Праблема мінарытарыяў не ў размеркаванні даходаў, а ў памерах саміх даходаў

Прадстаўнікі БСПН імя Куняўскага мяркуюць, што ўкараненне практыкі прызначэння дзяржаўных прадстаўнікоў адмоўна адаб'ецца на інвестыцыйнай прывабнасці акцыянерных таварыстваў (АТ). Праблема абароны мінарытарных акцыянераў заключаецца «не ў размеркаванні даходаў, а ў памерах саміх даходаў», падкрэсліваецца ў лісце. 



medved.jpg

Законапраект аб унясенні зменаў у закон аб прыватызацыі прадугледжвае прызначэнні выканкамамі дзяржаўных прадстаўнікоў у акцыянерныя таварыствы (былыя дзяржпрадпрыемствы) у мэтах абароны інтарэсаў мінарытарных акцыянераў. У чэрвені гэтага года дакумент быў прыняты парламентам у першым чытанні. Чакаецца, што восенню парламентарыі разгледзяць яго ў другім чытанні. 
 

Прадстаўнікі БСПН імя Куняўскага мяркуюць, што ўкараненне практыкі прызначэння дзяржаўных прадстаўнікоў адмоўна адаб'ецца на інвестыцыйнай прывабнасці акцыянерных таварыстваў (АТ). Праблема абароны мінарытарных акцыянераў заключаецца «не ў размеркаванні даходаў, а ў памерах саміх даходаў», падкрэсліваецца ў лісце. 


 

Яго аўтары нагадваюць, што сярэдні памер дывідэндаў на адну акцыю па ўсіх ААТ у 2012 годзе склаў крыху больш за 5 тысяч рублёў. «Дывідэндная даходнасць акцый большасці беларускіх кампаній істотна ніжэйшая як за стаўку рэфінансавання, так і за даходнасць дэпазітаў, аблігацый і любых іншых інструментаў інвеставання. Таму ўкладанні ў акцыі беларускіх ААТ, як і ў золата, могуць разглядацца выключна як доўгатэрміновыя», — гаворыцца ў лісце. 


 

Праведзенае ў 2012 годзе апытанне акцыянераў і менеджараў 400 АТ сведчыць пра тое, што большасць мінарытарных акцыянераў заклапочаны толькі тым, як больш выгадна прадаць свае акцыі, і не разглядаюць магчымасці кіравання сваімі акцыямі і атрымання ад іх дывідэнднага даходу, канстатуюць аўтары ліста.
 

«З вышэйсказанага можна зрабіць выснову, што любыя механізмы абароны мінарытарных акцыянернаў будуць неэфектыўныя, калі не будуць эфектыўныя самі ААТ. Таму найпершая задача менеджменту таварыстваў і адпаведных дзяржаўных органаў — мадэрнізацыя кампаній на аснове прыцягнення дадатковых фінансавых і інтэлектуальных рэсурсаў», — гаворыцца ў лісце. 


 

На думку экспертаў бізнес-саюза, прыўнесці рэсурсы ў ААТ маглі б мажарытарныя акцыянеры. Разам з тым беларускія ААТ пакуль прыцягваюць інвестараў «не прыбытковасцю і магчымасцямі дывідэндаў, а перспектывай уключэння ў свае фінансавыя, таварныя і тэхналагічныя ланцужкі». «Але для гэтага інвестарам трэба мець кантроль над таварыствам, які забяспечваецца кантрольным або блакавальным пакетам акцый», — адзначаецца ў лісце. 


 

«З прыняццем новага закона аб прыватызацыі наяўнасць такіх пакетаў пазбавіць патэнцыяльных інвестараў названых матываў, бо ўсе кантрольныя магчымасці пяройдуць да прадстаўніка дзяржавы. Гэта адмоўна адаб'ецца на інвестыцыйнай прывабнасці беларускіх таварыстваў і рэзка знізіць іх рынкавы кошт», — перакананы эксперты бізнес-саюза.


 

Заклапочанасць з нагоды гэтага законапраекта выказвалі і прадстаўнікі Мінэканомікі. «Яго прыняцце створыць рызыкі і стане фактарам стрымлівання для паступлення прамых замежных інвестыцый», — заявіў на брыфінгу 6 жніўня начальнік галоўнага ўпраўлення інвестыцый міністэрства Сяргей Вайцяхоўскі.


 

Яшчэ раней пра негатыўны ўплыў законапраекта на інвестыцыйны клімат краіны заяўляла Міжнародная фінансавая карпарацыя (IFC). На думку IFC, прызначэнне дзяржпрадстаўнікоў у прыватныя кампаніі фактычна прывядзе да вяртання інстытута «залатой акцыі», якая дзейнічала ў Беларусі да 2008 года.

БелаПАН