У Астане падпісаны двухгадовы план развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва
План сумесных мерапрыемстваў на 2014—2016 гады па рэалізацыі Праграмы эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Казахстанам на 2014—2016 гады падпісаны ў Астане па выніках перамоў Аляксандра Лукашэнкі і Нурсултана Назарбаева.
У сумеснай заяве кіраўнікоў дзяржаў утрымліваецца даручэнне ўрадам прыняць меры па эфектыўным выкананні ў поўным аб'ёме плана і іншых дамоўленасцей, дасягнутых падчас сённяшняй сустрэчы на вышэйшым узроўні. Агульная каардынацыя сумеснай работы па вырашэнні гэтай задачы ўскладзена на сустаршыняў міжурадавай камісіі, паведамляе з Астаны дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА.
Лукашэнка і Назарбаеў таксама "пацвердзілі цвёрды намер і надалей цесна каардынаваць сумесныя намаганні па ўсебаковым паглыбленні і пашырэнні беларуска-казахстанскіх адносін".
Адзначана неабходнасць прыняцця дадатковых мер для больш поўнага задзейнічання патэнцыялаў дзвюх краін у мэтах эфектыўнай рэалізацыі стратэгіі развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.
Кіраўнікі дзяржаў заклікалі дзелавыя колы да большай інвестыцыйнай актыўнасці на тэрыторыі Беларусі і Казахстана і выказалі гатоўнасць заахвочваць узаемавыгаднае інвестыцыйнае партнёрства.
У прысутнасці прэзідэнтаў таксама падпісаныя міжурадавае пагадненне аб рэадмісіі і выканаўчы пратакол да яго, пагадненне аб парадку знаходжання грамадзян Казахстана на тэрыторыі Беларусі і
грамадзян Беларусі на тэрыторыі Казахстана, пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Акадэміяй кіравання пры прэзідэнце Беларусі і Акадэміяй дзяржаўнага кіравання пры прэзідэнце Казахстана.
На перамовах у пашыраным складзе Лукашэнка адзначыў, што адным з важных кірункаў двухбаковай працы з'яўляецца інвестыцыйнае супрацоўніцтва. "Мы зацікаўленыя ў прысутнасці
буйнога казахстанскага капіталу ў Беларусі. На дзяржаўным узроўні гатовыя падтрымаць прапановы аб супрацоўніцтве ў самых розных галінах", — сказаў ён.
Лукашэнка адзначыў, што за апошнія гады бакам удалося дасягнуць нядрэнных вынікаў у вытворчай і навукова-тэхнічнай кааперацыі. "Менавіта такое ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва дазваляе нам вырашаць задачы па насычэнні ўнутранага рынку Мытнага саюза і АЭП уласным прадуктам, павышэнню канкурэнтаздольнасці эканомікі, стварэнні працоўных месцаў, — падкрэсліў ён. — Адначасова на пярэдні план выходзяць пытанні павышэння эфектыўнасці працы створаных вытворчасцей. Мэтазгодна павялічыць лакалізацыю і пашырыць лінейкі прадукцыі, а таксама арганізаваць выпуск сумеснага беларуска-казахстанскага прадукту".
Паводле слоў Лукашэнкі, важным крокам з'яўляецца адкрыццё казахстанска-беларускага вучэбна-вытворчага цэнтра падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі інжынерных кадраў
пры Казахскім агратэхнічным універсітэце імя С.Сейфуліна. Акрамя таго, ствараецца беларуска-казахстанскі навукова-практычны цэнтр хірургіі і транспланталогіі.
Перспектыўным бачыцца Аляксандру Лукашэнку і супрацоўніцтва ў аграпрамысловым комплексе. "Беларусь мае пэўны вопыт у стварэнні аграгарадкоў, а таксама распрацоўкі ў галіне раслінаводства і
жывёлагадоўлі", — сказаў ён.
Беларусь таксама надае вялікае значэнне супрацоўніцтву ў транспартнай сферы, адзначыў Лукашэнка. "У мэтах стварэння роўных умоў для развіцця канкурэнтнага рынку аўтатранспартных паслуг нам
трэба адысці ад наяўных бар'ераў і абмежаванняў", — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Сур'ёзны патэнцыял росту ўзаемнага гандлю і інвестыцый Аляксандр Лукашэнка таксама звязвае з развіццём міжрэгіянальных сувязей.
Арцём Шрайбман, БелаПАН