Сумнеўныя тылы Нацбанку: рэзервы — $5 мільярдаў, плацяжы па доўгу — $4 мільярды
Пасля трох запар таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы, падчас якіх беларускі рубель нязначна ўмацоўваўся, сёння долар і еўра падаражэлі.
Долар на 80 пунктаў — да 14 910 рублёў, еўра — да 17 240 (рост на 70 рублёў). Расійскі рубель патаннеў у межах арыфметычнай хібнасці — на 50 умоўных капеек, і
цяперашні курс — 228 беларускіх рублёў за 1 расійскі. Зрэшты, на фінансавы рынак гэта ніяк не паўплывала: валюты па-ранейшаму бракуе, чэргі пад абменнымі пунктамі не знікаюць.
У новым годзе максімальны афіцыйны курс амерыканскай валюты быў зафіксаваны па выніках біржавых таргоў 14 студзеня і склаў тады 15 010 рублёў. Пасля гэтага ён тры разы запар зніжаўся, але сёння
зноў пайшоў у рост.
Фінансавыя ўлады ўхіляюцца ад каментавання сітуацыі на валютным рынку, абмяжоўваючыся агульнымі словамі. На актуальныя пытанні журналістаў Нацыянальны банк падрыхтаваў прэс-рэліз, у якім адсылае
да «бягучых працэсаў глабалізацыі ўсясветнай эканамічнай сістэмы, якія сфармавалі высокую ступень залежнасці нацыянальных эканомік адна ад адной». Але пры гэтым абяцае
«аператыўна і гнутка рэагаваць на знешнія выклікі, выкарыстоўваючы наяўны інструментарый».
Насамрэч, як кажа супрацькрызісны кансультант Мечыслаў Бурак, улады зрабілі няшмат высноваў з сітуацыі 2011 году, калі адбывалася абвальная дэвальвацыя рубля. На думку суразмоўцы, новае
кіраўніцтва Нацбанку, нягледзячы на авансавыя чаканні карэнных пераўтварэнняў у выніку прыходу «лібералаў», нічога прынцыпова не зменіць:
«Той выпадак, калі можна інтэрпрэтаваць класіка: як вы, сябры, ні сядайце, музыкі з вас ніякія. Я таксама ліберал, але калі ты трапляеш у гэтую каманду, то мусіш альбо скакаць пад іх
дуду, альбо сыходзіць. Я працаваў у міністэрствах, але вымушаны быў сысці, бо яны хочуць, каб ты абслугоўваў іх інтарэсы. У нас палітычныя інстытуты аўтарытарныя, а эканоміка ў такіх умовах
развівацца не можа. Аўтарытарны рэжым не можа стварыць дэмакратычную, ліберальную эканоміку. Таму ніякі ліберал ні на што не здольны. Ды я іх усіх выдатна ведаю, класныя ўсе хлопцы — і
Калаўр, і некалі Тур, усе яны лібералы. Але яны нічога не зробяць, калі хочуць атрымліваць заробак. Калі хочаш быць вольны, як я, — ідзі і думай сам, гавары ад сябе, хто захоча, табе і дасць
грошы. Тое, што ён ліберал, і тое, што ён кажа, не сьведчыць пра тое, што ён будзе рабіць. Ён будзе рабіць, што яму загадаюць, а не будзе — значыць, да пабачэння. Трэба мець на ўвазе, што
фінансы — гэта інструмент абслугоўвання эканомікі, а не стваральнік эканомікі, не трэба падманвацца. Хоць сёння фінансы і набылі такую вагу».
Як сцвярджаюць у Нацбанку, «настройка палітыкі» сёлета будзе ажыццяўляцца такім чынам, каб забяспечыць цэнавую і фінансавую стабільнасць і пры гэтым даць эканоміцы магчымасць
максімальна хутка адаптавацца і развівацца ў новых абставінах. Базавая ўмова для гэтага — запавольванне інфляцыйных працэсаў. Да таго ж цэнавая стабільнасць — вельмі адчувальная рэч
для насельніцтва, яна наўпрост уплывае на фармаванне даверу да нацыянальнай валюты.
Стабільнасць цэнаў, удакладняюць фінансавыя ўлады, будзе забяспечвацца праз кантроль за грашовай прапановай, аптымізацыю крэдытнай актыўнасці, правядзенне ўзважанай працэнтнай палітыкі. Але ці
хопіць рэсурсаў, каб рэалізаваць такія планы? Меркаванне выказвае эканамічны аглядальнік Зміцер Заяц:
«На самой справе Нацыянальны банк на гэты час паводзіць сябе, зыходзячы з мастацтва магчымага. Справа ў тым, што магчымасці Нацбанку нейкім чынам уплываць на курс беларускага рубля
сёння вельмі абмежаваныя. Золатавалютныя рэзервы складаюць 5 мільярдаў долараў, што эквівалентна ўсяго толькі аднаму месяцу імпарту. Пры гэтым валютныя плацяжы па дзяржаўным доўгу ў бягучым годзе
складуць каля 4 мільярдаў долараў. То бок фактычна рэзерваў у дзяржавы няма. Таму нейкія магчымасці трымаць курс адміністрацыйнымі метадамі ў рэгулятара абмежаваныя. На гэтым тле грашовыя ўлады
намагаюцца кіраваць попытам на замежную валюту, каб не дапускаць тых падзеяў, якія мелі месца ў снежні 2014 году. А гэта азначае і зніжэнне попыту на імпарт, і недапушчэнне росту заробкаў, і шмат што
іншае. З гэтага гледзішча дзеянні Нацбанку адэкватныя той сітуацыі, у якую ён пастаўлены».
Ці азначае гэта, што валютным рынкам і надалей будуць кіраваць у ручным рэжыме, з прыцягненнем адміністрацыйнага інструментарыю? Зміцер Заяц лічыць, што ў цяперашняй сітуацыі іншай альтэрнатывы
нават не прадугледжана:
«Ён будзе на працягу ўсяго году кіравацца ў ручным рэжыме. Таму што, як я ўжо казаў, з аднаго боку, фінансавыя магчымасці дзяржавы на сённяшні дзень абмежаваныя — пра гэта кажа
стан золатавалютных рэзерваў і гэта пацвярджаецца тым негатыўным фонам, які ёсць у нашага асноўнага гандлёвага партнёра ў асобе Расіі. З іншага боку, перад Нацбанкам пастаўлена задача забяспечыць
стабільнасць на валютным рынку. Таму ў тых умовах, у якіх знаходзіцца наш цэнтрабанк, безумоўна, давядзецца прымаць не толькі эканамічныя, але і адміністрацыйныя рашэнні, дзеля таго каб забяспечваць
гэтую стабільнасць».
Тым часам людзі па-ранейшаму не давяраюць запэўніванням пра стабілізацыю і намагаюцца канвертаваць абясцэненыя беларускія грошы ў валюту. Пра гэта сведчаць чэргі ля абменных пунктаў, якія не
знікаюць ад канца мінулага году — акурат месяц таму рубель распачаў чарговае зацяжное падзенне. Пакуль што 30-працэнтнае.
svaboda.org