Вы пойдзеце працаваць за 450 рублёў у месяц?

Колькі можна зарабіць на Гродзеншчыне? На сайце Мінпрацы — трохі больш за тры тысячы вакансій па Гродна. І пераважная большасць з іх па заробках не дацягвае не тое што да сярэдняга ўзроўню па вобласці, а нават да тысячы рублёў, — «Народная Воля» разбіралася, якія заробкі можна атрымаць на Гродзеншчыне.

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo_1.jpg


Як сведчыць афіцыйная статыстыка, сярэдні намінальны налічаны заробак у Гродзенскай вобласці па выніках лістапада 2021 года (дадзеных за снежань пакуль няма) складае 1281,1 рубля. Гэта ніжэй, чым у Мінскай і Гомельскай абласцях, але больш, чым у некаторых іншых рэгіёнах краіны.

Вышэйшыя заробкі ў абласным цэнтры і Гродзенскім раёне. Вышэй сярэдняга — у Астравецкім раёне, дзякуючы наяўнасці атамнай станцыі. Бядней за ўсіх на гэтым фоне выглядаюць Свіслацкі і Воранаўскі раёны, даходы ў якіх складаюць адпаведна 681,1 і 698 рублёў.

Яшчэ большая розніца ў заробках назіраецца, калі параўноўваць іх па галінах вытворчасці. Самы высокі сярэдні заробак у ІТ-сферы — 2672,4 рубля, а ў сферы турызму сярэдні заробак склаў летась усяго 603,6 рубля. Нізкімі застаюцца зарплаты бібліятэкараў, сацыяльных работнікаў, медсясцёр, санітарак.

На сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прадстаўлены трохі больш за тры тысячы вакансій па Гродна. І пераважная большасць з іх па заробках не дацягвае не тое што да сярэдняга ўзроўню па вобласці, а нават да тысячы рублёў.

Да прыкладу, санітарцы з сярэдняй адукацыяй у Гродзенскай універсітэцкай клініцы прапаноўваецца 460—500 рублёў. Повару ў гэтай жа ўстанове — 600, ліфцёру — 500, інструктару па лячэбнай фізкультуры — 500—600 рублёў.

У 500 рублёў у месяц ацэньваюць працу спецыяліста па медыцынскім страхаванні ў арганізацыі «Белдзяржстрах». «Белпошта» згодна плаціць аператару электронна-вылічальных машын 500, а прадаўцу, таваразнаўцу і паштальёну — 450 рублёў у месяц.

Правізару-аналітыку з вышэйшай адукацыяй УП «Фармацыя» прапаноўвае аклад у 610 рублёў, урачу ў Гродзенскім абласным перынатальным цэнтры абяцаюць 650—750 рублёў.

Аклад рабочага па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў у дзяржаўным прадпрыемстве «Гроднааблкінавідэапракат» складае 570 рублёў. А прадпрыемства РТДУП «Глобус-5» прапаноўвае бухгалтару з вопытам працы аклад у 650 рублёў.

Заўважна адрозніваюцца заробкі, да прыкладу, у будаўнікоў. Прадпрыемства ААТ «Гарадское будаўніцтва» гатова плаціць газаэлектразваршчыку да 1500 рублёў у месяц, такі ж заробак прапаноўваецца бетоншчыкам і каменшчыкам.

І зусім яўна адрозніваюцца заробкі, калі ў вакансіі маецца паметка, што працаваць давядзецца вахтавым спосабам. Так, да прыкладу, філіял «МСУ №7» ААТ «Мастыбуд» майстру будаўнічых і мантажных работ прапаноўвае заробак у 2120 рублёў.

Даволі нізка ацэньваецца праца кладаўшчыка (такую пасаду прапаноўваюць яслі-сад №102 горада Гродна) — 457 рублёў. Прыкладна такі заробак і ў артыста духавога аркестра. А аб’ява, што за 0,1 стаўкі прыбіральшчыцы памяшкання ў горадзе Масты Галоўнае ўпраўленне юстыцыі аблвыканкама гатова плаціць заробак у 50 рублёў, выглядае трагікамічна.

Да 600 рублёў прапаноўваюць у Гродне бармэну і таваразнаўцу, кіроўцу і электраманцёру, культработніку, сакратару і навуковаму супрацоўніку музея. Поўная стаўка прыбіральшчыцы памяшканняў складае 460 рублёў.

Ад 800 да 1000 рублёў абяцаюць плаціць слесару па рамонце аўтамабіляў. Швачцы 3—4-га разраду прапаноўваюць да 800 рублёў.

Заўважна адрозніваюцца лічбы, калі наймальнікам выступае ААТ «Гродна Азот». Да прыкладу, транспарціроўшчыку, прыгоднаму для працы ў шкодных умовах, прапануецца заробак ад 740 да 1240 рублёў. Інжынеру-тэхнолагу з вышэйшай тэхнічнай профільнай адукацыяй абяцаюць плаціць ад 920 да 1660 рублёў. Аператару агрэгата фармавання, выцяжкі, тэкстурыравання і намоткі, прыгоднаму працаваць у шкодных умовах, гарантуюць заробак у 1700—1800 рублёў.

Што цікава, днямі генеральны дырэктар ААТ «Гродна Азот» Ігар Ляшэнка на сайце карпаратыўнага выдання заявіў, што на канец 2021 года сярэдні заробак на прадпрыемстве склаў 2100 рублёў. А гэта азначае, што, працуючы ў шкодных умовах, дацягнуць да сярэдняга заробку не так і проста.