Татальная вайна на працоўным фронце

На нарадзе па патанні працоўнай занятасці Аляксандр Лукашэнка зноў заняўся лайдакамі, маўляў,  каб зямля гарэла ў іх пад нагамі.



spasibog_blagodariu.jpg

Але ў чым сутнасць усіх такіх прамоў, што крыецца за гучнымі словамі пра лайдакоў, якія перашкаджаюць сумленным працоўным нармальна жыць? А сутнасць простая: усе грамадзяне павінны працаваць, але зарабляць не вельмі шмат, і галоўнае, не патрабаваць болей, чым атрымліваюць. Бо сістэма кіруе (спрабавала кіраваць) адразу ўсім. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба — гэта наша зусім не забытае савецкае мінулае.

Прынамсі, савецкая дзяржава кантралявала пытанні занятасці, працы і яе аплаты. Улады патрабавалі ад кожнага рэгулярнай занятасці, і стымулявалі яе, сярод іншага, праз так званыя грамадскія фонды спажывання. Прыкладам, такія фонды мелі прадпрыемствы, у залежнасці ад колькасці працаўнікоў, атрымлівалі да 15–20% сродкаў, якія пералічваліся на развіццё яго ўласнага «сацкультбыту». Самым цікавым бюджэтным артыкулам сацкультбыту прадпрыемстваў было жыллёвае будаўніцтва. Работнік прадпрыемства займаў чаргу і праз нейкі (звычайна працяглы час) атрымліваў дзяржаўную кватэру. Важна было не так эфектыўна працаваць, колькі чакаць. Прыкладам, работнікі, занятыя на шкодных вытворчасцях, хоць і мелі лепшыя заробкі, але часта звальняліся. А вось прыбіральшчыцы трымаліся за сваё працоўнае месца, як прэзідэнты постсавецкіх рэспублік за свае пасады.

Чым больш пасядзіш, тым больш выседзіш.

Фактычна, поўная занятасць, то бок адсутнасці беспрацоўя, давала сістэме аргументы ў ідэалагічных спрэчках з «антысаветчыкамі», а галоўнае — забяспечвала татальны кантроль за грамадствам. Стымулявала каго пернікам, каго бізуном. Каму кватэру, каму тэрмін на хіміі. Выбірай.

Людзі да гэтага прызвычаіліся і набылі патрэбную лаяльнасць да ўлады. Нават палюбілі. Пернік для сябе, плётку для суседа.

Звычайная гісторыя для спецыялістаў па сацыяльнай псіхалогіі і карных дзяржслужбаў. Прыкладам, органы па працы ў выканкамах займаліся не столькі працаўладкаваннем часова не працуючых грамадзян, колькі высылкай лайдакоў далёка за горад, «за 101-ы кіламетр».

Калі камадна-адміністрацыйная сістэма збанкруцілася, то спачатку юрыдычна, а пасля і арганізацыйна, сфера занятасці і працы была, як кажуць, перазагружаная. Былі зроблены спробы наладзіць рынак працы, на якім бы дзейнічалі адказныя працадаўцы і наёмныя работнікі пад арбітражам прафесіянальных саюзаў і пад гарантыі дзяржавы. Кожны з іх атрымаў правы пад сваю сацыяльную адказнасць, а дзяржава павінна была ўсё гэта забяспечыць. Не прымусам, за выключэннем асобных выпадкаў, а законнымі гарантыямі свабоднай працы.

Зараз, калі механізм кіравання амаль цалкам аднавіўся як камандна-адміністратыўная сістэма, яму спатрэбіліся былыя тэхналогіі. Не дзіўна, што Лукашэнка загадвае сваім «спецыялістам» знайсці юрыдычнае тлумачэнне практычнай патрэбы. Не дзіва, што гэту справу распачалі Мінпрацы і МУС, галоўныя ў мінулым барацьбіты з «непрацоўнымі элементамі» ўвогуле і з лайдакамі ў прыватнасці. Не дзіўна, што менавіта яны сталі ініцыятарамі аднаўленне практыкі адміністратыўнага і крымінальнага пераследу лайдацтва.

Адзначым, што былая сістэма збанкрутавала, таму што не вытрымала не толькі канкурэнцыі ў глабальнай эканоміцы, але і страціла сувязь са звычайным здаровым сэнсам. На яе зараз вельмі падобная «беларуская мадэль». Бо відавочна, калі да 4,5 мільёнаў занятых у эканоміцы дадаць 400 тысяч «афіцыйных лайдакоў», то эфектыўнасць сістэмы толькі пагоршыцца. Татальная вайна спачатку дае сістэме нейкія ўяўныя перавагі, а пасля нішчыць яе апошнія рэсурсы.

Гісторыя смяецца з лідараў, якія спрабуюць яе падмануць.