Алег Волчак: дэпутаты хочуць надаць рамкі закона прамым парушэнням Канстытуцыі
Праваабаронца Алег Волчак лічыць, што ўзмацненне жорсткасці КаАП — падрыхтоўка да вясны. Яно супярэчыць Канстытуцыі.
Чаму ўзмацненне жорсткасці КаАП прывядзе да яшчэ больш моцнай незадаволенасці грамадства ўладай і што пагражае дэпутатам, якія хочуць надаць законнасць парушэнням Канстытуцыі?
Са згоды дэпутатаў можа ўступіць у сілу новы Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Паколькі дакумент змяшчае нормы, якія супярэчаць Канстытуцыі РБ, ён пасля можа стаць прысудам для саміх заканадаўцаў. Пра гэта заявіў "Салідарнасці" кіраўнік праваабарончага цэнтра "Прававая дапамога насельніцтву" Алег Волчак.
— У 2012 годзе Камітэт па правах чалавека ААН, калі разглядаў маё затрыманне ў Цэнтральным РУУС на трое сутак, прыйшоў да высновы, што яно незаконнае, што кіраўнік РУУС не можа без рашэння суда пазбаўляць чалавека волі. Цяпер прапаноўваюць супрацоўнікам МУС дазволіць накладваць арышт самастойна, — гэта значыць, вешаюць на іх функцыі суда.
У цэлым, новая рэдакцыя кодэкса ўзмоцненая праз грашовыя штрафы, увядзенне грамадскіх работ.
Міжнародныя праваабаронцы наогул лічаць, што арышт трэба выключыць з відаў пакарання па адміністрацыйных справах. Гэтая мера для вельмі выключных выпадкаў, для адміністрацыйных правапарушэнняў ёсць іншыя меры спагнання.
У любым выпадку, змены ў заканадаўчыя акты павінны ісці ў рамках Канстытуцыі. Але, лічу, усё, што прапануецца ў дадзеным выпадку, з'яўляецца прамым парушэннем артыкула 23 Канстытуцыі: "Абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб», — адзначыў праваабаронца.
На думку Алега Волчака, прапанаваныя новаўвядзенні ў Кодэкс маюць выключна палітычны падтэкст.
— Відавочна, што ўсе гэтыя папраўкі, звязаныя з абмежаваннем свабодаў грамадзян, маюць палітычны сэнс і рыхтуюцца спецыяльна да вясны, калі чакаюцца масавыя пратэсты.
Але якраз само ўзмацненне жорсткасці кодэкса можа прывесці да яшчэ больш моцнай незадаволенасці. Суды і цяпер практычна не даюць мінімальнае пакаранне ў выглядзе папярэджання, а зараз яго хочуць прыбраць наогул. Ні ў адным судзе, калі караюць чалавека 15-цю суткамі, не вывучаюць матэрыялы, якія яго характарызуюць, хоць абавязаны гэта рабіць.
За правапарушэнне па артыкулу 23.34, здзейсненае паўторна, пакаранне павялічваецца да 30 сутак. А могуць і наогул крымінальную справу завесці.
Нягледзячы на тое, што такое доўгае ўтрыманне, як 30 сутак, да гэтага часу лічылася незаконным, яно ўсё роўна ўжывалася. Тую ж Вольгу Хіжынкову не выпускалі больш за сорак сутак, хоць паміж арыштамі павінен быць перапынак.
Даволі рэдка ў выглядзе пакарання ўжываліся мінімальныя штрафы, у асноўным адразу вялікія.
А цяпер іх сумы хочуць павялічыць да памераў, якія больш падыходзяць пад пакаранне за крымінальную адказнасць. 100—200 базавых велічынь... Такое адчуванне, што гэтыя нічым не абгрунтаваныя лічбы проста ўзятыя са столі. З такім жа поспехам яны могуць прапанаваць і штраф у памеры тысячы базавых велічынь.
Але гэта сумы, несувымерныя з даходамі грамадзян, ніхто іх усё роўна не зможа выплачваць. Будзе сур'ёзны канфлікт.
Не перастануць людзі і супраціўляцца супрацоўнікам міліцыі, таму што на самай справе яны гэта робяць не для таго, каб прычыніць нейкую шкоду, а ў мэтах самаабароны. Людзі проста абараняюцца, яны вымушаныя ўжываць неабходную абарону, калі іх б'юць дубінкамі! — адзначыў Алег Волчак.
Спробамі запалохаць людзей улада ўзмацняе канфлікт з грамадзянскай супольнасцю — і выклікае зусім адваротную рэакцыю, упэўнены кіраўнік праваабарончай арганізацыі.
— Высноў тут некалькі. Па-першае, зразумела, што ўлада не хоча ісці на прымірэнне з грамадзянскай супольнасцю і шукаць нейкі кампраміс.
Яны спадзяюцца запалохаць людзей. Але ці магчыма гэта? Калі чалавеку дадуць непад'ёмны штраф, выганяць з працы, ён застаецца без сродкаў — гэта, наадварот, узлуе яго яшчэ больш. Узгадайце, як у 2017 годзе судовыя прыставы спрабавалі апісваць маёмасць у "дармаедаў". Гэта прывяло да масавых мітынгаў.
І цяпер будзе бунт. Дзіўна, што людзі, якія прымаюць такія законы (не магу называць іх народнымі выбраннікамі), не разумеюць, што пацерпяць і іх родныя, сябры, знаёмыя.
Акрамя гэтага, на дэпутатаў разам з супрацоўнікамі МУС ляжа адказнасць за пагаршэнне становішча грамадзян, якое супярэчыць прававым нормам. Хочуць надаць рамкі закона прамым парушэнням Канстытуцыі! За гэта яны падпадаюць пад люстрацыю з забаронай займаць розныя пасады.
Таксама, калі ў краіне будзе працаваць незалежны суд, людзі, якія пацярпелі ад новых нормаў кодэкса, змогуць падаць пазовы да канкрэтных дэпутатаў, якія галасавалі «за».
Саміх грамадзян хачу папрасіць ні ў якім разе не здавацца, не ленавацца і абскардзіць усе прысуды аж да Вярхоўнага суда, — адзначыў Алег Волчак.
Паводле gazetaby.info
Пераклад НЧ