У Беларусі запрацаваў канкурэнт Visa

Ад сённяшняга дня ў эквайрынгавай сетцы «Белінвестбанка» можна разлічыцца карткамі міжнароднай аплатнай сістэмы JCB.

fotosforsites__chlindustry_245323.jpg


Што такое JCB?

JCB — найбуйнейшая аплатная сістэма Японіі і адна з пяці вядучых аплатных сістэм свету. Кампанія была заснаваная ў 1961 годзе, і ўжо да 1968 году стала лідарам рынку крэдытных картак, якія цяпер выпускаюцца ў 23 краінах свету, а ў 1972 годзе колькасць эмітаваных карт перавысіла мільён.

З 1981 года JCB пашырае сваю сферу дзейнасці, выходзячы на рынкі іншых краін. Цяпер карткі JCB выпускаюцца ў 23 краінах, дзе, як правіла, афіліяваныя з фінансавымі інстытутамі, якiя маюць лiцэнзiю на выпуск такіх картак.

У 1989 году пачалі выпускацца карты ў ЗША, а ў чэрвені 1990 года была выпушчана першая карта JCB у Еўропе. У 2003 годзе JCB і China UnionPay Co., Ltd. падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве, якое дазволіла карткам JCB прымацца ва ўсёй сетцы China UnionPay ў Кітаі. Па дадзеных на сакавік 2017 года ў свеце налічваецца 106 млн трымальнікаў карт JCB, якія набываюць штогод тавары і паслугі на суму больш за 200 млрд долараў.

У Расію JCB прыйшла ў 2015 годзе. Нацыянальная сістэма плацёжных карт Расіі падпісала пагадненне пра выпуск ко-бэйджынгавых картак з японскай аплатнай сістэмай. Уладальнікам карткі «Мір — JCB» даступная ўся інфраструктура міжнароднай аплатнай сістэмы JCB. Картка «Мір-JCB» выпускаецца Газпрамбанкам.


Чаму Беларусь?

Такасі Суэцугу, генеральны дырэктар JCB International (Eurasia) не хавае таго, што беларускі рынак для аплатнай сістэмы пакуль — дадатак да рынку расійскага. Ён адзначыў, што Беларусь, у першую чаргу, прывабная для расійскіх турыстаў і расійскага бізнеса, і таму, каб зрабіць для іх перабыванне і дзейнасць у Беларусі камфортней, JCB і прыйшла ў нашую краіну.

img_7498_1.jpg


А расійскі сегмент JCB — гэта 17 млн карыстальнікаў картак «Мір — JCB».

Апроч таго, Беларусь зрабіла «бязвіз» для грамадзянаў шмат якіх краін — не толькі Захаду, але і Усходу. І тым жа кітайцам у парку «Вялікі Камень» будзе больш прыемна карыстацца звыклай для іх сістэмай аплаты.

Але пры гэтым ён зазначыў, што проста на далучэнні аплатнай сістэмы, эквайрынгу, JCB спыняцца не збіраецца. І ў перспектыве, як сказаў Такасі Суэцугу, «мы жадаем, каб карткамі JCB карысталіся не толькі турысты, але і грамадзяне Беларусі». То бок, калі ўсё пойдзе добра, і ў нашай краіне будуць выпускацца карткі JCB. Чым не канкурэнт Visa?


Што гэта дасць краіне?

Старшыня праўлення ААТ «Белінвестбанк» Андрэй Брыштэль адзначыў, што ўяўленне замежных гасцей пра бізнес-патэнцыял краіны фармуецца ў тым ліку і па ўзроўні развіцця яе банкаўскай сістэмы: выгодзе зняцця грошай, разліку па картках, кліенцкага сэрвісу. І тое, што сетка «Белінвестбанка» працуе з карткамі JCB, гаворыць і пра патэнцыял краіны. «Сёння карт-цэнтр «Белінвестбанка» — адзіны ў Беларусі здольны самастойна апрацоўваць аперацыі па картках JCB. «Гэта сур'ёзны крок у развіцці і істотнае пашырэнне магчымасцяў банка. Для нашых гасцей, трымальнікаў карт JCB, сталі даступныя каля 500 банкаматаў і 220 інфакіёскаў банка, а таксама больш 7300 гандлёвых кропак, у тым ліку каля 2300 у Мінску» — адзначыў ён.

img_7586.jpg


Такасі Суэцугу і Юічырё Кадавакі, выканаўчы віцэ-прэзідэнт JCB International і кіраўнік падраздзялення развіцця бізнесу ў Расіі, СНД і Паўднёвай Азіі, паспрабавалі новую сістэму «Белінвестбанку». Госці з Японіі прагуляліся па папулярным турыстычным маршруце — ад плошчы Незалежнасці да Нацыянальнага мастацкага музея, — і расплаціліся карткамі JCB адразу ў некалькіх месцах.