Заробак «па 500»: чакаем другога сезону?

«Паколькі ты будзеш мець справу не з крымінальнікамі, а з палітыкамі — не вер нікому. Ні адзінаму слову», — такую параду даваў Майкрафт Холмс свайму брату Шэрлаку. У яе стопрацэнтнай справядлівасці мы цяпер пераканаліся.

Фота b-g.by

Фота b-g.by


Зусім нядаўна журналісты падлічылі, што абяцанням Аляксандра Лукашэнкі зрабіць сярэдні заробак па краіне ў 500 долараў (цяпер 1000 рублёў) споўнілася 10 гадоў. Падавалася б, ён пра гэта казаў неаднаразова, і фраза «па 500» шмат разоў абыгрывалася ў самых розных сітуацыях і варунках. Аднак высвятляецца, што кіраўнік дзяржавы нічога такога не гаварыў, не абяцаў і не думаў.

Міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі ў інтэрв’ю тэлеканалу АНТ 6 мая 2018 года заявіў, што… задачу па давядзенні сярэдняга заробку да 1000 рублёў ніхто не ставіў!

«Я проста вам хачу сказаць, што ніколі любымі шляхамі ні ўрад, ні тым больш прэзідэнт не ставілі такой задачы. На канкрэтных прадпрыемствах павінна ўсё ж прадукцыйнасць працы апярэджваць рост заработнай платы, тады атрымаецца добры баланс, тады будзе расці заработная плата», — прамовіў Зіноўскі.

Зразумела, што неабгрунтаванага росту заробку быць не павінна. Але з Зіноўскім усё ж можна паспрачацца.

Найперш, у тэрміналогіі. «Прадукцыйнасць працы», якая апярэджвае рост заробку — не паказнік. Мы ўжо бачылі багата прыкладаў, калі тая самая прадукцыйнасць прыводзіла да затаварвання складоў. Зараз важна не толькі стварыць прадукцыю, але і паспяхова яе прадаць. Менавіта з гэтага — з усяго цыклу вытворчасці і продажаў — павінен расці заробак. І заробак не толькі вытворцаў, але і менаджараў, што прадаюць.

Тым не менш, са словаў Зіноўскага мы павінны зразумець адно: тое, што нам паказваюць па тэлебачанні, што мы чуем па радыё і чытаем у афіцыйнай прэсе — суцэльная лухта. Гэта спектакль альбо моднае «рэаліці-шоў», якое ад слова «рэаліці» не перастае быць «шоў». Перад намі разыгрываецца нейкая пастаноўка: адны «ставяць задачы ўраду і не толькі ўраду», потым робяцца тытанічныя высілкі, каб пастаўленыя задачы выканаць, а потым аказваецца — ніхто нічога не ставіў і не абяцаў! Гэта быў толькі «сюжэт у сцэнары». Сюжэт, які бачыла, якім захаплялася, якому суперажывала ўся краіна.

Пэўна, серыял «па 500» па ўцягнутасці ў яго насельніцтва адной асобна ўзятай краіны можа параўнацца хіба што з папулярнасцю «Санта-Барбары».

Адзіная хіба — мы неяк не ўсвядомілі, што гэта шоў. Развіццё сюжэту ішло без пазнакі пра мастацкасць ці забаўляльнасць праграмы. Падзеі развіваліся ў выпусках навінаў і афіцыйных паведамленнях уладаў. Можа быць, такая і была задума рэжысёра: каб зрабіць гэтае «рэаліці-шоў» максімальна «рэаліці».

Але любое шоў надакучвае гледачу — і павінна мець фінал. Словы Зіноўскага, падаецца, і ёсць такі фінал. Прычым, фінал няўдалы.

У гледача гэтага шоў з’яўляецца адчуванне, што яго падманулі. Па-першае, ніхто не папярэдзіў, што гэта ўсё — «пастановачныя кадры», хоць некаторыя пра гэта і здагадваліся. Па-другое, няма «хэпі-энду», хутчэй, наадварот — вынік супрацьлеглы чаканням. Па-трэцяе — нейкая раптоўнасць завяршэння шоў. Нібыта ў спонсараў і рэкламадаўцаў скончыліся грошы на яго працяг. А мы гэтага працягу чакалі. Бо яшчэ 2 сакавіка прэс-служба кіраўніка дзяржавы паведамляла: слухаючы справаздачу ўрада, Нацбанка, аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама аб выніках работы эканомікі краіны за 2017 год, Лукашэнка «запатрабаваў на працягу года перасягнуць узровень сярэдняй зарплаты ў краіне ў 1000 рублёў».

Ад усяго пералічанага з’яўляецца пачуццё недаверу. Канешне, гэта можа быць такой «заманухай», якой карыстаюцца стваральнікі замежных экшн-серыялаў. Ці не кожны раз яны абвяшчаюць, што пасля заканчэння «гэтага сезону» працягу не будзе, а потым, «па настойлівых патрабаваннях фанатаў», здымаюць яшчэ адзін сезон, які «дакладна будзе апошнім». І потым яшчэ «апошні сезон». І яшчэ.

Але ж наш урад і нашая ўлада, падаецца, не павінны мець ніякага дачынення да шоў-бізнесу.

Небяспека ў тым, што пачуццё недаверу і падманутасці тычыцца асноўных дзяржаўных інстытутаў. Найперш, усіх інстытутаў улады — кіраўніка дзяржавы, які патрабаваў «па 500», ураду, які патрабаванне не выканаў і ўвогуле яго аспрэчыў, да мясцовых начальнікаў, якія зараз, спасылаючыся на словы Зіноўскага, могуць казаць: «Ніхто вам нічога не абяцаў». Асаблівы недавер узнікае да афіцыйных СМІ, якія раскручвалі гэтую тэму агулам, і да беларускіх навінавых праграм у прыватнасці.

Крыўда ўзмацняецца тым, што народ адчувае: улада — гаспадар свайго слова ў найгоршым варыянце, кшталту «сам слова даў — сам забраў». І тут ужо нічога не спішаш на «аб’ектыўную сітуацыю», «сусветны эканамічны крызіс» і «міжнародную абстаноўку». Пасля такога нахабнага завяршэння серыялу апраўданням наўрад ці хто паверыць.

Прасцей было б шчыра сказаць: «Мы не ў стане выканаць патрабаванні, якія да нас вылучаюцца». І, можа быць, сысці ў адстаўку, вызваліўшы месца тым, хто хаця б мае ўяўленне, як гэта можна зрабіць. Але шчырасць, як паказвае практыка, — не наш метад.