пеленг» — усё рухаецца, створаны рабочыя групы. Па МАЗу — КамАЗу мы дамаўляемся, па МЗКЦ ёсць розныя варыянты», — сказаў Сямашка.

Рэакцыя на такі аптымізм з боку Расіі аказалася стрыманай, калі не адваротнай. Расійская прэса паведамляе, што ў чэрвені будзе падпісаны баланс на пастаўку нафты — але не гадавы, а толькі на трэці квартал. То бок, абяцанні Сямашкі і «рабочыя групы» Расію не задаволілі.

Таму ў Маскву паляцеў Мясніковіч. Адкрываючы перамовы з Мядзведзевым, Мясніковіч заявіў, што трэба абмеркаваць «пытанні бягучыя, якія ў пэўнай ступені нашы міністры і эксперты адпрацавалі, але неабходна рашэнне кіраўнікоў урадаў, каб ужо, як той казаў, паставіць там калі не апошнюю кропку, то па меншай меры ўжо наблізіцца да лагічнага рашэння алгарытму па тых ці іншых праектах».

Мядзведзеў, як ні дзіўна, адрэагаваў на пратакольную прамову даволі нервова і радыкальна: «Я лічу, кропку трэба ставіць». Гэта значыць, што беларускія адмазкі і бюракратычныя працэдуры Расію канчаткова дасталі. Расія хацела б як мага хутчэй дасягнуць выніку, які можна памацаць рукамі: хаця б аб’яднаўчыя дакументы МАЗа і КамАЗа, размова пра якія вядзецца ўжо два гады.

Але ў сітуацыі аўтарытарызму, як у Расіі, так і ў Беларусі, нават такія моцныя пры дэмакратыі фігуры, як прэм’ер-міністры, нічога не вырашаюць. Каб яны нешта вырашалі, холдынг «МАЗ—КамАЗ» даўно быў бы створаны. Стварэнне ж холдынгу тарпедаваў сваім выступам сам Аляксандр Лукашэнка, заявіўшы падчас паслання народу і парламенту, што гэта «бандыцкая змова», і ён на гэта не пойдзе.

Тое ж самае тычыцца і Уладзіміра Пуціна. Ніхто не мае сумневу ў тым, што Дзмітрый Мядзведзеў пры ім — несамастойная фігура. І вырашаць пытанні развязкі праблем будуць самі прэзідэнты.

Адзінае, што зараз здолелі зрабіць прэм’еры, — гэта прасвятліць патрабаванні абодвух бакоў па праблемных пытаннях. То бок, правесці перамовы па «перадпродажнай падрыхтоўцы» беларускіх прадпрыемстваў. Вырашаць жа канкрэтыку — што, каму, і па якім кошце, — будуць кіраўнікі краінаў. Бліжэйшая сустрэча Лукашэнкі і Пуціна можа адбыцца 28 мая ў Бішкеку падчас нефармальнага саміту кіраўнікоў дзяржаў — удзельніц АДКБ.

Калі пазіцыя Пуціна ў дачыненні да Беларусі ў цэлым і да Аляксандра Лукашэнкі ў прыватнасці збольшага зразумелая, то спадар Лукашэнка — чалавек вельмі крыўдлівы.

Пасля «шчаўчкоў па носе» на хакеі і на «Еўрабачанні» невядома, як будзе паводзіць сябе Аляксандр Рыгоравіч. Ён таксама можа заняць жорсткую пазіцыю ў перамовах, але тады нам парэжуць нафту. Ён можа зрабіць выгляд, што нічога не адбылося, і хакей з «Еўрабачаннем» яго не тычацца, але адчуваць сябе пры гэтым будзе некамфортна, што дасць Уладзіміру Пуціну дастатковую псіхалагічную перавагу (а карысць псіхалагічнай перавагі ў перамовах палкоўнік КДБ СССР не можа недаацэньваць). Ёсць і трэці варыянт дзеянняў: Лукашэнка будзе пазбягаць сустрэчы з Пуціным і абмяжуецца пратакольным пацалункам. Прадказаць на гэта рэакцыю Пуціна складана, бо, напрыклад, пытанне стварэння расійскай авіябазы ў Беларусі наўпрост тычыцца і АДКБ.

Замацаваць прэзідэнцкія дамоўленасці, калі такія будуць, павінны Мядзведзеў і Мясніковіч. А ці дамовяцца пра што-небудзь бакі, стане вядома апошнімі днямі вясны.