Сярэдні заробак у верасні ўпаў на 20,5 рубля

Сярэдняя намінальная налічаная зарплата ў Беларусі зніжаецца другі месяц запар. Паводле інфармацыі Белстата, у верасні яна склала 1 442,7 рубля, што на 20,5 рубля менш жнівеньскага паказчыка. Да жніўня паказчык пастаянна рос.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

У рэальным выражэнні зарплата з папраўкай на інфляцыю вырасла за год на 3,2%.
У Мінску сярэдняя зарплата за верасень склала 2 009,9 рубля, то бок павялічылася ў рэальным выражэнні на 1,5%.
Самай нізкай была зарплата ў Магілёўскай вобласці. Яна склала 1 180,6 рубля, што на 3,3% больш, чым год таму.
У чатырох абласцях сярэдняя зарплата складала ад 1200 да 1300 рублёў, а ў Мінскай вобласці дасягнула 1 435,8 рубля.
У IT сярэдняя зарплата ў верасні склала 5 582,4 рубля. У рэальным выражэнні яна знізілася на 8,3% у параўнанні з мінулым годам. На яе дынаміку, верагодна, аказала ўплыў зніжэнне курсу долара.
Другое месца па заробках у верасні вярнулі сабе работнікі дапаможнай дзейнасці ў сферы фінансавых паслуг і страхавання. Іх сярэдняя зарплата склала 3 745,3 рубля. На трэцім аказаліся работнікі пасажырскага паветранага транспарту — 3 273,8 рубля.
Самую нізкую зарплату сярод галін, па даных Белстата, мелі супрацоўнікі салонаў прыгажосці і цырульняў. Яна склала ў верасні 686,5 рубля. У сацыяльных работнікаў сярэдні заробак быў 788,2 рубля, а ў работнікаў творчай дзейнасці і забаў — 791,3 рубля.
Сярэднія заробкі ў раслінаводстве склалі ў верасні 1 093 рубля, у жывёлагадоўлі — 997,2 рубля. У прамысловасці зарплата склала 1 552,6 рубля, у тым ліку ў горназдабыўной 2 686,7 рубля, а ў апрацоўчай — 1 540,8 рубля.
У будаўніцтве ў сярэднім да падаткаў атрымлівалі 1 548,7 рубля, а ў рознічным гандлі 1 155,5 рубля.
Сярэдняя зарплата ў ахове здароўя складала 1 304,5 рубля, а ў адукацыі — 948,5 рубля.
Паводле reform.by