Санкцыі — спускавы кручок? Прывід крызісу 90-х гадоў можа ажывіцца

Улады пераконваюць, што ўсё ў эканоміцы добра, падаткаў сабрана рэкордна шмат і таму праблем з бюджэтам няма. Пры гэтым адмяняюцца рэйсы электрычак і прыгарадных цягнікоў, пагаршаецца расклад гарадскога транспарту. А на даплаты бюджэтнікам грошы бяруць з прэзідэнцкага фонду. Да таго ж, прывід крызісу 1990-х гадоў могуць ажывіць санкцыі.

imgonline_com_ua_resize_pawassrgno_1068x585.jpg

Ці так усё бясхмарна з дзяржаўнай кішэнню? Ці змогуць улады выканаць бюджэт з дэфіцытам, павялічаным вясной (да ўвядзення асноўных пакетаў санкцый) у паўтара раза?

Адказы на гэтыя і іншыя пытанні газеты «Беларусы і рынак» дае кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін.

Эксперт лічыць, што па выніках 2021 года планы Мінфіна па даходах рэалізуюцца: «Кошты на нафту, драўніну, будаўнічыя матэрыялы і іншыя важныя артыкулы беларускага экспарту выраслі істотна. Напэўна, лепш стане адчуваць сябе гаротны БМЗ, на які не так даўно добраахвотна-прымусова збіралі грошы па банках і які сядзіць у даўгах як у шоўку. Бо кошты на метал таксама рэзка ўзляцелі».

Але кіраўнік праекта «Кошт урада» падкрэсліў, што не варта забываць пра санкцыі, якія могуць прывесці да фінансавага калапсу і маштабнага крызісу «родам з мінулага стагоддзя».

«Тыя ж тры дзяржаўныя банкі, якія цяпер знаходзяцца пад санкцыямі, у вельмі цяжкім стане. З аднаго боку, ім цяжка пазычаць сродкі, а з другога — працягваецца вынас укладаў. Таму перад імі стаіць задача вяртання крэдытаў, выдадзеных прадпрыемствам, а гэта на сённяшні дзень азначае знішчэнне дзяржпрадпрыемстваў, таму сітуацыя вельмі складаная, і без вонкавага падсілкоўвання дзяржбанкам будзе вельмі цяжка.

Гэта яшчэ адна новая кропка напружанасці ў эканоміцы Беларусі, якая можа справакаваць фінансава-банкаўскі крызіс, прычым значна больш цяжкі, чым звязаны з дэвальвацыяй і падзеннем даходаў. Гэты крызіс будзе звязаны з неплацяжамі і з прыпыненнем эканомікі — сітуацыя, падобная да 90-х гадоў», —  абмаляваў змрочныя перспектывы Уладзімір Кавалкін.

Бюджэт першапачаткова фарміраваўся з прыстойным дэфіцытам. Але гэта не перашкодзіла ўжо вясной павялічыць яго ў паўтара раза, хоць у той час пра маштабныя санкцыі ніхто і не думаў. Чаму ж расце гэты дэфіцыт, калі так вялікая збіральнасць падаткаў і экспарт б'е рэкорды?

«Асноўная прычына — дзеянні ўрада, які спрабуе падтрымаць эканамічны рост павелічэннем выдаткаў. За кошт чаго будзе фінансавацца гэты велізарны шасцімільярдны дэфіцыт? Вялікае пытанне. Улады лічаць, што ў іх назапашана дастатковая колькасць рэзерваў у папярэднія гады, але ёсць нюанс, звязаны са становішчам, што ўвесь час пагаршаецца, у фінансавай і банкаўскай сферы», — папярэдзіў Уладзімір Кавалкін.

Паводле яго слоў, справа ў тым, што сёння частка актываў урада замарожаная ў дзяржбанках у выглядзе прадастаўлення ім ліквіднасці для ажыццяўлення бягучай дзейнасці і падтрымання іх стану. Чаму спатрэбіліся такія ўліванні?

«Людзі не давяраюць палітыцы Лукашэнкі, не давяраюць палітыцы ўрада і здымаюць уклады. Адпаведна, гэтыя выпадаючыя ўклады замяшчаюцца іншымі, у дадзеным выпадку — рэзервамі Мінфіна, у тым ліку на рахунках дзяржбанкаў. З прычыны санкцый, што пашыраюцца, сітуацыя не палепшыцца, а толькі пагоршыцца. І вялікае пытанне, ці зможа Мінфін дастаць свае рэзервы з дзяржбанкаў, не знішчыўшы тым самым банкаўскую сістэму», — робіць выснову эксперт.