З Новага года ў Беларусі можа спыніцца ўсё тэхабслугоўванне аўтамабіляў

1 студзеня 2016 года набывае моц тэхрэгламент Мытнага саюза "Аб бяспецы колавых транспартных сродкаў". 



avtoservis.jpg

www.13min.ru

Яго патрабаванні могуць прынесці бізнэсу больш праблем, чым тэхрэгламент наконт прадукцыі лёгкай прамысловасці, які выклікаў незадаволенасць дробных прадпрымальнікаў. З такой заявай выступіў намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Сяргей Варывода.

У прыватнасці, дакумент уводзіць сертыфікацыю аўтамабіляў, якія ўвозяцца з-за межаў ЕАЭС. Варывода адзначыў, што пры гэтым заяўнікамі на ацэнку адпаведнасці тыпу транспартнага сродку могуць выступаць толькі рэзідэнты Расійскай Федэрацыі. "Нацыянальны дылер не мае права прадаваць тавар без гэтай паперкі, але атрымаць яе можа толькі рэзідэнт суседняй краіны. Прашу савет звярнуцца ў Еўразійскую эканамічную камісію і прасіць прыбраць з тэхрэгламенту гэтую частку як супярэчную дамове аб ЕАЭС, бо яна выключае прынцып раўнапраўя суб'ектаў гаспадарання ў нашым саюзе", — цытуе БелаПАН эксперта.

Тэхрэгламент Мытнага саюза закранае не толькі аўтамабілі, але і запчасткі да іх. Дылеры з пачатку года таксама павінны будуць мець на іх сертыфікаты адпаведнасці. Іначай з 1 студзеня спыніцца ўся сфера тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў, кажа Варывода. Дарэчы, цяпер у Беларусі сертыфікацыя закранае 12 груп аўтакампанентаў, а з 1 студзеня іх колькасць павялічыцца да 118. Пры гэтым, кажа спецыяліст, у Беларусі "няма або амаль няма" акрэдытаваных лабараторый, дзе можна правесці неабходныя выпрабаванні.

Варывода адзначае, што новыя нормы гуляюць на руку расійскім дылерам, якія прадаюць аўто ў Беларусі, але негатыўна адаб'юцца на айчынным бізнэсе. Ён выказаў шкадаванне, што тэхрэгламенты, якія прымаюць у Мытным саюзе, не праходзяць экспертную ацэнку на нацыянальным узроўні.