За мяжой стварылі аб’яднанне беларускага бізнесу, вымушанага пакінуць краіну
АВВА (Association of Belarusian Business Abroad) будзе спрыяць беларускім бізнесменам захаваць і абараніць бізнес для пабудовы фундаменту свабоднай і паспяховай Беларусі, кажуць стваральнікі арганізацыі. Пра АВВА распавядае «Радыё Свабода».
«Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой» узнікла ў Варшаве. Яе ініцыятары — былыя чальцы Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Яўген Буры і Мікалай Пракоф’еў. Прэзідэнт ABBA Буры працаваў раней у дзяржаўным сакратарыяце Савета бяспекі Беларусі дарадцам па пытаннях эканамічнай бяспекі і ў прыватным бізнесе. Яго намеснік Пракоф’еў спецыялізуецца ў міжнародным бізнесе і кіраваў у Беларусі прыватнай кампаніяй.
«Гэта асацыяцыя беларускага бізнесу, які, у сілу розных прычын, быў вымушаны пакінуць нашу родную краіну, у тым ліку не жадаючы працаваць на карысць рэжыму, — расказвае Буры. — Наша галоўная місія — згуртаваць, аб’яднаць і падтрымаць прадстаўнікоў беларускага бізнесу, дзе б ён ні знаходзіўся. І цяпер, калі рэжым спрабуе знішчыць прадпрымальнікаў як клас, а бізнес разглядаецца выключна як інструмент фінансавання незаконнай улады, абʼяднанне бізнесу неабходнае як ніколі».
Колькі бізнесменаў і бізнесаў выехалі з Беларусі за апошні год, падлічыць вельмі складана. Большая частка з іх выязджалі не толькі па бізнес-візах, але і па іншых, у тым ліку гуманітарных. Толькі ў Польшчы колькасць фірм, зарэгістраваных беларусамі, з 9 жніўня 2020 года вырасла на 25%.
Паводле слоў Бурага, ABBA — гэта некамерцыйны праект. Ён рэалізоўваецца камандай эканамістаў і бізнесменаў, якія самі прайшлі праз рэпрэсіі, вымушаныя былі пакінуць Беларусь і страцілі бізнес.
«Ні ў каго ў камандзе няма намеру і нават думак узбагачацца за кошт такіх жа пацярпелых ад рэжыму людзей, як мы самі. Гэты праект цалкам незалежны і самастойны, але мы гатовыя і будзем супрацоўнічаць з усімі, хто падзяляе нашы каштоўнасці, гатовы дапамагаць, быць ментарам, партнёрам або валанцёрам», — гаворыць прэзідэнт ABBA Яўген Буры.
Асацыяцыя не будзе падтрымліваць бізнес у выглядзе прамога фінансавання. Гаворка ідзе пра дапамогу ў адкрыцці бізнесу ў іншай краіне, неабходнай адукацыі, кансультацыі, даследаванняў рынку, пошуку фондаў, праграм іншых краін.
У якасці экспертаў будуць выступаць партнёры асацыяцыі, якія знаходзяцца і працуюць там, дзе вядзецца бізнес з беларускімі каранямі. ABBA ужо актыўна працуе з дыяспарамі. Таксама асацыяцыя будзе прыцягваць увагу палітыкаў і чыноўнікаў тых краін, дзе знаходзяцца беларускія бізнесмены, каб, пры патрэбе, адстойваць іх інтарэсы.
«Акрамя таго, АВВА плануе запусціць адукацыйны праект для спрашчэння адаптацыі і старту новых праектаў. Ён уключае ў сябе асновы вядзення бізнесу ў краіне знаходжання, легалізацыю, вывучэнне моў, працоўнае, падатковае заканадаўства, усё неабходнае для перазапуску бізнесу. І, атрымаўшы на курсах такія веды, бізнесмен ужо сам становіцца экспертам і зможа дапамагчы іншым беларусам сваімі ведамі і досведам».
Ніякіх палітычны мэт арганізацыя сабе не ставіць, але для больш паспяховай рэалізацыі сваіх задач, паводле Бурага, збіраецца супрацоўнічаць з ініцыятывамі, якія ўжо даказалі, што яны здольныя на канкрэтныя дзеянні.
«Мы плануем ажыццяўляць шчыльнае ўзаемадзеянне з Офісам Святланы Ціханоўскай для адстойвання інтарэсаў беларускага бізнесу на самым высокім узроўні. Мы ўжо атрымліваем неабходную падтрымку і вельмі ўдзячныя за разуменне неабходнасці стварэння падобных ініцыятыў. У сваю чаргу мы як асацыяцыя будзем даваць зваротную сувязь, інфармаваць пра праблемы бізнесу, прапаноўваць рашэнні, рыхтаваць прапановы для правядзення неабходных рэформ у новай Беларусі, паколькі менавіта пацярпелы бізнес ведае, што і як трэба мяняць. І гэта, спадзяюся, будзе вельмі эфектыўнае супрацоўніцтва», — расказаў прэзыдэнт ABBA Яўген Буры.
27 і 28 жніўня Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой правядзе ў Кіеве Форум «Бізнес-Беларусь: Вучыць. Дапамагаць. Ахоўваць». Гэта бясплатная падзея для прадпрымальнікаў з Беларусі, якія ўжо вывезлі свой бізнес з краіны або неўзабаве гэта зробяць.