Адпачнеш на пенсіі. Куды ідуць нашыя адлічэнні і як назапасіць больш?

Кожны беларус з кожнага афіцыйнага заробку дасылае абавязковыя афіцыйныя адлічэнні ў пенсійны фонд, каб па дасягненні адпаведнага ўзросту карыстацца ўласнымі кроўнымі сродкамі на ўсю. А што, калі чалавек не дажыве да гэтага часу? Хто забірае недаатрыманыя грошы? Разбіраемся ў пытанні, якое мусіць хваляваць усіх.

had_2802_logo.jpg

Што па-сутнасці і афіцыйна ў Беларусі зараз?

Пенсійны ўзрост з 2022 для беларускіх мужчынаў — 63 гады, для кабетаў — 58.

Пенсіі па ўзросту — гэта як мінімум 55% ад сярэдняга заробку ў краіне. Пры гэтым сума не можа быць меншай, чым усталяваная заканадаўствам мінімальная пенсія.

Мінімальны памер пенсіі па ўзросту на красавік 2022 складае 25% бюджэту пражытачнага мінімуму — 74,14 руб. А разам з даплатай пры стажы працы (у памеры 20% сярэдняга заробку) — 294,60 р. Часам мінімальнымі называюць сацыяльныя пенсіі. Але гэта розныя паняткі, хаця сацыяльныя пенсіі таксама невялікія. Сацыяльныя пенсіі прызначаюцца пры адсутнасці або недастатковасці працоўнага стажу грамадзянам, з даходаў якіх не рабіліся выплаты ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Мінімальны працоўны стаж для атрымання пенсіі па ўзросту ў мужчын — 25 гадоў, у кабетаў — 20. Неабходны страхавы стаж для атрымання працоўнай пенсіі за выслугу гадоў у 2022 годзе — 18,5 гадоў. Да 2025 ён вырасце да 20-гадовага параметру.

Сярэдняя пенсія па ўзросце ў 2022 годзе — 545 рублёў.

ФСАН па стане на 2021 выплачвае пенсіі 30 тысячам замежным пенсіянерам, якія жывуць у Беларусі, а таксама 9 тысячам беларускім пенсіянерам, якія жывуць па-за межамі краіны.

Апроч дзяржаўнага ў Беларусі ёсць недзяржаўныя пенсійныя фонды.

Існуючую ў Беларусі пенсійную сістэму «Працоўны плаціць за пенсіянера» называюць салідарнай. Яна прадугледжвае, што з падаткаў працуючых зараз людзей выплачваюцца пенсіі бягучаму пакаленню пенсіянераў. Назапашвальнай называюць сістэму, пры якой людзі самі клапоцяцца аб сваёй будучай пенсіі і з пачаткам працоўнай дзейнасці самастойна робяць унёскі ў недзяржаўныя пенсійныя фонды.





З 1 кастрычніка 2022 у Беларусі адбудзецца пенсійная рэформа, заканадаўчая база якой ужо афіцыйна падрыхтаваная і падпісаная.

Згодна з новым механізмам дзеяння добраахвотнай назапашвальнай сістэмы, працаўнікам прапануюць выплачваць дадатковы ўнёсак (абавязковы зараз унёсак у 1% ад заробку застанецца) на назапашвальную пенсію ў памеры да 10% заробку. Памер кожны зможа абраць сам, але ён не павінен перавышаць 10%.

Мы разабраліся ў тым, як гэта будзе працаваць у адзінай і, вядома, дзяржаўнай арганізацыі «Стравіта». Вам не падалося: у афіцыйным загадзе прапісаная толькі адна магчымая арганізацыя. На словах заяўлена «добраахвотна», але ці сапраўды так?

Унёскі ў «Стравіце» налічваюцца і назапашваюцца на ўласным рахунку, у адрозненні ад ФСАН. Пасля сродкі змяшчаюцца ў дэпазіты, каштоўныя паперы. На думку стваральнікаў «добраахвотнай назапашвальнай сістэмы», спецыялісты такім чынам змогуць абараніць сродкі грамадзянаў ад інфляцыі. У новай пенсійнай праграме не змогуць удзельнічаць індывідуальныя прадпрымальнікі і самазанятыя, а таксама працаўнікі, у якіх працадаўца знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі або банкруцтва. Назапашванні на «другую пенсію» і выплаты робяцца ў беларускіх рублях. Патрыятычна і не практычна.

m1_2_logo.jpg

Заяўнікі праграмы сцвярджаюць, што фізічная асоба, якая заключыла дамову пенсійнага страхавання, мае права атрымаць падатковы вылік на суму выплачаных страхавых унёскаў. У выпадку, калі страхавальнік не дажыў да пенсійнага ўзросту, спадкаемцам выплачваецца назапашаная сума, у тым ліку даходнасць і бонус, за вылікам выдаткаў страхоўшчыка. Калі чалавек выйшаў на пенсію, але праз нейкі час сышоў з жыцця, спадчыннікі таксама атрымаюць яго сродкі. Калі ж вы спыніце выплачваць страхавы пенсійны ўнёсак, майце на ўвазе наступнае: атрымаць суму, якая ўжо ляжыць на вашым асабістым рахунку, можна будзе толькі па дасягненні вамі афіцыйнага пенсійнага ўзросту. Ваш рахунак у такім выпадку замаражваецца, аднак на яго працягвае налічвацца даходнасць і бонус.

Працаўнік можа выбраць адсотак адлічэнняў са свайго заробку. Працадаўца абавязаны дадаваць столькі ж, але не больш за 3%. Напрыклад, вы аддаеце ў фонд «Стравіта» 5% ад заробку, вашая арганізацыя пералічыць яшчэ 3%, агулам на вашым рахунку будзе 8% ад месячнага заробку. Пры гэтым варта дадаць, што згодна з прынятым у 2021 заканадаўствам, працадаўца не мае права адмовіцца гэта рабіць і пры жаданні працаўніка будзе вымушаны пералічваць дадатковыя сродкі ў дзяржаўны фонд.

Такім чынам дзяржава атрымлівае магчымасць карыстацца сродкамі грамадзянаў у памеры да 10% ад агульнанацыянальнага заробка пад выглядам добраахвотных адлічэнняў на дадатковую пенсію.

Альтэрнатыва існуе ў выглядзе прапановы ад Прыёрбанка — кампанія Прыёрлайф.

Зразумела, гэтая кампанія не трапляе пад манаполію дзяржаўнай «Стравіты» і можа спадзявацца на рэальна добраахвотныя звароты беларусаў.

Страхавыя пенсійныя плацяжы ўносяцца як у рублях, так і доларах і еўра (у выпадку валюты аплата і выплаты адбываюцца па курсу НБРБ на дату транзакцыі). Памер унёску чалавек абірае самастойна, унёсак залічваецца штомесячна, штоквартальна ці штогадова. Па дасягненні пенсійнага ўзросту дадатковая пенсія выплачваецца адразу ўся, пажыццёва альбо на працягу 3-15 гадоў (вызначаецца канкрэтнай дамовай). Фіксаваная норма даходнасці ўсталёўваецца на ўвесь тэрмін дзеяння праграмы. Страхавыя ўнёскі не абкладаюцца падаходным падаткам.

Гэтая альтэрнатыўная праграма дае прыклад таго, як дзейнічае: мужчына 40 гадоў пачынае рабіць штомесячныя адлічэнні на дадатковую пенсію ў памеры 35$. Пасля дасягнення пенсійнага ўзросту ў 63 гады ён штомесячна напрацягу 10 гадоў будзе дадаткова да пенсіі атрымліваць 114$. Такім чынам за 10 гадоў ён атрымае 13 698$. Акрамя таго падатковая ільгота складзе 1255$.

 Як у суседзяў?

p_010_logo.jpg

Расія

У 2002 быў зроблены пераход ад салідарнай да змешанай пенсійнай сістэмы. Сэнс пераходу складаўся ў тым, што абавязковыя пенсійныя адлічэнні грамадзянаў размяркоўваліся на базавую, назапашвальную і страхавую часткі. Працадаўца пераводзіць 22% заробку супрацоўніка на пенсійныя рахункі. З іх 6% адлічваюцца ў дзяржаўны бюджэт для фармавання фонду па выплаце гарантаванай мінімальнай пенсіі, якая мае фіксаванае значэнне і не залежыць ні ад працоўнага стажу, ні ад узроўню заробку. З 2010 дадзеная гарантаваная велічыня пенсіі проста прыплюсоўваецца да страхавой часткі пенсійных выплатаў. Наступныя 10% заробку пералічваюцца ў бюджэт на ўмоўна-назапашвальныя рахункі грамадзянаў і расходуюцца на выплаты сённяшнім пенсіянерам (страхавая частка пенсіі). Астатнія 6% адлічэнняў з заробку могуць быць перададзены фізічнай асобай любому прыватнаму пенсійнаму фонду, які ажыццяўляе кіраванне такімі рахункамі грамадзянаў. Калі чалавек самастойна не зрабіў выбар, за яго робіць дзяржава – і гэтыя сродкі з“яўляюцца на рахунку аднаго з дзяржаўных банкаў.

У 2014 быў уведзены мараторый на перавод пенсійных адлічэнняў на назапашвальныя рахункі. Усе пенсійныя плацяжы грамадзянаў былі прыплюсаваны да страхавой часткі. Міністр фінансаў Расеі Антон Сілуанаў адкрыта заявіў грамадзянам сваёй краіны: «Вы ведаеце, вашы пенсійныя назапашванні пайшлі на «Крым». Такім чынам дзяржава папросту «адціснула» грошы ў грамадзянаў.

Тое, што адбылося ў Расіі — паказчык таго, што можа зрабіць рэжым з пенсійнымі назапашваннямі і ў нашай дзяржаве.

Украіна

Пенсія ўкраінца — найменшая ў Еўропе: пры 460 доларах у Польшчы і 1000 еўра ў Францыі, ва Украіне грамадзяне старэйшыя за 60 гадоў атрымліваюць у сярэднім 130 долараў. Недзяржаўныя пенсійныя фонды існуюць ва Украіне з 2004 года.

Па стане на 2019 год ва Украіне працавалі 63 НПФ. Усяго ў сістэме НПФ удзельнічае каля 860 тыс. чалавек (менш за 5% ад агульнай колькасці занятага насельніцтва). З іх 10% ужо атрымліваюць асабістую пенсію ад НПФ. Адкладаць на пенсію ў замежнай валюце нельга: ва Украіне ў недзяржаўны пенсійны фонд можна рабіць уклад толькі ў грыўні. Закрыць пенсійны рахунак нельга, яго можна альбо замарозіць, калі больш адкладаць не атрымоўваецца, альбо перавесці грошы ў іншы недзяржаўны пенсійны фонд. Згодна з украінскім законам, недзяржаўны пенсійны фонд не можа быць прызнаны банкрутам. Але ўсё ж НПФ можа быць ліквідаваны. У гэтым выпадку ўсе зберажэнні ўкладчыкаў будуць пераведзены ў іншы НПФ на іх выбар.

Германія

Сярэдняя пенсія ў Германіі складае €1250. Частку гэтых грошай немцы атрымліваюць з дзяржаўнага пенсійнага фонду, іншую частку — ад назапашванняў на пенсію, якія ажыццяўляў працадаўца, астатняе — гэта асабістыя назапашванні ў пенсійных фондах.

Унёскі ў сістэму пенсійнага страхавання залежаць ад памеру заробку — чым больш чалавек зарабляе, тым больш ён плаціць. Пералічэннем страхавых унёскаў займаецца працадаўца. 50% унёску плаціць працаўнік, а 50% — працадаўца. Агульная сума пенсійнага ўнёску разлічваецца так: 18.6% ад заробку. Аднак існуе мяжа, пасля якой чалавек ужо не плаціць страхавыя ўнёскі: чалавеку, які атрымлівае заробак больш за 7050 еўра, налічваюцца зборы ў пенсійнае страхаванне толькі на 7050 еўра, астатняя сума вольная ад выплаты збору.

Калі чалавек працуе, зарабляючы менш за 450 еўра ў месяц, унёсак у пенсійнае страхаванне складае таксама 18.6% з заробку, але пры гэтым 15% аплачвае працадаўца і толькі 3.6% працаўнік.

Польшча

У Польшчы ёсць два віды пенсійных назапашванняў: дзяржаўная пенсія і прыватная пенсія, якую выплачвае прыватная кампанія.

Памер мінімальнай пенсіі ў Польшчы ў 2022 годзе складае 1300 злотых (каля 280 еўра). Памер сярэдняй пенсіі — 4200 злотых (каля 900 еўра).

Унёсак на пенсійнае страхаванне складае 19,52% ад заробку. Новыя правілы выхаду на пенсію ўступілі ў сілу ў Польшчы з 2017 года. Зараз кабеты змогуць сысці з працы ва ўзросце 60 гадоў, а мужчыны — 65 гадоў. Паніжэнне пенсійнага ўзросту стала ключавым перадвыбарным абяцаннем кансерватыўнай партыі «Права і Справядлівасць». Яны адмянілі пенсійную рэформу 2012 года папярэдняга, ліберальнага урада «Грамадзянскай Платформы», якая ў канчатковым выніку павялічыла б пэнсійны ўзрост да 67 як у кабетаў, так і ў мужчынаў.

 Што ў выніку?

На гэты момант спадзявацца на дзяржаўную сістэму пенсійнага страхавання — справа дастаткова спрэчная. Рэкамендаваць можна толькі самастойны клопат пра годнае жыццё на схіле гадоў.

Трэба памятаць, што чым менш у дзяржавы маральных арыенціраў, тым менш яна думае пра эканамічна неактыўныя колы насельніцтва. Такім чынам дзяржава не зацікаўленая ў павышэнні якасці жыцця грамадзянаў сталага ўзросту, на якіх трэба выдаткоўваць прарадзелыя рэсурсы з бюджэту. Характар паводзінаў беларускіх чыноўнікаў падчас пандэміі каронавіруса вельмі красамоўна нам пра гэта нагадаў.

Беражыце сябе і свае грошы.

Фота Павел Хадзінскі