Улады змушаны перагледзець бюджэт

Эксперты казалі, што бюджэт Беларусі на 2015 год будзе скарэктаваны, бо занадта ён аптымістычны. Так і здарылася. Кіраўнік дзяржавы сваім указам унес змены ў ключавыя паказчыкі галоўнага фінансавага дакумента краіны.



kalkul_groshy.jpg

Даходы айчыннага бюджэту, якія былі запланаваныя на суму 156,7 трыльёна тутэйшых рублёў, вырашана павялічыць на 6,6 трыльёна. Гэты рост чакаецца, галоўным чынам, за кошт вывозных мытаў, падатку на здабычу прыродных рэсурсаў, прыбытку ад выкарыстання дзяржаўнай маёмасці. У той жа час выдаткі бюджэту павялічацца на 11,9 трыльёна рублёў (папярэдні план быў — 141 трыльён). Разам з тым мяркуецца, што бюджэт застанецца прафіцытным, але гэты прафіцыт (15,7 трыльёна) зменшыцца на 5,2 трыльёна «зайцоў».

Указ прадугледжвае павелічэнне ліміту дзярждоўгу Беларусі на 11 трыльёнаў рублёў (папярэдні ліміт складаў 60 трыльёнаў); ліміт знешняй запазычанасці, гарантаванай Рэспублікай Беларусь, вырасце на 0,5 трыльёна. Да карэкціроўкі ён складаў у эквіваленце $3 мільярды. Не будзем злоўжываць лічбамі, якіх у дакуменце зашмат.

Што выклікала неабходнасць перагляду бюджэту на бягучы год, які скончыцца праз тры месяцы? На думку эканаміста Льва Марголіна, гэта звязана з дэвальвацыяй беларускага рубля. Паступовая ці не вельмі, але яна ідзе ад пачатку года, і бюджэт, які прымаўся пры канцы мінулага года, зацвярджаўся сыходзячы з зусім іншых суадносінаў беларускага рубля да свабодна канвертуемых валютаў.

margolin.jpg

Леў Марголін

Бюджэтныя даходы разлічваліся адпаведна плана, згодна якога сярэднегадавы курс долара да беларускага рубля меўся скласці 11.400 айчынных грашовых адзінак, але на сёння ён складае ўжо больш за 17.500 рублёў. Урад закладваў у бюджэт–2015 кошт нафты $83 за барэль, але цяпер «бочка» каштуе менш 48 долараў. І істотнага росту нафтавых каціровак, як прагназуе расійскі партал РБК, не прадбачацца нават у сярэднетэрміновай перспектыве. ВУП Беларусі мусіў сёлета павялічыцца на 0,5%, але фактычна (паводле дадзеных Белстата) за студзень-жнівень ён знізіўся на 3,5%.

«Зараз гэтыя суадносіны змяніліся, адпаведна, даволі істотна змяніліся і паступленні ад мытаў, ад увазнога падатку на дададзеную вартасць і гэтак далей, што істотна павялічыла прыбытковую частку бюджэту ў рублёвым выражэнні. А з іншага боку, аналагічным чынам павялічыліся кошты на ўсе імпартуемыя тавары. І калі ўлічыць, што ПДВ і мыта складаюць толькі частку вартасці імпартуемых тавараў, а асноўную частку складае іх пакупніцкі кошт, то адсюль і атрымліваецца, што прыбытковая частка бюджэту павялічылася, але расходная частка павялічылася значна больш», — адзначае суразмоўца.

Улады не спыняюцца ў сцвярджэннях, што дзеля выратавання сітуацыі паспяхова праводзіцца праграма імпартазамяшчэння. Але насамрэч, мяркуе Леў Марголін, гэта нічога не дае. «Тое, што ўлады сцвярджаюць наконт імпартазамяшчэння, гэта мы пакінем на іх сумленні. Мы цудоўна ведаем, якім чынам гэтае імпартазамяшчэнне дасягаецца, калі, да прыкладу, народ ледзьве не ў загадным парадку прымушаюць набываць беларускія лекі, а не імпартныя. Але справа ў тым, што тая частка імпартазамяшчэння, якая тычыцца спажывецкіх тавараў, не з’яўляецца пераважнай. Пераважнай ёсць частка, якая тычыцца сыравіны, матэрыялаў, камплектуючых, без якіх вытворчасць у прынцыпе немагчымая, — падкрэслівае эканаміст. — І ў нас атрымліваецца смешная сітуацыя, калі для таго, каб, скажам, замест нейкай замежнай бытавой прылады зрабіць сваё, нам даводзіцца імпартаваць камплектуючыя. Бо тэхналагічны ўзровень нашай прамысловасці не дазваляе вырабляць тавары, асабліва складаныя, на тым узроўні, якога сёння чакае спажывец. Таму размовы пра імпартазамяшчэнне часцей за ўсё толькі размовамі і застаюцца».

Што да практыкі перагляду бюджэту, асабліва пры канцы года, то, па словах Марголіна, у тых краінах, дзе гадавая інфляцыя складае 2–3%, а суадносіны нацыянальнай валюты і валют іншых краінаў увогуле не з’яўляюцца справаю ўрада, такой праблемы не існуе ўвогуле. Але ў выпадках рэзкага падзення курса нацыянальнай валюты або, наадварот, у выпадку яе істотнага росту, краіны з адкрытай эканомікай, дзе істотная доля экспарту і імпарту ў складзе ВУП, вымушаны гэта рабіць. Інакш, кажа эканаміст, бюджэт робіцца абсалютна не рэальным.

Якім можа быць беларускі бюджэт на 2016 год? Гэта складанае пытанне, лічыць Леў Марголін. «Таму што, як і ўсё ў нашай краіне, гэта не эканамічная катэгорыя, а палітычная. Калі з самага «верху» скажуць, што бюджэт павінен быць прафіцытным, то ён такім і будзе. Але рэальна ён будзе дэфіцытным, незалежна ад таго, якія лічбы зацвердзіць Аляксандр Лукашэнка, паколькі сітуацыя ў эканоміцы пагаршаецца, і гэтае пагаршэнне будзе працягвацца. Адпаведна, гэта будзе аказваць уплыў на бюджэт», — упэўнены эксперт.

Па словах Марголіна, досвед многіх развітых краінаў паказвае, што галоўнай крыніцай павелічэння даходаў бюджэту з’яўляецца рэфармаванне эканомікі, калі эканоміка пачынае прыносіць даходы, калі існуюць толькі прыбытковыя прадпрыемствы. «Стратныя прадпрыемствы — гэта ўвогуле нонсенс, таму што прадпрыемства не можа быць стратным. Усё астатняе — «ад лукавага». Можна павялічыць стаўкі падаткаў, можна змяншаць неабкладаемы мінімум, можна скарачаць выключэнні, якія не абкладаюцца падаткамі, але ўсё гэта мышыная мітусня. Па вялікім рахунку, без рэфармавання эканомікі сур’ёзнага росту даходаў бюджэту не будзе», — падсумаваў эканаміст.